Вы тут

«Звязда» знаёміць чытачоў з беларусамі, якія былі поўнымі кавалерамі ордэна Славы


Напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі «Звязда» запускае новы праект. Сумесна з Музеем гісторыі Узброеных Сіл Беларусі мы будзем знаёміць чытачоў з ваенным шляхам поўных кавалераў ордэнаў Славы, якія паходзяць з нашай краіны.

Гэтая ўзнагарода была заснавана 8 лістапада 1943 года. Яе з'яўленню папярэднічала вызваленне Кіева, якое адбылося двума днямі раней. Байцы праявілі такую мужнасць пры фарсіраванні Дняпра, што існуючых на той час узнагарод не хапала, каб аддзячыць радавы і сяржанцкі састаў за подзвігі. Узнагароджваць ордэнам Славы маглі радавых, сяржантаў, а таксама малодшых лейтэнантаў Ваенна-паветраных сіл.

Крытэрыі для атрымання ўзнагароды былі жорсткія. Напрыклад, знаходзячыся ў танку, які загарэўся, працягваць выконваць баявую задачу; з асабістай зброі стральбой знішчыць ад 10 да 50 салдат і афіцэраў праціўніка; асабіста захапіць у палон варожага афіцэра; рызыкуючы жыццём, выратаваць у баі камандзіра ад небяспекі; грэбуючы асабістай бяспекай, захапіць у баі варожы сцяг; параненым пасля перавязкі зноў вярнуцца ў строй; з асабістай зброі збіць самалёт саперніка; імкліва ўрэзаўшыся на сваім танку ў калону саперніка, скамячыць яе і працягваць выконваць баявую задачу; здабыць каштоўныя звесткі падчас разведкі. І гэта толькі кароткі пералік.

...У Беларусі, на жаль, ужо не засталося ў жывых поўных кавалераў ордэна Славы. Апошні з іх — Віктар Веташкін, які камандаваў мінамётным разлікам, адышоў у лепшы свет у чэрвені 2015 года. Тым каштоўнейшыя цяпер здымкі ветэранаў, зробленыя ў мінулыя дзесяцігоддзі нашым фотамайстрам Анатолем Клешчуком.


Аніс Клопаў

Аніс Андрэевіч Клопаў нарадзіўся ў вёсцы Наваселле Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў маі 1914 года. У Чырвоную Армію трапіў у 1938-м. Аніс Клопаў прайшоў усю вайну — ваяваў усе 1418 дзён. Змагаўся ён на чатырох франтах — Заходнім, Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім і 3-м Беларускім. Падраздзяленні, у якіх праходзіў службу, бралі ўдзел у вызваленні Літвы і Беларусі.

Малодшы сяржант Аніс Клопаў даслужыўся да камандзіра сапёрнага аддзялення. Спярша ён быў пехацінцам, пасля яго перавялі ў 4-ю асобную штурмавую брыгаду рэзерву галоўнага камандавання. 20-ы інжынерна-штурмавы сапёрны батальён, у які трапіў Аніс Андрэевіч, шчыраваў на тэрыторыі Усходняй Прусіі. Гэтае падраздзяленне лічылася вельмі кваліфікаваным, і таму яно заўжды задзейнічалася ў самых складаных сітуацыях.

Шлях да поўнага кавалера ордэна Славы заняў у малодшага сяржанта Клопава тры месяцы 1945 года. У пачатку студзеня ён размініраваў міннае поле шырынёй у 40 метраў паблізу населенага пункта Дрэвенінгкен (цяпер горад Несцераў Калінінградскай вобласці Расіі). За гэта быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені. Крыху больш чым праз месяц ён адным з першых фарсіраваў раку Штрадзік у баях за населены пункт Вангнікен (цяпер — пасёлак Еніна). Дзякуючы яго прыцэльнаму агню з кулямёта нямецкія войскі не далічыліся 20 чалавек. Пасля ў ліку першых Аніс Клопаў пераправіўся праз раку і захапіў у палон на назіральным пункце двух салдат ворага. Гэты подзвіг стаў падставай узнагародзіць яго ордэнам ІІ ступені.

...6 красавіка каля Кёнігсберга савецкія войскі прарвалі абарону немцаў. Міннае поле, загадзя імі падрыхтаванае, не стала перашкодай для Аніса Клопава. Ён зрабіў там праход, па якім і ўварваўся ў траншэі ворага, дзе скасіў прыцэльным агнём трынаццаць гітлераўцаў. Варожая куля зачапіла і малодшага сяржанта Клопава, але месца бою ён не пакінуў.

Аніс Клопаў паўдзельнічаў і ў знакамітым Парадзе Перамогі ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года. А вось чарговая ўзнагарода чакала яго доўга. Толькі ў маі 1946 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР узнагародзіў яго ордэнам Славы І ступені.

Толькі праз восем гадоў пасля дэмабілізацыі Аніс Андрэевіч вярнуўся на сваю радзіму. Ва Ушачах ён спачатку працаваў у міліцыі, пасля на прамысловым камбінаце. Памёр у пачатку лютага 1995 года.


