Вы тут

У Маладзечне двое зламыснікаў напалі на работніка крамы і выкралі ўсю выручку


Каб ажыццявіць свае планы, яны зайшлі з чорнага ходу гандлёвага аб’екта і распылілі газ, паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама.


Позна ўвечары на лінію 102 у Маладзечанскі РАУС паступіла паведамленне, што невядомыя праніклі ў краму адзення і абутку, размешчаную па вуліцы Прытыцкага, дзе, напаўшы на работніка і распыліўшы газ, выкралі з сейфа ўсю выручку.

Адразу ж на месца здарэння выехала следча-аператыўная група. Праваахоўнікі апыталі пацярпелага і вывучылі запісы з камер відэаназірання, размешчаных на бліжэйшых будынках. Было ўстаноўлена, што двое зламыснікаў праніклі ў краму праз незачыненыя службовыя дзверы з тарца будынка, пырснулі невядомым газам у твар 21-гадоваму работніку і, скарыстаўшыся збянтэжанасцю маладога чалавека, выкралі з сейфа 3 250 рублёў, пасля чаго зніклі ў невядомым накірунку. Пры гэтым, верагодна, каб навесці аператыўнікаў на няправільны след, сказалі работніку перадаць дырэктару “прывітанне ад таджыкаў”.

На вышук злачынцаў былі арыентаваны ўсе супрацоўнікі і нарады міліцыі, якія нясуць службу. Былі адпрацаваны меркаваныя шляхі адыходу рабаўнікоў і бліжэйшыя тэрыторыі, аднак затрымаць зламыснікаў па “гарачых” слядах не ўдалося. Была заведзена крымінальная справа за рабаванне, санкцыя якой прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

У ходзе правядзення далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі меркаваных рабаўнікоў. Адным з іх апынуўся беспрацоўны жыхар Маладзечна, 26-гадовы грамадзянін Узбекістана. Як высветлілася, мужчына быў выдатна знаёмы з дырэктарам крамы і не раз бываў у яго, добра арыентаваўся ў памяшканні, ведаў, дзе размешчаны сейф і ключы, а таксама якая сума звычайна ў ім захоўваецца. Таму спланаваць злачынства для яго аказалася справай нескладанай, у памочнікі ён абраў сабе 21-гадовага беспрацоўнага жыхара Маладзечанскага раёна. У абодвух падазраваных гэта першы крымінальны выпадак у біяграфіі.

У хуткім часе аператыўнікі затрымалі мужчын. Тыя не сталі адмаўляцца і прызналіся ў зробленым. Ідэальны, з іх пункту гледжання, план яны выношвалі некалькі дзён, пільна сочачы за працаўнікамі крамы па вечарах. На злачынства, па словах падазраваных, іх падштурхнуў недахоп грошай. Верагодна, яны хацелі завалодаць некалькімі дзясяткамі тысяч рублёў. Аднак змоўшчыкам у той дзень не пашанцавала — у сейфе было крыху больш за 3000 рублёў. Як распавялі самі саўдзельнікі, здабычу яны падзялілі і накіраваліся “баляваць” у сталіцу. Частка выкрадзеных грошай была канфіскавана ў грамадзяніна Узбекістана, астатнія яны ўжо паспелі выдаткаваць.

Асноўны падазраваны арыштаваны, у дачыненні да яго саўдзельніка абрана мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».