Вы тут

Прэзідэнт даручыў сур’ёзна разабрацца з пытаннямі, якія ўзніклі ў людзей пасля атрымання заработнай платы за студзень


Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на VIII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.


«Вы ведаеце, што ўведзеныя новыя падыходы да яе налічэння. Задача новаўвядзення — зрабіць сістэму больш празрыстай, зразумелай. Пры гэтым маім патрабаваннем было не дапусціць зніжэння зарплаты ні на капейку. Лепш дзесяць капеек дадаць да таго, што было, каб не было размоў. Бо ўсялякія размовы і дэманстрацыі, як я часта кажу, „плявузганні“ на гэтую тэму, будуць даражэй каштаваць за гэтыя дзесяць капеек», — разважае Лукашэнка. 

Па яго інфармацыі, у чацвёртым квартале мінулага года па краіне дасягнуты ўзровень зарплаты бюджэтнікаў не ніжэй за 80 працэнтаў ад узроўню зарплаты па краіне. На 2020 год пастаўлена дакладная задача захаваць гэтыя паказчыкі. 

«Мы абавязкова гэты ўзровень захаваем, для гэтага ёсць адпаведныя сродкі. Зарплата настаўніка павінна дасягнуць 100 працэнтаў ад сярэдняй па краіне, а ўрача — 150», — абазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт папярэдзіў аб небяспецы «разбалансіроўкі сістэмы» пры спробе адзінамомантна павысіць зарплату на 50–100 працэнтаў. 

«Калі мы вывядзем настаўнікаў на сто працэнтаў, а ўрачоў на 150, гэта будзе каласальнай перамогай пры тых ільготах, якія ў нас існуюць. Давайце будзем сумленныя і шчырыя: будзем гэта рабіць спакойна. Нават калі будзе шмат грошай, нельга ўкідваць іх імгненна ў вялікіх аб’ёмах. Псіхалагічна нельга, каб людзі не падумалі, што з неба грошы падаюць. Грошы не любяць шуму і гвалту, і мы гэта будзем рабіць», — адзначыў лідар дзяржавы.

На яго думку, у цэлым прафсаюзы сумесна з Міністэрствам працы мусяць узяць на кантроль тыя арганізацыі, дзе ўзровень зарплаты ніжэй за 500 рублёў. Больш за тое, у мінулым годзе ўраду пастаўлена задача прааналізаваць зарплаты ніжэй за 500 долараў у эквіваленце. 

«І давайце шчыра разважаць: калі жадаеш жыць лепш, працаваць трэба больш. Мы захацелі рынку, уступілі ў гэты рынак — а гэта канкурэнцыя. Канкурэнцыя на рынку працы, як у нас модна казаць, канкурэнцыя за добрае працоўнае месца, за добрую заработную плату і гэтак далей. Гэта ж не справа. Мы сёння кажам, што ў нас нечага не хапае, зарплата нізкая, але вакансій нашмат больш, чым людзей, якія лічаць сябе беспрацоўнымі. Як так? Працоўныя месцы ёсць. Так, можна сказаць, што гэта не тыя працоўныя месцы. Але каб мець „тое“ працоўнае месца, на рынку трэба канкурыраваць, пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы ладам жыцця. Гэта рэальнасць, і такая рэальнасць справядлівая», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён азначыў, што Беларусь яшчэ не разленавалася настолькі, каб не разумець простую залежнасць заробку ад працы. І менавіта тых, хто прытрымліваецца такога падыходу, трэба падтрымліваць. Задача прафсаюзаў давесці факты, якія ідуць наперакор з палітыкай справядлівасці, і настройваць працаўнікоў менавіта зарабляць.

Прэзідэнт даручыў сур’ёзна разабрацца і з пытаннямі, якія ўзніклі ў людзей пасля атрымання заработнай платы за студзень. 

«Адпаведныя структуры вывучаюць становішча. У мяне яшчэ выніковага дакладу няма, але нікому мала не атрымаецца, калі нехта не растлумачыў. Але справа не ў тлумачэннях. Вы што, на месцах не можаце налічыць заработную плату? Гэта што, складанае нейкае прамысловае ці сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе трэба вылічваць нормы, выпрацоўку? Гэта ж самая элементарная бухгалтэрыя — у бюджэтнай сферы налічыць заработную плату. Я ж публічна сказаў, што ніхто не павінен пацярпець», — абурыўся Прэзідэнт.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.