Вы тут

Глыбей спазнаем адзін аднаго


У Мінску прайшлі ўрачыстасці з нагоды Дня рэспублікі Індыі — галоўнага свята дружалюбнай Беларусі краіны

Як вядома, у лістападзе 1949 года ў Індыі была прынята Канстытуцыя, якая ўступіла ў сілу 26 студзеня 1950 года. Гэтая лёсавызначальная для краіны дата звязана з атрыманнем незалежнасці ад Вялікабрытаніі. У святочны дзень жыхары Індыі ўдзельнічаюць у працэсіях і культурных мерапрыемствах. Галоўныя ўрачыстасці, у тым ліку ваенны парад, прайшлі і на гэты раз у сталіцы дзяржавы — Нью-Дэлі.

А што ж у нас?

Напярэдадні свята, 24 студзеня Амбасада Індыі ў Беларусі зладзіла ўрачысты прыём у гонар Дня рэспублікі ў адным з прэстыжных гатэляў Мінска — Double Tree by Hіlton. Па запрашэнні Яе Вялікасці, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Індыі ў Беларусі Сангіты Бахадур у святкаванні прынялі ўдзел амбасадары розных краін, прадстаўнікі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, міжнародных і грамадскіх арганізацый, якія ўзаемадзейнічаюць з Амбасадай Індыі ў Беларусі, СМІ. Былі і тыя грамадзяне Індыі з сем’ямі, якія па розных прычынах жывуць у нашай краіне. А яшчэ і студэнты, і бізнесмены, і ўрачы. І, вядома ж, сябры Індыі, якіх у Беларусі нямала.

Святочную атмасферу стварала індыйская музыка, а таксама ледзь улоўныя водары гэтай экзатычнай краіны. Каларыту дадавала і мяккая дывановая дарожка, што вяла з вестыбюля ў залу, устаўленая з бакоў свечкамі, якія зіхацелі ў празрыстых падсвечніках. І выстава яркіх карцін студэнта Віцебскага медуніверсітэта Бхаці Сушана прыцягвала нашу ўвагу. Іх можна было разглядаць ў працэсе павольнага падыходу да залы. Кожнага госця, што завітаў на ўрачыстасць на ўваходзе па пратаколе сустракала спадарыня Амбасадар. І кожны мог выказаць ёй сваю пашану і радасць ад сустрэчы. Мы павіталіся са спадарыняй Амбасадарам як добрыя знаёмыя, выказваючы сардэчную ўдзячнасць за супрацоўніцтва з нашымі выданнямі. Прайшлі ў залу, у якой панавала ажыўленне, і дзе можна было, стоячы, размясціцца за высокімі столікамі, ці за нізкімі — на невялікіх зручных канапах.

Вечар пачаўся з прывітальнай прамовы спадарыні Амбасадара. Падчас яе выступлення на электронных экранах можна было на рускай мове чытаць тэкст, які гучаў на англійскай мове. А намеснік Міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас гаварыў на беларускай мове. За сінхронным перакладам яго тэкста на англійскую мову можна было таксама сачыць па экранах.

HINDUSTANTIMES.COM Ваенны парад у Нью-Дэлі, 26 студзеня 2020 года

Пасля прамоў спадарыня Амбасадар запрасіла гасцей частавацца стравамі індыйскай кухні, з карысцю правесці час, калі будзе ісці культурная праграма. Мы пабачылі індыйскія танцы ў выкананнні розных мінскіх калектываў, з задавальненнем пілі індыйскі чай масала, а таксама гутарылі з будучымі героямі нашых публікацый.


З выступлення Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Індыі ў Беларусі спадарыні Сангіты Бахадур

Дзякуй усім за тое, што вы з намі!