Уладзімір Мотуз

На момант пачатку вайны яму споўнілася ўсяго сямнаццаць гадоў. Хлопец вучыўся ў рамесніцкім вучылішчы ў Ленінградзе. Там жа ён перажыў і першую блакадную зіму. Знясіленага хлопца вывезлі па Дарозе жыцця. Ён трапіў далёка ў тыл — у Куйбышаў. Як толькі ўстаў на ногі — папрасіўся на фронт...

У баявую часць Уладзімір трапіў у 1943 годзе. З восені служыў у 1037-м стралковым палку 223-й стралковай дывізіі. У паслужным спісе — баі на Паў-
днёва-Заходнім, 2-м і 3-м Украінскім франтах.

З 15 кастрычніка па 23 лістапада 1943-га войскі 2-га Украінскага фронту праводзілі Пяціхацкую наступальную аперацыю. Мэтай савецкіх войскаў было вяртанне Крывога Рога. Але прабіцца да горада нашым часцям не ўдалося, паколькі яны сустрэлі
жорсткае супраціўленне. У выніку яны перайшлі
да суцэльнай абароны. І 223-я стралковая дывізія заняла пазіцыі на беразе ракі Інгулец. Але разам з тым яна перашкаджала немцам замацавацца на тактычна выгадных вышынях, адбіваючы контратакі і вяртаючы пад свой кантроль некаторыя паселішчы. Так, у баі, які адбыўся 14 лістапада каля сяла Багданаўка, што размешчана ў Пятроўскім раёне Кіраваградскай вобласці, Уладзімір Мотуз першым уварваўся ў размяшчэнне немцаў і вёў па іх прыцэльны аўтаматны агонь. Паказаны ім прыклад заахвоціў байцоў, і яны неўзабаве занялі сяло. Уладзімір Мотуз вярнуўся з нядрэнным уловам — ён захапіў «языка» з каштоў-
нымі сакрэтнымі дакументамі. Гэта стала нагодай для ўзнагароджання ордэнам Славы III ступені.

Неўзабаве Уладзімір Мотуз папрасіўся перайсці ў палкавую разведку. Просьбу задаволілі. Баец зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку. У групе захопу ціха падпоўз да варожых траншэй і закідаў іх гранатамі. Пасля замяніў цяжка параненага падчас адной з аперацый па захопе «языка» камандзіра. Быў яшчэ шэраг вельмі адказных заданняў. А ордэн Славы II ступені ён атрымаў не так хутка. Напрыканцы жніўня 1944 года падчас Яска-Кішынёўскай наступальнай аперацыі войскі 3-га Украінскага фронту пачалі Кішынёўска-Ізмаільскую аперацыю, мэтай якой было імклівае вызваленне тэрыторыі Малдовы. Падчас наступлення на сяло Танатары сяржант Мотуз падпоўз да варожага агнявога пункта і закідаў яго гранатамі. Дзякуючы гэтаму нашы войскі і авалодалі сялом.

...Сакавік 1945 года Уладзімір Мотуз сустрэў у цяжкіх баях у Венгрыі. Ішла Венская наступальная аперацыя. У складзе разведвальнай групы сяржант Мотуз зайшоў у вёску Варгестэш. Там ён знішчыў агнявы пункт, які перашкаджаў савецкаму наступу, і захапіў у палон двух ворагаў. Падчас бою за вёску Вертэшомла разведвальная група перарэзала кабель сувязі, захапіла кулямёт і склад з боепрыпасамі. За гэты подзвіг Уладзімір Мотуз быў прадстаўлены да ордэна Славы I ступені.

Дэмабілізаваўся ў 1950 годзе і пераехаў у Мінск. Спачатку працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце, пасля пераехаў на радзіму ў Петрыкаўскі раён, дзе шчыраваў на ніве механізацыі сельскай гаспадаркі раёна. Памёр у 1996 годзе.


Пётр Бандарчук

Пакручасты баявы шлях Пятра Бандарчука пачаўся даволі позна — у 33 гады. Але нічога дзіўнага ў гэтым няма. Пётр Хведаравіч нарадзіўся і жыў у вёсцы Забароўцы Пінскага раёна. З-за блізкасці гэтай мясцовасці да тагачаснай заходняй мяжы СССР родная вёска трапіла пад акупацыю немцамі літаральна ў першыя дні. Так наш герой і застаўся на акупаванай тэрыторыі.

...Праз тры гады, у жніўні 1944-га, яго прызваў на службу мясцовы райваенкамат. Увесь франтавы шлях Пятра Хведаравіча непарыўна звязаны з 275-м стралковым палком 117-й стралковай дывізіі на 1-м Беларускім фронце. Ён прымаў удзел у цяжкіх баях за Познань у лютым 1945 года. Вялікая групіроўка вермахта была ўзята ў кацёл. Пры гэтым сама Познань была істотным цэнтрам стратэгічнай абароны нацыстаў. У гэтых баях ён заслужыў два ордэны Славы. Пры захопе плацдарма на рацэ Вісла кулямётчык двое сутак адбіваўся ад немцаў, чакаючы, пакуль падыдуць асноўныя сілы батальёна. 21 лютага 1945 года камандзір 117-й стралковай дывізіі Ермалай Кабярыдзэ асабіста ўручыў радавому Бандарчуку ордэн Славы ІІІ ступені. І адразу ж — у новы бой...

