Унікальнае двухтомнае выданне “Беларусы ў Сібіры” прэзентавалася ў Мінску
Нашы супляменнікі ў гісторыі асваення Сібіры адыгралі важную ролю. Пра тое й гаварылі 5 лютага на прэзентацыі двухтомніка “Беларусы ў Сібіры” ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Рэалізаваў праект Грамадскі дабрачынны фонд “Возрождение Тобольска”, прадстаўлялі выданне галоўны рэдактар кнігі Юрый Пермінаў і кіраўнік фонду Аркадзій Алфімаў. А сярод гасцей музея былі галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Воцінава, філолаг Алесь Лозка, фалькларыст Мікола Котаў ды іншыя вядомыя людзі. Вяла імпрэзу супрацоўніца музея Эліна Свірыдовіч. Госці-сібіракі расказалі аб рабоце над кнігамі. Цёплымі, добрымі словамі віталі іх дырэктар музея Міхаіл Рыбакоў, старшыня Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі, паэтэса Ніна Фралова. А сібіракі падарылі двухтомнік Музею літаратуры, 7‑й ды 16‑й бібліятэкам Мінска. Прэзентацыя кніг, дарэчы, праходзіла і ў іншых гарадах Беларусі.
У першым томе ёсць грунтоўныя весткі пра тое, што беларусы (літвіны) з сівой даўніны пачалі асвойваць Сібір — дзікі таёжны край. Нашы продкі былі ў ліку першых адважных мараходаў Паўночнага Ледавітага акіяна, заснавалі горад Анадыр на Чукотцы, будавалі парты на ўсім пабярэжжы акіяна. Некаторыя з беларусаў удзельнічалі ў паходзе Ермака на Сібірскае ханства. Шмат каму вядомыя імёны беларусаў-даследчыкаў Сібіры: Яна Чэрскага, Васіля Прончышчава, Барыса Вількіцкага, братоў Дыбоўскіх — іх імёнамі названыя розныя геаграфічныя аб’екты Сібіры й Далёкага Усходу.
Лёсы Беларусі ды Сібіры звязаны містычным чынам і з лёсам пісьменніка Фёдара Дастаеўскага, у якога ёсць у радаводзе й беларускія старонкі. За сувязь з рэвалюцыйна настроенымі петрашэўцамі, чытанне й пашырэнне ў гуртку забароненага “Письма Белинского Гоголю” царскі ўрад асудзіў пісьменніка ў 1849 годзе да смяротнага пакарання, якое было заменена 8‑гадовай катаргай. Па шляху ў Омск, на катаргу жонкі ссыльных дзекабрыстаў падарылі Фёдару Міхайлавічу Евангелле, якое ён зберагаў усё жыццё як каштоўную рэліквію. Перавыдадзенае ў Табольску “Евангелле Ф. М. Дастаеўскага” госці з Расіі ўжо раней падарылі Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Многія беларусы апынуліся ў Сібіры пасля паразы паўстанняў 1831 і 1863 гадоў, а таксама ў часе рэпрэсій 1930‑х. У пошуках лепшай долі тысячы беларусаў перасяліліся ў Сібір у часе сталыпінскай рэформы. У рамантычныя 60–70‑я гады “за туманом и за запахом тайги” ў Сібір па камсамольскіх пуцёўках выехалі на будоўлі тысячы беларусаў (у тым ліку і аўтар гэтых радкоў, пра што й расказаў на імпрэзе). У асваенні нафтавых і газавых багаццяў Заходняй Сібіры паўдзельнічала шмат беларусаў, якія ў большасці выпадкаў працавалі там вахтавым метадам. Велізарны ўнёсак у асваенне нафтавых радовішчаў Сібіры зрабіў нараджэнец вёскі Федзькавічы (цяпер Жабінкаўскі раён, пад Брэстам) акадэмік Андрэй Трафімук (1911–1999), Герой Сацыялістычнай працы. Большасць тых беларусаў асела, пусціла карані на сібірскай зямлі. Нашы супляменнікі вызначаюцца там сярод іншых вялікай працавітасцю, а ў часы Вялікай Айчыннай вайны тысячы сібірскіх беларусаў праяўлялі ў баях з ворагам прыклады гераізму, адвагі — у тым ліку і ў складзе знакамітых сібірскіх дывізій у бітвах пад Масквой.
Другі том выдання змяшчае раздзел “Памятное” — матэрыялы аб жыцці, побыце сялянскіх родаў, беларускіх вёсак у Сібіры. Іншы раздзел тома ўвабраў вершы паэтаў беларускага паходжання: Івана Кандрацьева (аўтара слоў песні “По диким степям Забайкалля”), Алеся Гаруна, Сяргея Дарожнага, Івана Ласкова. Пераклад вершаў, змешчаных у кнізе, з беларускай мовы на рускую зрабіла паэтэса Ніна Фралова. Двухтомнік “Беларусы ў Сібіры” аздабляюць шматлікія ілюстрацыі (мастак Васілій Валерыус), а прадмову напісаў старшыня Расійскага гістарычнага таварыства Сяргей Нарышкін.
Пасля імпрэзы ў Музеі літаратуры была прэзентацыя двухтомніка на XXVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.
Вялікі дзякуй вам, шаноўныя расійскія сябры, за цудоўны падарунак: кнігу “Беларусы ў Сібіры”!
Лявон Целеш
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.