На Міжнародным фестывалі-конкурсе «Чырвоны Гваздзік» у Маскве прыз Алега Молчана атрымаў спявак з Цверы Яўген Окунеў. Уручыла яго вядомая беларуская спявачка, удава кампазітара Алега Молчана Ірына Відава.
Нота, якая ўзлятае ў неба
Кампазітар Алег Молчан памёр у кастрычніку мінулага года.
— Ён быў настолькі абаяльным, энергічным чалавекам і так рана сышоў, што нам усім хочацца неяк прадоўжыць яго жыццё, — кажа ўдава кампазітара. — Калі да мяне звярнулася кіраўніцтва фестывалю «Чырвоны Гваздзік» з прапановай заснаваць прыз Алега Молчана, вядома ж, пагадзілася. Я сама прыдумала ідэю для статуэткі, а ўвасобіў яе Васіль Самахвалаў, мастак завода «Нёман». Было некалькі варыянтаў, спыніліся на стылізаванай віртуальнай крыштальнай ноце, якая нібыта сыходзіць у неба.
Фінальны гала-канцэрт Міжнароднага фестывалю-конкурсу нацыянальнай патрыятычнай песні «Чырвоны Гваздзік» імя Іосіфа Кабзона адбыўся 26 лютага. Прыз Алега Молчана Ірына Відава ўручыла маладому спеваку, вучню Ларысы Долінай, лаўрэату міжнародных конкурсаў Яўгену Окуневу.
У гала-канцэрце бралі ўдзел лаўрэаты конкурсаў мінулых гадоў, сярод якіх — Ірына Відава. Яна выканала песню Алега Молчана «Беларусь», словы для якой напісала сама.
З гісторыі фестывалю
Першы міжнародны фестываль-конкурс «Чырвоны Гваздзік» прайшоў у 1967 годзе, тады ў ім прынялі ўдзел 17 спевакоў з 9 краін. У СССР і краінах сацлагера фестываль быў папулярны і прэстыжны. Доўгі час журы конкурсу ўзначальвала кампазітар Аляксандра Пахмутава. У 1990 годзе фестываль спыніў сваё існаванне. Дзіўна, але за 23 гады ў гісторыі фестывалю не было ні аднаго беларускага музычнага калектыву ці выканаўцы, якія б заваявалі званне лаўрэатаў «Чырвонага Гваздзіка».
Адрадзіўся фестываль-конкурс у 2015 годзе. Праз два гады Ірына Відава паспяхова прайшла адбор для ўдзелу ў конкурсе і вярнулася з Масквы ў статусе лаўрэата «Чырвонага Гваздзіка». Выступала Ірына з песняй Алега Молчана на вершы Алеся Ліпая «Карабель маёй краіны».
–– Алег быў перакананы, і я яго ў гэтым цалкам падтрымліваю, што беларусы на міжнародных конкурсах павінны выступаць з песнямі на роднай мове, — кажа Ірына Відава. — Пасля фестывалю мы пасябравалі з яго арганізатарамі, не аднойчы разам удзельнічалі ў творчых мерапрыемствах.
Застаецца дадаць, што прыз Алега Молчана на фестывалі «Чырвоны Гваздзік» будзе ўручацца штогод канкурсантам з розных дзяржаў, а значыць, памяць аб выдатным беларускім кампазітары будзе жыць доўга і далёка за межамі нашай краіны.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Фота М. Трафімава
Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.
Яна расказала чытачам «Звязды», ці плануе Беларускі саюз жанчын стаць першай жаночай палітычнай партыяй у краіне і як гэта — сумяшчаць работу ў дзяржапараце з актыўнай грамадскай дзейнасцю.
Хітра ўладкавана чалавечая памяць. Бывае, нешта ўбачыў-пачуў, а што — хоць забі — назаўтра не ўспомніш, а нешта — якраз наадварот — «ляжыць» там гадамі ці нават дзесяцігоддзямі і ўспамінаецца досыць часта...
Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.