З велізарным задавальненнем і цеплынёй я вітаю вас сёння тут, каб адсвяткаваць разам гэты важны дзень, калі індыйская канстытуцыя, падораная сабе народам Індыі, была афіцыйна прынятая 70 гадоў таму 26 студзеня ў 1950 годзе. Канстытуцыйнаму камітэту спатрэбілася 2 гады пасля атрымання Індыяй незалежнасці 15 жніўня 1947 года, каб стварыць самую доўгую і падрабязную канстытуцыю ў свеце, якая ператварыла Індыю ў Рэспубліку. Прычына, па якой дата 26 студзеня была абраная Днём Рэспублікі — у тым, што менавіта ў гэты дзень у 1929 годзе Індыйскі нацыянальны кангрэс абвясціў незалежнасць Індыі (Пурна Сварадж), адпрэчваючы статус калоніі, прапанаваны брытанскім праўленнем. Гэта ўяўлялася найлепшым спосабам для пакаленняў прыгадаць і ведаць момант нацыянальнага абуджэння і гонару.

Сіла і ўстойлівасць Індыйскай Рэспублікі ў значнай ступені абумоўлены высокім узроўнем Канстытуцыі. Доктар Бхімраа Рамджы Амбедкар — кіраўнік канстытуцыйнага камітэта — дакладна сказаў, цытую: «Я адчуваю, што канстытуцыя працуе, калі яна гнуткая і дастаткова моцная, каб утрымаць краіну разам у мірны і ваенны час». Гэта аб’яднальны дух Канстытуцыі стварыў нацыю на такой тэрыторыі з выключна разнастайнай краіны як Індыя, са сваімі шматлікімі этнічнымі групамі, мовамі, пісьменнасцю, рэлігіямі, філасофіяй, традыцыямі, гісторыяй, геаграфіяй, архітэктурай і культурным самавыяўленнем. Тое, што ў мінулым годзе індыйскі народ выйшаў у беспрэцэдэнтнай колькасці — самая высокая ў гісторыі яўка выбаршчыкаў па ўсім свеце, не толькі ў Індыі — каб абраць Прэм’ер-міністра Нарэдру Модзі на другі тэрмін пераважнай большасцю, было валявым, калектыўным і мэтанакіраваным жаданнем нацыі, якая адраджаецца. Новы ўрад апраўдаў давер шляхам прыняцця жыццёва важных рашэнняў за апошні год, каб яшчэ больш умацаваць тое, што Джавахарлал Неру, першы Прэм’ер-міністр Індыі, пазначыў як унікальную якасць краіны — адзінства ў разнастайнасці.

«Ты прайшла доўгі шлях, дзетка!»

Далей у сваім выступленні спадарыня Амбасадар прывяла яскравыя сведчанні сенняшніх пераўтварэнняў у жыцціі Індыі

  • Змяніўся энергетычны ландшафт Індыі, і цяпер там 100‑працэнтная электрыфікацыя.
  • 1,4 трыльёна долараў інвестыцый накіраваны на інфраструктуру, дарогі; сеткі чыгуначных шляхоў зносін і метро пашыраюцца ў беспрэцэдэнтных маштабах, паляпшаючы камунікацыйныя магчымасці.
  • У свеце адбываецца эканамічны спад, а тэмпы росту ў Індыі перавысілі 6%, што амаль удвая перавышае сярэдні сусветнай паказчык у мінулым годзе. У канцы 2019 года індыйская эканоміка перасягнула адзнаку ў 3 трыльёны долараў ЗША і за адзін год пераскочыла на 14 месцаў і заняла 63‑е месца ў спісе 190 краін Сусветнага банка па лёгкасці вядзення бізнесу.

