Вы тут

Прах Змітрака Бядулі вярнуўся на Радзіму


Учора 26 лютага астанкі з магілы класіка беларускай літаратуры прывезлі з Казахстана. Пра гэта паведамілі на прэс-канферэнцыі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Пытаннямі перапахавання Змітрака Бядулі ў Мінску займаецца са згоды яго родных Фонд Марыі Магдалены Радзівіл (Швейцарыя).


На фота: (злева направа) сын Змітрака Бядулі Яфім Плаўнік і старшыня Фонду Марыі Магдалены Радзівіл і член Кансультацыйнага савета па пытаннях беларусаў за мяжой пры МЗС Беларусі Аляксандр Сапега.

Помнік з магілы пісьменніка таксама быў дэманціраваны, усе яго элементы прывезены ў Беларусь і будуць перададзены Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры. Гэтая ўстанова з’яўляецца і выступае зацікаўленым партнёрам фонду і садзейнічае рэалізацыі праекта.

— Помнік разабралі літаральна за паўгадзіны, ён знаходзіўся на падмурку ў выглядзе крыжа. Напярэдадні правядзення эксгумацыі ў царкве прайшла служба. Падчас дэмантажу высветлілася, што труна знаходзіцца не зусім блізка да помніка, падкапваць давялося там, дзе ходзяць людзі. То-бок астанкі ляжалі амаль “пад нагамі”. І добра, што цяпер мы гэта спынілі і перавезлі яго ў Беларусь, – распавёў старшыня Фонду Марыі Магдалены Радзівіл і член Кансультацыйнага савета па пытаннях беларусаў за мяжой пры МЗС Беларусі Аляксандр Сапега. – Варта разумець, што ўрачыстасці ва ўсім гэтым працэсе мала. Па заканадаўстве і ўнутраных распарадках авіякампаній для перавозу праху патрабавалася цынкавая труна, якую ў Казахстане знайсці было складана. Але гэтае і іншыя пытанні  вырашылі даволі аператыўна, дапамаглі мясцовыя ўлады.

Старшыня фонду таксама расказаў, што была выказана прапанова захаваць памяць пра Змітрака Бядулю ў Казахстане, адкрыць мемарыяльны знак на тэрыторыі могілак. Магчыма гэта будзе дошка на сценах той самай царквы, дзе адслужылі паніхіду перад вяртаннем праху пісьменніка на родную зямлю.

Сын Змітрака Бядулі Яфім Плаўнік агучыў свае думкі з нагоды падзеі:

— Некалі амаль 80 гадоў таму я хаваў свайго бацьку. Гэта было даўно. Цяпер усю гэтую падзею я не ўспрымаю як пахаванне, для мяне гэта вяртанне яго на Радзіму. Быццам і не было гэтых гадоў. Я спадзяюся, што з працэсам пахавання бацькі тут усё будзе добра.

Вельмі добра памятаю пазаванне ва Уральску. Коласаўскі тэатр з Віцебска быў тады на гастролях. Яны яго пахаванне і ладзілі. Калі мяне вялі развітвацца з татам, трэба было караскацца па прыступках, што былі зроблены і вялі да труны…. Я вельмі ўдзячны Аляксандру Сапегу, бо разумею, якую вялікую працу ён зрабіў. Да гэтага наша сям’я спрабавала правесці перапахаванне шэсць разоў і вось толькі на сёмай спробе нам гэта ўдаецца.

Навіны аб перапахаванні Змітрака Бядулі на тэрыторыі Беларусі з’яўляліся ў СМІ яшчэ ў пачатку года. Аднак падрабязнасці наконт таго, калі і дзе гэта будзе пакуль яшчэ не вядомыя. Дакладна заяўлена, што месца для гэтага знойдуць у  Мінску.

Алена ДРАПКО

Фота з сайта Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Аўтар: Юры КАМІСАРАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.