Вы тут

На пляцоўцы ОК16 прэзентавалі спектакль па знакамітай п’есе Дзмітрыя Данілава


Пасля спектакля «Сярожа вельмі тупы» Дзмітрыя Багаслаўскага па п’есе Дзмітрыя Данілава скура будзе заходзіцца дрыжыкамі на словах: «Добры дзень, будзем на працягу гадзіны, вам зручна?», калі гэты спектакль дагрукаецца да вашай рэчаіснасці, каб прымусіць задаваць пытанні пра тое, што адбываецца з вамі і вакол вас падчас камунікацый з незнаёмымі людзьмі.


Галоўны герой — Сяргей Мікалаевіч Панцялееў (Дзмітрый Давідовіч) — чакае пасылку. Яму абяцалі: «Будзем на працягу гадзіны». У Сержукову аднапакаёўку прыязджаюць кур’еры (тры), каб аддаць пасылку (адну). І кур’еры робяць гэтае «будзем» на працягу гадзіны ў кватэры, размаўляючы з героем, сустракаючы яго жонку (Ірына Якавец), усё ж такі пакідаюць пасылку, калі гадзіна нарэшце мінае, і з’язджаюць — таксама нарэшце.

Дзмітрый Багаслаўскі ў сваіх п’есах і спектаклях звычайна працуе з бытавымі гісторыямі, якія не з’яўляюцца ідэальнай нормай існавання чалавека, але ўжо быццам бы ўспрымаюцца той самай нормай, якая не бянтэжыць. Рэжысёр выцягвае на сцэну метафары штодзённасці, як, напрыклад, у сваім папярэднім спектаклі паводле п’есы таго ж драматурга — «Чалавек з Падольска» (Маладзёжны тэатр). Яго працы пстрыкаюць пальцамі перад вачыма гледача, праз абсурдысцкую абалонку прапануючы звярнуць увагу на будзённае, прыраўнаванае да сацыяльнай нормы. Дзмітрый Багаслаўскі ў афішы — гэта паўсядзённасць, якая адцяняецца і падсвятляецца абсурдам, змяшчаецца ў кантэкст, што робіць яе дзіўнай, выводзіць з «аўтаматызму ўспрымання».

«Сярожа вельмі тупы» — пра ўсе тыя бытавыя канфлікты, якія могуць нас раздражняць, але мы ўжо практычна перасталі звяртаць на гэта ўвагу. Бытавыя канфлікты сталі настолькі часткай нашай штодзённасці, што ўспрымаюцца як нешта звычайнае і аўтаматычнае, прынятае за норму. Але тэкст п’есы дакручвае ўсе гэтыя будзённыя дыялогі да абсурду.

У п’есе — і спектаклі — бачыцца схаваны бытавы шыфр. І ў спектаклі, і ў жыцці «кур’еры» хочуць пачуць не меркаванне свайго героя, а жорсткі рэгламентаваны адказ, які быццам вядомы загадзя: табе даюць першы радок кода, а ты павінен адгукнуцца другім радком. Героі гуляюць у гарады, дзе адно названае слова цягне за сабой камбінацыю, якая заўсёды павінна ісці менавіта пасля гэтай назвы. І вось надыходзіць чарга Сяргея называць свой горад, але намацаць тое, што неабходна назваць зараз, можна толькі інтуітыўна, таму што ніхто не прапанаваў загадзя азнаёміцца з усім зборам «няпісаных правілаў». Герой не разумее, што ён павінен адказаць, бо не ведае код: «Сярожа вельмі тупы». Сярожа вельмі тупы, таму што ён не ведае правільнага адказу на пытанні пра яго ўласнае жыццё і ўласнае меркаванне.

Пачынаючы з «мы будзем на працягу гадзіны» тэкст гуляе са шматзначным «мы», дзе адразу на паверхню выкараскваецца выкарыстанне «мы» замест «я», якое нівелюе асобу, зацірае яе за абагульненнем. Тэкст гуляе з бюракратычнай тэмай, дзе замест аднаго чалавека прыязджаюць тры. Сама п’еса задае тэматычна вельмі падрабязны разбор рэчаіснасці, дзе за парай рэплік прыхаваны шматслойны праблемны пласт.

