Вы тут

Першыя дні вясны ў нашай краіне пачнуцца з дажджу і мокрага снегу


Калі тры месяцы не было сапраўднай зімы, то цяпер ужо і не трэба. На парозе вясна. А першыя дні яе ў нашай краіне пачнуцца з дажджу і мокрага снегу, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Сіноптыкі адзначаюць, што зіма ў гэты сезон была анамальна цёплай ва ўсім Паўночным паўшар'і. Эксперты падлічылі, што такога яшчэ не было ні разу за ўвесь перыяд інструментальных назіранняў. Люты ў нашай краіне таксама аказаўся вельмі цёплым: сярэднямесячная тэмпература паветра на 5-7 градусаў перавышае норму. Упершыню ў нашых шыротах зіма была практычна без снегу.

У суботу будзе воблачна з праясненнямі. Пройдзе невялікі кароткачасовы мокры снег. Уначы і раніцай магчымая галалёдзіца. Вецер прагназуецца заходні, паўднёва-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 1 да 7 градусаў марозу, удзень — ад мінус 1 па паўночным усходзе да 6 градусаў цяпла па паўднёвым захадзе краіны.

Першы дзень каляндарнай вясны практычна нічым не будзе адрознівацца (па тэмпературы так дакладна) ад любога дня гэтай незімы. У ноч на нядзелю ва ўсходняй частцы краіны надвор'е будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Трохі пазней, ужо раніцай на захад Беларусі з тэрыторыі Польшчы перамесціцца атмасферны фронт, які, рухаючыся на ўсход, на працягу дня будзе фарміраваць надвор'е ў краіне. Таму на пачатку сакавіка будзе пераважаць воблачнасць. Уначы пераважна па захадзе, раніцай і ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымыя слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўднёвы парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 3 градусаў, удзень — 1-7 градусаў цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня мы апынемся ў зоне атмасферных франтоў і цёплых паветраных мас, якія перамяшчаюцца з тэрыторыі Заходняй Еўропы. Часта будуць ісці ападкі, у асноўным у выглядзе дажджу. На працягу сутак пераважна будуць трымацца плюсавыя тэмпературы. У першай палове наступнага тыдня па поўдні краіны тэмпература паветра ў дзённыя гадзіны будзе падымацца да 10-12 градусаў цяпла. Вясна...

Сяргей КУРКАЧ

Прэв'ю: krasnodar.bezformata.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.