Вы тут

Іх сябры — баян і акардэон


Юныя баяністы, акардэаністы з Беларусі, Літвы, Расіі ды Украіны паказвалі сваё высокае майстэрства ў Гомелі: там прайшоў ІІІ Міжнародны конкурс “Мой сябра — баян”


Назар Лагун (Беларусь)

Гэта сёння — адзін з самых прэстыжных конкурсаў баяністаў у Беларусі. Ён праводзіцца кожныя два гады ў Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага, збірае наймоцных юных выканаўцаў музыкі на баяне і акардэоне. Адбор канкурсантаў быў на папярэдніх праслухоўваннях у іх музычных школах і абласных цэнтрах. Сёлета ў конкурсе паўдзельнічалі каля 130 чалавек, у тым ліку баяністы, акардэаністы з Літвы, Расіі ды Украіны. Было тры ўзроставыя групы: да 10 гадоў, ад 11 да 12 гадоў і ад 13 да 16 гадоў. Падводзячы вынікі конкурсу, яго старшыня Мікалай Сеўрукоў (ён жа ўзначальвае Асацыяцыю беларускіх баяністаў і акардэаністаў) прызнаўся: парадавалі яго выступленні выканаўцаў на баяне ў старэйшай узроставай групе, якую ён ацэньваў у складзе журы. Мікалай Іванавіч вельмі задаволены агульным узроўнем падрыхтоўкі. У многіх канкурсантаў была вельмі складаная праграма для іх узросту, а ў некаторых і занадта. Дарэчы, Гран-пры конкурсу атрымаў якраз выканаўца са старэйшай групы Іонас Вазбутас з Літвы (Гімназія мастацтваў імя Саулюса Сандэцкіса, настаўнік — Марытэ Маркявічэне).

Першае месца ў групе ад 13 да 16 гадоў заваяваў Назар Лагун (Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржакадэміі музыкі, настаўнік — Лілія Пажарыцкая). У сярэдняй групе першым стаў Канстанцін Масяёнак (Магілёўская дзіцячая школа мастацтваў № 3 імя М. М. Салдатава, настаўнік — Канстанцін Забелаў), а ў малодшай групе — Яна Болінава (Дзіцячая музычная школа мастацтваў горада Рэчыцы, настаўнік — Наталля Ушкіна).

Выканаўцаў на акардэоне журы ацэньвала асобна. У старэйшай групе першае месца — у Ксеніі Арловай (Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржакадэміі музыкі, настаўнік — Лілія Пажарыцкая). У сярэдняй перамог Мацеус Дуднікас (Гімназія мастацтваў імя Саулюса Сандэцкіса, настаўнік — Марытэ Маркявічэне), у малодшай — Нона Мартынава (Магілёўская дзяржгімназія-каледж мастацтваў, настаўнік — Раіса Сінялобава).

Пераможцаў называю з надзеяй, што іх імёны яшчэ пачуем на канцэртах. Аддаем даніну павагі й настаўнікам. На ўласным досведзе ведаючы, што такое баян (і колькі ён важыць…), колькі сіл і часу патрабуюць рэпетыцыі, шчыра дзякую ўсім, хто “трымае” гомельскі конкурс на высокім узроўні ўжо шмат гадоў.

А з’явіўся ён, дарэчы, яшчэ ў 2000 годзе: тады конкурс “Мой сябра — баян” быў абласным. Пазней стаў рэспубліканскім, а цяпер ужо й міжнародным. У Каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага з удзячнасцю згадваюць першага яго арганізатара, цудоўнага педагога Аляксандра Малярова. Ён пачаў запрашаць у журы майстроў баяннага мастацтва з іншых краін. Пра конкурс жа спачатку мала хто ведаў, і займець у члены журы вядомага музыканта было нялёгка. “Толькі ж Аляксандр Аляксандравіч быў чалавекам вялікай энергіі, ён умеў дамагацца свайго! — успамінае старшыня цыклавой (прадметнай) камісіі па баяне і акардэоне каледжа Уладзімір Іваноў. — Памятаю, пачаў ён агітаваць прыехаць да нас вядомага ў Расіі выканаўцу, кампазітара Яўгена Дзярбенку, і той пагадзіўся: у 2002‑м быў у складзе журы нашага конкурсу. Апошнім часам і ўгаворваць нікога не прыходзіцца: замежныя калегі, вядомыя баяністы і акардэаністы чулі пра конкурс толькі добрае, таму ахвотна едуць у Гомель. А ў журы запрашаем тых, хто сам паказвае высокі ўзровень выканальніцтва. Сёлета, напрыклад, вядомы расійскі баяніст Эдуард Аханаў, лаўрэат міжнародных і ўсерасійскіх конкурсаў, уладальнік Кубка свету, не толькі ацэньваў юных музыкантаў, але й выступіў перад імі з канцэртам. Публіка, бачыў, ажно “стагнала” ад узрушанасці”.

Сёння традыцыі Аляксандра Малярова прадаўжае дырэктар конкурсу Мікалай Калбасаў: журы застаецца не менш прадстаўнічым. Сёлета ў ім з замежнікаў быў Віктар Новікаў, кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Удмурціі, дацэнт Белгарадскага дзяржінстытута мастацтваў і культуры, лаўрэат міжнародных і ўсерасійскіх конкурсаў. Ён з высокім майстэрствам выканаў перад удзельнікамі конкурсу свае сачыненні для баяна. З Украіны прыехаў Андрэй Душны, заслужаны дзеяч эстраднага мастацтва Украіны, дацэнт Драгобыцкага дзяржпедуніверсітэта імя Івана Франка. З Літвы былі Дайва Васаўскене й Марытэ Маркявічэне — яны выкладаюць у Гімназіі мастацтваў імя Саулюса Сандэцкіса ў горадзе Шауляй, прывезлі сваіх таленавітых вучняў.

Іонас Вазбутас (Літва)

Прадстаўнічым быў і беларускі бок у журы: згаданы ўжо Мікалай Сеўрукоў — заслужаны артыст Беларусі, лаўрэат міжнародных конкурсаў, прафесар Беларускай дзяржакадэміі музыкі. Аляксандр Шувалаў — лаўрэат міжнародных конкурсаў, дацэнт, загадчык кафедрай баяна і акардэона Беларускай дзяржакадэміі музыкі. Уладзіслаў Плігаўка — лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст Беларускай дзяржфілармоніі. Аляксандр Шугаеў — выкладчык Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка, заслужаны дзеяч культуры Польшчы.

Усё новыя ўдзельнікі трапляюць у магутнае сілавое поле конкурсу “Мой сябра — баян”: за ўвесь час у ім паўдзельнічала каля 1,5 тысячы музыкантаў. І сёння ў Каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага на аддзяленні баяна і акардэона ўжо няма недахопу ў навучэнцах. Іх нашмат болей, чым у іншых навучальных установах такога тыпу: на адным курсе можа вучыцца ігры на баяне і акардэоне каля 12 чалавек. Існуе нават свой Баянны аркестр. Так што ў каледжы і на Гомельшчыне баян — модны інструмент.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.