Вы тут

Купалаўскі і Даўгаўпілскі тэатры падпісалі дамову аб супрацоўніцтве


Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пашырае геаграфію гастроляў. 5 лютага кіраўніцтва культурнай установы падпісала дамову аб супрацоўніцтве з адным з найстарэйшых прафесійных тэатраў Латвіі — Даўгаўпілскім.


Цырымонія адбылася ў каміннай зале галоўнага драматычнага тэатра Беларусі. Свае подпісы пад дакументамі паставілі генеральны дырэктар Купалаўскага Павел Латушка і дырэктар Даўгаўпілскага тэатра Алег Шапашнікаў. Сведкамі гэтай гістарычнай падзеі сталі мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусі Эйнарс Семаніс.

— Для нас вялікі гонар падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве з адным з найстарэйшых прафесійных тэатраў Латвіі, якому ўжо 165 гадоў. Нашаму тэатру пакуль 100 гадоў. Мы працягваем гастрольны тур і  ствараем пояс сяброўства з тэатрамі ў суседніх краінах, — падкрэсліў Павел Латушка.  — Сёлета мы ўжо выступілі ў Вільнюсе са спектаклем «Рэвізор», былі ў Маскве з «Ураджаем». У  Даўгаўпілсе 19 сакавіка пакажам таксама «Рэвізора». Ужо пачаўся продаж квіткоў, што сведчыць пра давер з боку латвійскіх калег. Чакаем у госці іх пастаноўку. Таксама на найбліжэйшыя паўгода ў нас у планах гастролі ў Варшаву, Люблін, Кіеў.

 У Мінску Даўгаўпілскі тэатр 16 красавіка пакажа пластычную драму «Блізкасць». Беларусы ўжо маглі яе бачыць у 2018 годзе на фестывалі «М@рт.кантакт» у Магілёве, дзе спектакль быў прызнаны найлепшым па выніках галасавання гледачоў.

 — Мы хочам паказаць мовай цела філасофскую прыпавесць. Спектакль зразумелы людзям розных нацыянальнасцей, — адзначыў рэжысёр пастаноўкі Алег Шапашнікаў. — Для нас гэта вялікі крок у развіцці тэатра. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву мы зможам паказаць жыхарам нашага горада беларускія пастаноўкі. У Даўгаўпілсе жыве шмат людзей розных нацыянальнасцей, у тым ліку і беларусаў, якім будзе цікава пазнаёміцца з беларускім тэатральным мастацтвам. Для Даўгаўпілскага тэатра падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве з Купалаўскім — падзея не проста культурная, але і гістарычная. Паколькі тэатр рэгіянальны і не заўсёды мае магчымасць вырвацца за межы свайго горада і краіны.

Супрацоўніцтва паміж тэатрамі прадугледжвае не толькі абменныя гастролі, але і развіццё культурнага супрацоўніцтва, арганізацыю і правядзенне сумесных творчых праектаў  — фестываляў, конкурсаў, канцэртаў, абмен досведам, у тым ліку ў падрыхтоўцы кадраў, правядзенні майстар-класаў, лекцый.

Сёння Купалаўскі супрацоўнічае з тэатрамі дзясяткаў краін свету. Толькі за мінулы год купалаўцы паказалі больш чым 400 спектакляў як у нашай краіне, так і за яе межамі.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Пашыраем геаграфію сяброўства

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Брэстчына адзначыла юбілей

Брэстчына адзначыла юбілей

Падарункі да свята і слаўная гісторыя.

Музыка

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.