Вы тут

Напярэдадні свята Грамніц у пасёлку Белавежскі зрабілі брацкую свячу


Пра цікавую традыцыю, якая толькі нараджаецца ў Белавежскім сельсавеце, расказала старшыня сельвыканкама Жанна ХІЛЮЦІЧ. Напярэдадні свята Грамніц шматлікія прадстаўнікі грамадскасці сабраліся ў нядзельнай школе пры царкве і ўсе разам зрабілі брацкую свячу.


Справа ў тым, што пасёлак Белавежскі шматнацыянальны, тут жывуць выхадцы з многіх рэспублік былога Саюза і людзі з розных куткоў Беларусі. Нямала ёсць перасяленцаў са Століншчыны, дзе падтрымліваецца старадаўні абрад вырабу брацкай свячы.

У маладым пасёлку Белавежскі адносна нядаўна ўзведзены храм у гонар Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі. Настаяцель айцец Аляксандр ужо некалькі гадоў праводзіць заняткі ў нядзельнай школе. Бацькі вучняў гэтай установы і сталі галоўнымі ініцыятарамі стварэння ўласнай брацкай свячы. На белавежскую свечку пайшло 27 кілаграмаў воску.

Зрабіць свечку, несумненна, трэба ўмець. Гэта справа рук мужчын, як таго патрабуюць старадаўнія звычаі. Да мерапрыемства рыхтаваліся, чыталі патрэбную літаратуру, шукалі звесткі ў інтэрнэце. Галоўнае, захоўваць паслядоўнасць дзеянняў. «Жанчынам у нас даверылі размінаць воск у вёдрах, — расказала Жанна Хілюціч. — І вельмі радаваліся, калі свечка атрымалася прыгожай і роўнай». Завяршэнне работы адзначылі агульным чаяваннем.

Паводле слоў кіраўніка мясцовай улады, такія агульныя справы з глыбокім духоўным зместам служаць умацаванню сяброўскіх сувязяў вяскоўцаў. Людзі выходзілі з нядзельнай школы нібы прасветленыя, усе ўсміхаліся адно аднаму.

А на свята Стрэчання свечку ўнеслі ў храм, асвяцілі. Цяпер яе будуць запальваць кожную службу, брацкай свячы павінна хапіць на два гады.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Брацкая свяча ў Белавежскім

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.