Вы тут

Каранік: БНТУ, дзе выявілі носьбіта каранавіруса, перавядуць на індывідуальную праграму навучання


Для БНТУ, дзе выявілі носьбіта віруса COVID-19, распрацоўваюцца індывідуальныя праграмы навучання


Міністэрствы аховы здароўя і адукацыі Беларусі распрацоўваюць індывідуальныя праграмы навучання ў БНТУ, каб развесці патокі руху студэнтаў і яны менш перасякаліся. Аб гэтым расказаў журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. БНТУ, дзе выявілі носьбіта віруса, пераходзіць на такія індывідуальныя праграмы.

Нагадаем, у Беларусі выяўлены першы выпадак каранавіруса ў аднаго са студэнтаў з Ірана.

Медык, які з ім кантактаваў ва ўстанове, і супрацоўнікі хуткай дапамогі, што дастаўлялі яго, знаходзяцца пад наглядам.

Студэнт быў выкліканы ў 33-ю паліклініку горада Мінска, на момант агляду скаргаў на здароўе ў яго не было. Але медыцынскіх работнікаў засмуціла невялікая тэмпература 37,3, пачырваненне ў горле. Ён быў дастаўлены ў інфекцыйную бальніцу, дзе пацвердзілася наяўнасць каранавіруса, удакладніў Каранік. 

«Зараз мы ўдакладняем, наколькі гэта эпідэміялагічна важны штам, але мы адразу дэманструем адкрытасць, інфармавалі пра гэта грамадскасць і Сусветную арганізацыю аховы здароўя, — падкрэсліў міністр. — Студэнты, якія пражываюць з ім, а ён пражываў на кватэры, сёння шпіталізаваны для медыцынскага назірання. На сёння яго стан цалкам задавальняючы, тэмпература вышэй за 37,4 не падымаецца».

Акрамя таго, праводзяцца эпідэміялагічныя мерапрыемствы з тымі студэнтамі, з якімі вучыўся гэты малады чалавек, паведаміў Уладзімір Каранік. Яны ўсе пераведзены пад медыцынскае назіранне. 

«Мы працягнем работу ў строга адкрытым, эфектыўным рэжыме», — запэўніў міністр. 

Адказаў міністр і на пытанне пра сталых людзей, якія найбольш пакутуюць ад новага каранавіруса.

«Зараз мы працуем з СААЗ (Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя) у выпрацоўцы дакладных рэкамендацый па групах рызыкі і па ранніх прэдыктарах пераходу захворвання ў цяжкую стадыю. Сказаць, што ёсць нейкая панацэя, — гэтага няма. Тут стандартныя меры бяспекі: пазбягаць месцаў скаплення людзей, асабліва дзе ёсць хворыя, сродкі асабістай гігіены і назіранне за сваім здароўем — зварот да ўрача пры першых сімптомах парушэння здароўя», — парэкамендаваў кіраўнік ведамства.

Уладзімір Каранік запэўніў. «Ні жадання, ні магчымасці скрываць сітуацыю ў нас няма». Па яго словах, аптымізм выклікае адсутнасць у хворага студэнта кашлю, які з’яўляецца асноўнай крыніцай заражэння.

Міністр яшчэ раз нагадаў аб простых спосабах прафілактыкі захворванняў — мыць рукі, не дакранацца бруднымі рукамі да вачэй. Пры прыкметах віруснай інфекцыі хворы павінен у грамадскіх месцах насіць маску, каб засцерагчы іншых ад сябе. 

«Падстаў для ўвядзення масачнага рэжыму (калі ўсе носяць маскі) на сённяшні момант няма, і гэта неэфектыўна. Гэта прызнала Сусветная арганізацыя аховы здароўя», — сказаў Уладзімір Каранік.

Па яго словах, выяўлены тып віруса COVID-19 з усёй групы каранавірусаў найменш смертаносны.

«На сёння папярэднія дадзеныя сведчаць аб прыналежнасці да COVID-19. Безумоўна, мы пераправяраем іншымі тэстамі, каб дакладна ўпэўніцца, што мы маем справу з гэтым вірусам. Улічваючы абгрунтаваныя падазрэнні, спачатку прымаюцца прэвентыўныя меры прафілактыкі. Сёння эпідэміялагічная сітуацыя абсалютна кантралюемая», — паведаміў Уладзімір Каранік і дадаў, што закрыццё межаў — недарэчны метад кантролю, які, наадварот, можа паспрыяе распаўсюджванню інфекцыі. 

Міністр аховы здароўя паведаміў, што работа па прафілактыцы завозу каранавірусу ў Беларусь праводзіцца ў рэжыме 24×7. «Мы стараемся заўсёды працаваць на папярэджанне», — сказаў ён журналістам.

Ён таксама паведаміў, што ў суседкі па пакоі беларускай студэнткі, якая вучыцца ў Мілане і вярталася праз Польшчу разам з бацькамі дадому ў Беларусь, былі выяўлены прыкметы каранавірусу. Сям’я студэнткі звязалася з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі, атрымала рэкамендацыю не карыстацца грамадскім транспартам. Пасольства Беларусі ў Польшчы прадаставіла сям’і машыну, даставіла яе да мяжы з Беларуссю, дзе іх сустракала машына хуткай дапамогі. Зараз сям’я змешчана ў інфекцыйную бальніцу Брэста, дзе знаходзіцца пад назіраннем. Ні ў кога з трох чалавек не выяўлена пакуль прыкмет каранавіруснай інфекцыі.

Марыя ДАДАЛКА

Варвара МАРОЗАВА

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».