Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Банкруцтва ў Беларусі быць не павінна


Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прафсаюзы павінны непасрэдна ўдзельнічаць у працэсах рэструктурызацыі прадпрыемстваў, асабліва калі плануецца звальненне работнікаў. 


Пры гэтым Прэзідэнт лічыць, што многія антыкрызісныя кіраўнікі не выконваюць сваю задачу па аднаўленні і перазапуску прадпрыемстваў-банкрутаў. У большасці выпадкаў адбываецца раскраданне і ліквідацыя. 

«А чым займаюцца ў гэты час на месцах старшыні райвыканкамаў, гарвыканкамаў? Чаму вы не сталі антыкрызіснымі кіраўнікамі і не ратуеце гэта прадпрыемства? — спытаў Аляксандр Лукашэнка. — Там жа людзі працуюць».

Кіраўнік дзяржавы ўспомніў свой візіт на завод жалезабетонных вырабаў, які аснашчаны па апошнім слове тэхнікі, але, тым не менш, неплацежаздольны.

«Антыкрызісныя кіраўнікі ўжо намеціліся яго прадаць, а чаму не думаем пра людзей, якія там працуюць? Ды і само прадпрыемства добрае. Там, на месцы, мы прынялі шэраг рашэнняў, якія трэба было даўно прыняць на ўзроўні міністэрства, урада. Але цішыня. Загуляліся ў рынак!»

Рынак, пры якім «тыя, хто прымае рашэнні, сядзяць у цёплых кабінетах, а тыя, хто працуе, аказваюцца на вуліцы», нашай краіне не патрэбны, упэўнены беларускі лідар.

«Давайце, і ва ўрадзе, і ў прафсаюзах, садзіцеся за стол разам і думайце, што нам рабіць з так званым банкруцтвам — быць яго не павінна ў Беларусі! — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. — Бо гэта ўсё за кошт людзей. І гэта ж потым нам даражэй атрымліваецца. Мы больш выдаткоўваем грошай на барацьбу са злачыннасцю, бо людзі ідуць ў злачынны свет, спрабуюць зарабіць дурныя грошы. Навошта мы ствараем гэтыя праблемы? У нас няма прадпрыемстваў, якія не могуць працаваць на рынку».

Працаваць у рынкавых умовах змогуць усе, некаторых трэба толькі падтрымаць. Тут Прэзідэнт прывёў у прыклад прадпрыемства па вытворчасці фарфоравага посуду. Кіраўнік дзяржавы даручыў аблвыканкаму і ўраду падтрымаць гэты ўнікальны для Беларусі завод. Гэта тычыцца і электралямпавага заводу ў Брэсце, і іншых вытворцаў прадметаў першай неабходнасці. 

«На такія прадпрыемствы, якіх адзінкі, мы не звяртаем увагі, пакуль Прэзідэнт не паедзе і па галаве не дасць, — з горыччу заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Ці нармальна гэта? І прафсаюзы павінны у такіх выпадках не заставацца ў баку».

Што тычыцца перанавучання, лідар краны лічыць, што перш за ўсё важна захаваць людзей, якія ўжо валодаюць пэўнымі кампетэнцыямі. «Нельга не падумаўшы, пад лозунгам рэструктурызацыі (сам не разумею — што гэта такое, ніхто не можа мне растлумачыць) кідацца закрываць прадпрыемства, потым перавучваць людзей. Лепш захавайце спецыялістаў, якія маюцца, падвучыце ў арганізацыі працы, тэхналогіях, падцягніце да патрэбнага ўзроўню, бо ў іх база моцная, і будзем працаваць!» — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Можа, і ёсць непатрэбныя вытворчасці, але Прэзідэнт не гатовы сказаць, якія гэта. Магчыма, такое можа адбыцца з дробнымі арганізацыямі. Быў час, калі з-за ўзнікнення буйных будаўнічых трэстаў паўстала пытанне пра мэтазгоднасць існавання ПМК. З часам аказалася, што і для іх ёсць аб’ём работы, трэба было толькі прыстасаваць іх да сучасных умоў. 

«Гэта не рынак — гэта знішчэнне эканомікі і дзяржавы. Не будзе эканомікі, не будзе дзяржавы і нас з вамі тут не будзе», — падсумаваў тэму рэструктурызацыі прадпрыемстваў Аляксандр Лукашэнка.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Прэв'ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».