Цэнтральны апарат Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз наведала дэлегацыя з Агенцтва па барацьбе з наркотыкамі ЗША. Выканаўца абавязкаў Рэгіянальнага дырэктара па рэгіёне Сярэдняга Усходу Майкл П. Навакоскі і старшыня ДКСЭ Андрэй Швед падпісалі адмысловы мемарандум аб супрацоўніцтве.
Цяпер дзве краіны будуць вельмі шчыльна супрацоўнічаць на ніве барацьбы з наркатрафікам. Сярод прыярытэтных кірункаў — абмен інфармацыяй пра крыніцы паходжання наркотыкаў, іх аналагаў, прэкурсораў і метады іх устанаўлення; новыя віды наркотыкаў, іх спосабы і метады даследавання, у тым ліку параўнальныя метады. А таксама — выкарыстанне найноўшага аналітычнага абсталявання, якое прымяняецца падчас экспертызы новых псіхатропаў.
— У Злучаных Штатах асаблівую небяспеку ўяўляюць гераін, фентаніл і разнастайныя апіёіды, — зазначыў Майкл П. Навакоскі. — Але гэта ўласціва не толькі для нашай краіны, а для ўсяго свету. Калі я толькі заступіў на цяперашнюю пасаду, мяне праінфармавалі, што наркагандляры выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі ў якасці транзітнай. Прычым як з усходу на захад, так і ў адваротным напрамку. Цяпер жа мы аб'ядноўваем нашы высілкі, каб разам супрацьстаяць пагрозе.
Здавалася б, магчымасці ЗША і Беларусі проста непараўнальныя па многіх кірунках. Але ў нашай краіне створана цікавая сістэма, скіраваная на прафілактыку з'яўлення новых, пакуль яшчэ непадкантрольных рэчываў.
— Амерыканскія калегі адзначаюць, што аналагаў такой методыкі ў свеце не існуе, — адзначыў старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэй Швед. — Калі ў многіх краінах ад з'яўлення новага наркатычнага рэчыва да ўнясення яго ў спіс забароненых праходзіць ад шасці да васямнаццаці месяцаў, то ў Беларусі гэты час змяншаецца да двух сутак. Дзейнічае такая сістэма з красавіка 2014 года, і за гэты час «наркаспісы» папоўнілі 250 новых рэчываў. Мы, у сваю чаргу, зацікаўлены, каб калегі з ЗША таксама перадавалі нам аналагічную інфармацыю, і будзем дзяліцца сваімі напрацоўкамі з імі.
Мемарандум разлічаны не толькі на ўзаемны абмен інфармацыяй, але і на двухбаковае навучанне і стажыроўку амерыканскіх і беларускіх спецыялістаў.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Прэв'ю: sudexpert.gov.by
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!
Ідэнтычнасць праз спадчыну.
Беларусь — у тройцы лідараў па захваральнасці.