Вы тут

Руйнаваць нельга пакінуць. Чаму лесапільня раздзяліла жыхароў вёскі Струпень на два лагеры


«Мясцовае самакіраванне» ўжо пісала пра супрацьстаянне паміж прадпрымальнікам Віктарам Турыным і жыхарамі вёскі Струпень Барысаўскага раёна. Але канфлікт вакол яго лесапільні не заціхае, а набывае новыя абароты.


Грамадзяне, дамы якіх знаходзяцца паблізу прадпрыемства, скардзяцца, што яно працуе круглыя суткі, увесь час ездзяць машыны, лесавозы, якія разбіваюць дарогу. Іх сем'і пакутуюць ад пылу, шуму, апілак, дыхаюць забруджаным паветрам. Маўляў, на працягу некалькіх гадоў на запыты мы атрымліваем адказы з адпаведных арганізацый, што Віктар Турын парушыў усе тэхнічныя, санітарныя нормы, нарматыўна-прававыя акты. Ды ён не прымае ніякіх мер да выпраўлення становішча.

А перадгісторыя гэтага канфлікту наступная. У 1992 годзе Віктар Турын купіў у калгасе будынак былой жывёлагадоўчай фермы, дзе наладзіў лесапільную вытворчасць. Да бліжэйшага дома на той час было не менш як 100 метраў, інакш кажучы, санітарныя патрабаванні былі вытрыманы. У адваротным выпадку ніхто не даў бы дазволу на адкрыццё прадпрыемства.

Значна пазней, літаральна за некалькі метраў ад аб'екта, былі выдзелены зямельныя ўчасткі грамадзянам пад агародніцтва і сельскую гаспадарку. Затым сельвыканкам змяніў першачарговае прызначэнне зямлі — для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў. Прадпрымальнік аспрэчваў гэтае рашэнне ў судзе. Ды безвынікова.

У Віктара Турына сапраўды не ўсё гладка было на вытворчасці. Замест старога памяшкання, якое развальвалася, ён узвёў новае для ўстаноўкі сушылкі. Але новабудоўлю не ўзаконіў. У райвыканкаме неаднаразова яму нагадвалі, што для гэтай працэдуры неабходна падаць адпаведныя дакументы.

У сутнасці канфлікту ў свой час разбіраўся былы старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка. Ён даручыў стварыць адпаведную камісію. А да высвятлення ўсіх абставін прыпыніць дзейнасць прадпрыемства. У свой час МНС выявіла на лесапільні шматлікія парушэнні. І падало іск у эканамічны суд аб прыпыненні яе дзейнасці. «Але ўсе парушэнні даўно ўстаранёны, у сувязі з гэтым само МНС прыпыніла судовае пасяджэнне. І суд пастанавіў адмовіць у задавальненні іску. Акрамя таго, я ўстанавіў некалькі шчытоў, якія паглынаюць шум, затрымліваюць апілкі. Але адны і тыя ж грамадзяне працягваюць скардзіцца, на прадпрыемства пастаянна прыязджаюць праверкі, камісіі. Таму лесапільня не можа дзейнічаць на поўную моц. Пры максімальнай загрузцы тут могуць працаваць да трыццаці чалавек, сцвярджае прадпрымальнік.

Віктар Турын звяртаўся па дапамогу і да памочніка Прэзідэнта — інспектара па Мінскай вобласці Ігара Яўсеева, які, выслухаўшы заяўніка, рэзюмаваў: «Неабходна паглядзець, якім чынам выдавалі зямельныя ўчасткі пад ўзвядзенне жылых дамоў. Ці ёсць заключэнне эколагаў, пажарных, санітарнай і землеўпарадкавальнай службы. Як можна было адначасова адобрыць і лесапільню, і жылле? Навошта было ствараць праблему? Прайдзіце грамадскае абмеркаванне. І калі людзі вас падтрымаюць, то будзе ўсё добра. Вы ж правільна ўсё аформілі».

Як расказала старшыня Перасадскага сельвыканкама Вольга Карчмар, сапраўды, Віктар Турын падаў дакументацыю на грамадскае абмеркаванне. Была створана камісія па ацэнцы ўздзеяння вытворчасці на навакольнае асяроддзе з удзелам прадстаўнікоў усіх зацікаўленых службаў. Спецыялісты ўнеслі ў справаздачу свае заўвагі і карэкціроўкі. Не засталіся без увагі і прапановы мясцовых жыхароў. Праектна-каштарысная дакументацыя вернутая на дапрацоўку.

Дадам, што далёка не ўсе жыхары вёскі Струпень супраць работы лесапільні, якая забяспечвае рабочымі месцамі і танным палівам каля ста дамоў.

— Мы стала тут пражываем, а вось тыя, хто скардзіцца, бываюць тут сезонна, — кажуць яны. — Без Віктара Іванавіча мы не ведаем, што б рабілі. Ён нікому з нас ніколі не адмовіў у дапамозе дровамі, якія прывозіць сваім транспартам. Зімой ён чысціць дарогу ад снегу тэхнікай, а яшчэ адрамантаваў мост, які літаральна развальваўся.

У мяне пяцёра дзяцей, — канстатавала Валянціна Лобач. — Я пастаянна бяру дровы ў Віктара Іванавіча. Дзякуй яму за тое, што мае малыя жывуць у цяпле.

— Ці не лепш сесці за стол перагавораў з Віктарам Турыным і спакойна, без эмоцый, абмеркаваць сітуацыю і знайсці паразуменне. Дрэнны мір лепш добрай вайны, — лічаць у Струпені.

Згодны з гэтым і старшыня Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Навіцкі:

— Лесапільня працуе больш дзесяці гадоў. Доўгі час прадпрыемства і жыхары бліжніх да яго дамоў суіснавалі мірна. Супрацьстаянне пачалося, калі Турын пачаў пашыраць вытворчасць. Я неаднаразова выязджаў на месца адзін, з камісіяй, каб уладзіць канфлікт. А для гэтага неабходна знайсці кампраміс. Ды ісці на яго бакі не хочуць. Сапраўды, вёска раздзялілася на два лагеры: «за» і «супраць» вытворчасці. Тых, хто падтрымлівае Віктара Турына, зразумець таксама можна. Людзі кажуць, што прадпрымальнік дае ім работу, магчымасць фінансава забяспечваць сем'і. Разам з тым мы жывём у прававой дзяржаве, і гэта праблема павінна вырашацца ў прававым полі — у судзе, пракуратуры, на ўзроўні заканадаўства.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.