Вы тут

У Беларусі ўзмоцнены санэпідэміялагічны нагляд з-за распаўсюджвання каранавіруса ў Еўропе


Міністэрства аховы здароўя з 24 лютага ўзмацніла санітарна-эпідэміялагічны нагляд у сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса COVID-19 у Еўрапейскім рэгіёне і іншых краінах свету, паведаміла прэс-служба ведамства.


«Арганізаваны ўзмоцнены санітарна-каранцінны кантроль за асобамі, якія прыбываюць з Італіі, і медыцынскае назіранне за імі. Унесеныя дапаўненні ў "Комплексны план мерапрыемстваў па папярэджанні завозу і распаўсюджвання каранавіруса COVID-19", прадугледжаныя дадатковыя мерапрыемствы ў дачыненні да грамадзян, якія прыбываюць з закрытых на каранцін краін, — гаворыцца ў паведамленні ведамства. — У тым ліку ўзмоцненыя меры бяспекі, арганізаваны дадатковы пункт санітарна-каранціннага кантролю і забору матэрыялу для правядзення лабараторных даследаванняў у нацыянальным аэрапорце Мінск. Міністэрства аховы здароўя Беларусі рэкамендуе сваім грамадзянам па магчымасці ўстрымацца ад наведвання тых рэгіёнаў паўночнай часткі Італіі, дзе аб’яўлены каранцін».

У рэлізе адзначаецца, што сёння кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Уладзімір Каранік правёў нараду, у якой узялі ўдзел намеснікі міністра спорту і турызму. Чыноўнікі ўдакладнілі графік знаходжання ў Беларусі замежных спартсменаў, абмеркавалі пытанні перамяшчэння дэлегацый падчас міжнародных спаборніцтваў, распрацавалі план, які прадугледжвае «дадатковыя мерапрыемствы» для спартсменаў і членаў дэлегацый.

На 24 лютага праз санітарны кантроль на дзяржмяжы Беларусі прайшлі 568.519 чалавек, у тым ліку 1.137 чалавек, якія знаходзіліся ў Кітаі на працягу папярэдніх 14 дзён. У 27 чалавек выяўленыя сімптомы рэспіраторнага захворвання, вынікі лабараторнага даследавання адмоўныя.

Усяго з сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі выяўлена 82 чалавекі, якія раней знаходзіліся ў Кітаі. Усе яны шпіталізаваныя ў інфекцыйныя стацыянары, дзе атрымалі неабходную меддапамогу і прайшлі праз лабараторныя даследаванні. «У шасці выпадках былі ідэнтыфікаваныя вірусы грыпу (вірус грыпу В і вірус грыпу А (H1N1), у адным выпадку — іншыя рэспіраторныя вірусы, у шасці выпадках — мікаплазма, у адным выпадку — мікст-інфекцыя (вірус грыпу А (H1N1) + мікаплазма). У 68 выпадках — вынікі даследаванняў на вірусы адмоўныя», — адзначылі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Зараз у краіне пад медыцынскім наглядам знаходзяцца 542 чалавекі. У дачыненні да 712 асобаў медыцынскае назіранне завершанае.

У Беларусь прыбылі 325 студэнтаў з КНР, якія навучаюцца ў беларускіх ВНУ. «З іх 141 студэнт зараз знаходзіцца пад медыцынскім наглядам у САК"Брыганціна" і ў Мінскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі "Загор’е", за 184 студэнтамі медыцынскае назіранне скончанае», — паведаміла ведамства.

На 24 лютага ў ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» прыбыло 196 работнікаў з КНР, у індустрыяльны парк «Вялікі камень» — 69. Яны часова ізаляваныя ў асобныя памяшканні і знаходзяцца пад медыцынскім наглядам. «Сімптомы інфекцыйных захворванняў у дадзеных асоб адсутнічаюць», — падкрэсліла прэс-служба.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнай камісіі аховы здароўя КНР, на 8.00 24 лютага зарэгістравана 77.262 выпадкі захворвання. Абвешчана аб зніжэнні ўзроўню пагрозы захворвання на каранавірус у правінцыях Юньнань і Гуйчжоу з першага (найвышэйшага) узроўню да трэцяга, Гуандун і Шаньсі — з першага да другога. Раней пра зніжэнне ўзроўню небяспекі заявілі медыцынскія ўлады правінцый Ганьсу і Ляанін.

Пацверджаны 2.101 выпадак захворвання ў 28 краінах (Аўстралія, Бельгія, Вялікабрытанія, В’етнам, Германія, Егіпет, Ізраіль, Індыя, Іран, Іспанія, Італія, Камбоджа, Канада, Лівія, Малайзія, Непал, ААЭ, Расія, Сінгапур, ЗША, Тайланд, Філіпіны, Фінляндыя, Францыя, Швецыя, Шры-Ланка, Паўднёвая Карэя, Японія).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».