Падчас баёў за Познань у канцы лютага 1945 года разам з напарнікам ён авалодаў апорным пунктам немцаў, дзе знішчыў сем ворагаў. А пасля ў баі замяніў раненага камандзіра і ўзяў кіраванне падраздзяленнем на сябе, дзякуючы чаму праціўнік не здолеў вырвацца з акружэння. На жаль, дзве пачэсныя ўзнагароды — ордэны Славы ІІ і І ступені — Пётр Хведаравіч атрымаў толькі пасля вайны. Прычынай таго, што на гэта сышло два і дзесяць гадоў адпаведна, стала памылка ў дакументах, якую ўдалося выправіць далёка не адразу. Атрымалася, што Пётр Бандарчук быў узнагароджаны ажно трыма ордэнамі Славы ІІІ ступені.

І толькі ў 1955 годзе Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прызнаў памылку і адмяніў два ўказы аб узнагароджанні, датаваныя 1945 і 1947 гадамі. Замест двух ордэнаў Славы ІІІ ступені ён атрымаў узнагароды ІІ і І ступені. Так і стаў поўным кавалерам.

Пасля вайны Пётр Хведаравіч вярнуўся да сябе на радзіму на Палессе. Быў цесляром у калгасе. Памёр у 1996-м годзе.


Міхей Мінчанкаў

Пераўзнагароджанне закранула і нашага апошняга на сёння героя. Праўда, адбылося яно ажно ў 1966 годзе. Але аб усім па парадку.

Міхей Мітрафанавіч нарадзіўся ў Мсціслаўскім раёне ў 1913-м годзе. На фронт трапіў, калі яму споўнілася трыццаць гадоў. Служыў у 297-м стралковым палку на 3-м Беларускім фронце. У жніўні 1944-га разам з іншымі байцамі адбіў некалькі контратак ворага каля літоўскай вёскі Блюдш і ўтрымаў займаны ім рубеж, пакуль не падышло папаўненне. Дзякуючы прыцэльнаму агню гітлераўцы не далічыліся ў сваіх шэрагах пятнаццаць салдат і аднаго афіцэра. Ордэн Славы ІІІ ступені Міхей Мінчанкаў атрымаў літаральна праз два тыдні.

Наступную ўзнагароду наш герой здабыў таксама на тэрыторыі Літвы. У кастрычніку 1944-га, калі савецкія войскі адбівалі адну за другуюй нямецкія контратакі каля мястэчка Наўямесціс, ён непрыкметна прабраўся ў фланг ворага і пачаў прыцэльную страляніну па акупантах. Шэсць гітлераўцаў былі забіты адразу, яшчэ адзінаццаць тут жа здаліся ў палон. Ордэн Славы ІІ ступені знайшоў яго толькі праз тры месяцы.

Падобны манеўр Міхей Мітрафанавіч ажыццявіў ва Усходняй Прусіі 17 красавіка 1945-га, калі баі ішлі на подступах да Кёнігсберга. У гэты час ён ужо быў камандзірам стралковага аддзялення 9-га гвардзейскага стралковага палка, меў званне сяржанта. Падчас адбіцця чарговай контратакі ён зайшоў з падначаленымі байцамі ў тыл ворага і раптам адкрыў агонь. Гэта паспрыяла таму, што контратака была тут жа згорнута.

За гэты ўчынак Міхей Мітрафанавіч быў паўторна ўзнагароджаны ордэнам Славы ІІ ступені. Агулам жа час вайны варожыя кулі яго насцігалі тройчы. Але і сам ён паставіў кропку ў жыцці 125 гітлераўцаў. Пасля вайны вярнуўся на радзіму, працаваў і жыў у Мсціславе.

І толькі 24 кастрычніка 1966 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР гвардыі старшына запасу Міхей Мінчанкаў быў пераўзнагароджаны ордэнам Славы І ступені. Так ён і стаў поўным кавалерам. Пражыў ён у гэтым званні амаль 37 гадоў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пра што ўлада сённяшняя гаворыць з уладай будучай?

Пра што ўлада сённяшняя гаворыць з уладай будучай?

Кіраўнік сталіцы сустрэўся з таленавітай моладдзю.

Кіно

З сямі конкурсных праграм кінафестывалю «Лістапад» адна сёлета была прысвечана беларускаму кіно

З сямі конкурсных праграм кінафестывалю «Лістапад» адна сёлета была прысвечана беларускаму кіно

Пры тым што айчынныя стужкі былі ўключаны таксама і ў іншыя — міжнародныя конкурсы, — вырашылі рабіць асобна нацыянальны. 

Грамадства

Дыхаць на поўныя грудзі ў гарадах дапаможа развіццё экалагічнага транспарту

Дыхаць на поўныя грудзі ў гарадах дапаможа развіццё экалагічнага транспарту

У Беларусі распрацавана і рэалізуецца Стратэгія інавацыйнага развіцця транспартнага комплексу да 2030 года.