Вы тут

Два праекты, дзве лекцыі


Два праекты, дзве лекцыі

Па формуле “2 у 2” прайшоў для часопіса “Маладосць” дзень 26 лютага на факультэце сацыякультурных камунікацый БДУ, у сценах тамтэйшай кафедры тэорыі і практыкі пераклада, дзе адбыліся адразу дзве лекцыі ў межах праекта “Больш чым часопіс”, адна з якіх прайшла яшчэ і пад эгідай праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

“Пра што “Маладосць”: учора і сёння часопіса-мары” – так называецца самая папулярная лекцыя “маладосцеўскага” праекта “Больш чым часопіс”. Гэтым разам яе слухалі студэнты 3-га курса, будучыя перакладчыкі. Лекцыю правяла галоўны рэдактар часопіса Святлана Воцінава.

Ад першага нумара, які вышаў у 1953-м, да нашых дзён – уся гісторыя выдання праплыла перад вачыма студэнтаў эпізодамі-згадкамі: пра акалічнасці стварэння часопіса і яго існавання ў розныя дзесяцігоддзі, пра атмасферу ў рэдакцыі і легендарных асоб, якія ў ім працавалі доўгія гады або друкаваліся з творамі, што засталіся ў гісторыі літаратуры, пра сімвалы выдання – ранейшыя і цяперашнія, пра новыя рубрыкі і ўмовы для аўтараў. Не ўмовы нават, а – будзем гаварыць словамі з назвы праекта – магчымасці.

“Магчымасці, створаныя для тых, каму ёсць што сказаць свету” – так пазначана на анкеце, на пытанні якой студэнты мелі магчымасць адазаць падчас лекцый. Цяпер “Маладосць” не прапусціць нікога з тых, хто мае талент, запал і энергію, каб праявіць сябе не толькі ў вучэбнай аўдыторыі.

 Варта дадаць, што сёлета студэнты, якія займаюцца на кафедры тэорыі і практыкі пераклада пад кіраўніцтвам Дзяніса Полаўцава, упершыню трапілі на перакладчыцкую практыку ў рэдакцыю “Маладосці” і ўжо сёе-тое паспелі падрыхтаваць з англамоўнай класікі, каб здзівіць і парадаваць нашага чытача беларускай версіяй.

Супрацоўніцтва ФСК БДУ і часопіса “Маладосць” распачалося з восеньскай міжнароднай канферэнцыі “Моўная асоба і пераклад”, і, трэба думаць, яшчэ толькі пачынаецца.

Другая лекцыя – “Ад “Маладняка” да “Маладосці” – звязала часопіс і амаль што цёзку, легендарнае літаб’яднанне, 100-годдзю якога прысвячаецца праект “На хвалі часу, у плыні жыцця”, ініцыіраваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Лекцыю правяла галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Лаўрык. Яна прадставіла аднаіменны віртуальны праект, які існуе на партале НББ, прадэманстраваўшы яго ўнікальныя магчымасці і ўнікальныя перспектывы для карыстальнікаў – усіх тых, каго цікавяць жыццё і творчасць паэтаў і пісьменнікаў “Маладняка”.

Галоўная перавага праекта – яго папаўняльнасць: на старонкі, прысвечаныя канкрэтным асобам, варта не адзін раз зазірнуць, а трапляць перыядычна і пажадана часта: вельмі верагодныя тут прыемныя інтэлектуальныя сюрпрызы-знаходкі ў выглядзе новых паўнатэкставых дакументаў, прысвечаных жыццю і творчасці “маладнякоўцаў”. Яны размяшчаюцца з дазволу даследчыкаў і з’яўляюцца даступнымі для спампоўвання з любога, нават дамашняга ПК.

Заўважна было, што студэнтам вельмі цікава слухаць лекцыі пра нашы літаратуру, гісторыю і культуру, нашы мінулае і сучаснасць, віртуальнае і рэальнае.. Усё гэта так сплялося ў іх тэмах – не расчапіць…

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.