Змены ўключаюць у сябе некалькі навацый. Цяпер дакументальна замацавана такая рэч, як «гібрыднае» адпраўленне — гэта значыць, што ліст будзе перасылацца ў электронным выглядзе, а пасля раздрукоўвацца. Новаўвядзенні таксама закранулі і традыцыйныя адпраўленні — пасылкі і іншую карэспандэнцыю. Пра ўсе новаўвядзенні падрабязна расказалі ў прэс-службе РУП «Белпошта».
— Паштовыя адпраўленні, адрасаваныя непаўналетнім асобам ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, выдаюцца асабіста адрасату, калі ён прад'явіць дакумент, які пацвярджае яго асобу. Калі ж падлетка няма дома, то адпраўленне можна перадаць яго законным прадстаўнікам без даверанасці. Але ёсць адна ўмова: трэба прад'явіць пасведчанне асобы і дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва ці права законных прадстаўнікоў, заўважылі ў прэс-службе. Тое ж датычыцца і выпадкаў, калі адпраўленне прыйшло малому, якому яшчэ не споўнілася 14 гадоў.
Акрамя таго, цяпер вызначаны віды паштовых адпраўленняў, якія патрабуюць асаблівай увагі, — крохкія, грувасткія і цяжкавагавыя. Як менавіта яны класіфікуюцца?
— Паміж паняццямі «грувасткае паштовае адпраўленне» і «міжнародная грувасткая пасылка» цяпер устаноўлена істотнае размежаванне, — інфармуюць у прэс-службе. — Паштовае адпраўленне, што перасылаецца па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, памер якога перавышае гранічна дапушчальны або якое па сваёй форме ці структуры не можа лёгка грузіцца разам з іншымі паштовымі адпраўленнямі, лічыцца грувасткім. У гэтую катэгорыю таксама трапляюць унутраныя адпраўленні паскоранай пошты і ўсе пасылкі, памеры якіх не дазваляюць іх лёгка пагрузіць. А міжнароднай грувасткай пасылкай лічыцца паштовае адпраўленне, вага якога знаходзіцца ў межах 20—50 кілаграмаў і якое не можа лёгка грузіцца разам з іншымі. Праўда, адправіць яго можна не ў кожную краіну — іх падрабязны пералік ёсць у любым паштовым аддзяленні.
Што да цяжкавагавых пасылак, то імі прызнаюцца тыя, вага якіх перавышае 10 кілаграмаў. А да крохкіх паштовых адпраўленняў адносяцца ўнутраныя дробныя пакеты з аб'яўленай каштоўнасцю, адпраўленні паскоранай пошты і пасылкі з прадметамі, якія б'юцца і абыходжанне з якімі патрабуе асаблівай асцярожнасці.
— Але за цяжкавагавыя, далікатныя і грувасткія адпраўленні давядзецца даплаціць, — гавораць на «Белпошце». — Калі ж унутраныя адпраўленні паскоранай пошты ці пасылкі з'яўляюцца адначасова далікатнымі і грувасткімі, то двойчы плаціць не давядзецца. А парадак прыёму, апрацоўкі, тэрміны перасылкі, дастаўкі і ўручэння далікатных, цяжкавагавых і грувасткіх паштовых адпраўленняў для карыстальнікаў паслуг засталіся нязменныя.
І ўжо напрыканцы мінулага тыдня крыху змяніліся правілы атрымання пасылак фізічнымі асобамі з-за мяжы. Але толькі для тых адпраўленняў, якія маюць каштоўнасць больш за 22 еўра і вагу, якая перавышае 10 кілаграмаў.
— Калі ў мытнай дэкларацыі адпраўлення адсутнічаюць звесткі пра кошт укладання або звесткі аб атрымальніку няпоўныя, то яму неабходна падаваць у электронным выглядзе аператару паштовай сувязі Беларусі на беларускай або рускай мове неабходныя даныя, — паведамілі ў прэс-службе. — Да іх адносяцца прозвішча, імя, месца пражывання, пашпартныя звесткі, найменні, колькасць і кошт укладанняў.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.