У Сярожы на цішотцы «404 Notfound» — якраз пра тое, чаму ён тупы. Памылка «404» — гэта стандартны адказ HTTP пра тое, што кліент быў у стане камунікаваць з серверам, але сервер не можа знайсці даныя згодна з запытам. Сервер-Сярожа не можа знайсці правільны адказ на код, і ў яго атрымліваецца няправільна адказаць на пытанне, чаму ж яму трыццаць, ёсць жонка і няма дзяцей. Хоць, здавалася б, ці можа тут быць няправільны адказ?

На чые ж пытанні не можа адказаць Сярожа? З кім Сярожа сядзіць «на працягу гадзіны»? «Кур’еры» (Дзмітрый Рачкоўскі, Аляксандр Шароў, Арсень Гардзіенка) — кожны чалавек, які парушае вашы асабістыя межы, што пазбаўляюць выбару, варыятыўнасці існавання, права мець асабістыя перакананні. Тры кур’еры, якія прывозяць адну пасылку (хоць хапіла б толькі аднаго чалавека), якія не могуць сысці, таму што маюць рэгламент, хоць яны тут не патрэбныя, але рэгламент жа! І гэтак далей ад пачатку і да канца: «кур’еры» — гэта ўсё тыя камунікатыўныя сітуацыі парушэння ўласных межаў і правоў, з якімі мы сутыкаемся ў жыцці, канцэнтравана сабраны ў адным месцы. Тры кур’еры розных узростаў і з рознымі каштоўнасцямі, якіх запхнулі ў адну ўніфікуючую сістэму-форму, становяцца абагульненымі. У тым ліку за кошт сваёй непадобнасці і існавання супрацьлеглых рысаў, якія прысутнічаюць у розных асобах, але сабраны ў адной з’яве — «кур’ер». І «Сярожа» — гэта рэакцыя чалавека, спалоханага гэтымі «сацыяльнымі рытуаламі» з пэўнымі регламентамі, якія трэба выконваць, каб не трапіць пад яшчэ большы ціск.

У ОК16 ёсць мноства спосабаў выбудаваць сцэнічную прастору і залу для гледачоў, каб дапоўніць сэнсы спектакля, выкарыстоўваючы «глядацкую залу». Гледачы апынаюцца адзін насупраць аднаго з двух бакоў ад пляцоўкі, дзе працуюць акцёры. Гульнявая прастора становіцца праслойкай паміж гледачамі, якія бачаць адзін аднаго. Рэжысёр пабудаваў на сцэне клетку аднапакаёвай кватэры, якая разразаецца наўскос сіметрычнай планіроўкай, ствараючы для гледачоў з абодвух бакоў адну і тую ж выяву, ілюзію адлюстравання глядацкай залы насупраць. Але на працягу спектакля, акцёры працуюць з дзвюма канапамі і трыма кур’ерскімі торбамі-кубамі, косая сіметрычнасць для гледачоў пачынае губляцца.

У выніку гледачы атрымліваюць сцэны, дзе ім даводзіцца звярнуць увагу на суседзяў, — яны абавязаны парушыць звыклыя «тэатральныя межы» адзін аднаго, падкрэсліваючы сюжэтнае ўмяшанне іншых у прыватнае жыццё. Гэта павінна палохаць і напружваць, але мацней на нервы ўсё ж цісне музыка (Міхаіл Абухоў), таму што глядач усё роўна аказваецца ў большай меры адрэзаны ад кватэры героя (я як глядач не прысутнічаю ў іх прасторы, не прыкрытай ад мяне ніякімі сценкамі, гляджу звонку). Адчуванне ўласнай неабароненасці — як неабароненасці Сярожы — узнікае толькі тады, калі я задумваюся, што гэта можа быць мая аднапакаёўка. Але ў самой прасторы мне не хапае гэтых трыгераў, якія б дазвалялі не толькі пазнаваць «кур’ераў» Сярожы, але і тут і цяпер пачувацца Сярожам, які не можа знайсці даныя згодна з запытам.

Што ж там такое варушыцца ў пасылцы, якую ніхто з герояў так і не адкрывае? Тут ёсць візуальны адказ (калі гэта адказ, вядома): кватэра адной сям’і запакоўваецца ў каробачку, у якой таксама нешта варушыцца. Можа, і іх каму-небудзь даставяць?

Святлана КУРГАНАВА

Загаловак у газеце: Notfound

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.