  • Паспяховае завяршэнне ўдала названага праекта Шакці — Сіла — намаганнямі Індыйскай арганізацыі па даследаванні касмічнай прасторы вылучыла Індыю ў элітную групу 4‑х краін, якія маюць супрацьспадарожнікавае ўзбраенне.
  • Індыя стала 4‑й краінай у свеце, якая ўдала здзейсніла мяккую пасадку на Месяц і першай, якая высадзілася на паўднёвы полюс Месяца на касмічным караблі ўласнага праектавання Чандраяан‑2.
  • Рэарганізацыя індыйскага штата Джаму і Кашмір на дзве паасобныя Саюзныя Тэрыторыі, праведзеная наўпрост Цэнтральным Урадам, не толькі значна знізіла пагрозу трансгранічнага тэрарызму. Яна таксама аднавіла жыхароў гэтага рэгіёну ў правах і далучыла іх да вынікаў развіцця краіны, чаго яны былі пазбаўленыя ў выніку часовага рэжыму «спецыяльных тэрыторый», уласцівага гэтаму штату ў 1949 годзе. Вяртанне да нармальнасці гэтых дзвюх Саюзных Тэрыторый за некалькі кароткіх тыдняў стала яшчэ адным пяром у капелюшы індыйскай Рэспублікі.
  • Папраўка да Закона аб грамадзянстве ў снежні 2019 года адрадзіла індыйскую традыцыю прадастаўляць прытулак рэлігійным меншасцям, якія пераследуюцца ў сваіх краінах. Так мы паступілі з яўрэямі, якія шукалі прытулку ў Індыі да нараджэння Хрыста, сірыйскімі хрысціянамі, якія схаваліся ў Керале 2 тысячы гадоў таму, зорастрыйцамі, якія прыйшлі ў Гуджарат тысячу гадоў таму і афрыканскімі сідам, якія пайшлі за імі неўзабаве. Індыя цяпер прадаставіла абарону свайго грамадзянства пераследным індусам, сікхам, будыстам, фарсі, Джэйн і хрысціянам, які прыбылі ў Індыю да 2014 года.
  • 2019 год быў таксама прадметам гонару Індыі ў галіне спорту. Індыйскія спартсмены прывезлі ў Індыю мноства медалёў і кубкаў з міжнародных спаборніцтваў. Перамагла наша заяўка на правядзенне Кубка FІFA U-17 — Міжнароднага кубка па жаночым футболе.
  • Ружовы горад Джайпур быў абвешчаны ЮНЭСКА аб’ектам сусветнай спадчыны. Першы індыйскі звышхуткасны цягнік, сабраны па праграме «Рабі ў Індыі!», курсіруе паміж гарадамі Дэлі і Варанасі, здзейсніўшы транспартную рэвалюцыю для простых людзей.
  • Да канца 2019 года 98% сельскага насельніцтва Індыі атрымала доступ да сучаснага санітарнага забеспячэння, у параўнанні з 34% у 2014 годзе.

Гэтыя дасягненні, зразумела, не гавораць пра тое, што Індыя пераадолела ўсе выклікі. Калі мы глядзім на сённяшнюю Індыю і параўнаем яе з той, якой яна была 73 гады таму, на розум прыходзіць фраза з рэкламнай кампаніі амерыканскай фірмы Філіп Морыс 1968 года: ты прайшла доўгі шлях, дзетка! Але трохі змяніўшы знакамітыя радкі Томаса Мора, нам яшчэ трэба выконваць абяцанае, і трэба будзе прайсці доўгі шлях, перш чым мы зможам адпачыць. Можна ўспомніць некаторыя з іх: адукацыю і працу самаму маладому — і самаму вялікаму — насельніцтву ў свеце, задавальненне запытаў хуткай урбанізацыі і змякчэнне яе ўплыву на навакольнае асяроддзе, арганізацыя сістэмы аховы здароўя, санітарных умоў і доступу да пітной вады для 1,3 мільярда чалавек, барацьба з забруджваннем навакольнага асяроддзя, пераадоленне дэфіцыту вады, беспрацоўе і гендэрная няроўнасць, павышэнне якасці дзяржаўнага кіравання. Мы працуем над гэтымі выклікамі, а нашы сябры па ўсім свеце нам дапамагаюць.

З радасцю — пра Беларусь!

Спадарыня Сангіта Бахадур і спадар Андрэй Дапкюнас. Адзін з момантаў урачыстасці — разразанне святочнага торта.

Выбухны рост, які назіраецца ва ўсіх сектарах індыйскай эканомікі, прапануе вялікія магчымасці нашаму дарагому старому сябру — Беларусі, якую мы запрасілі, адной нямногіх, у мінулым годзе да ўдзелу ў будаўніцтве бюджэтнага жылля для гарадскога насельніцтва Індыі, якое хутка расце. Я з радасцю адзначаю, што беларускі бізнэс глядзіць на Індыю новым поглядам і даследуе новыя нетрадыцыйныя сектары, такія як харчовая і вытворчасць напояў, медыцынскае і хірургічнае абсталяванне, сельская гаспадарка і горнае абсталяванне, грамадскі транспарт і нават праектаванне аўтазаправачных станцый. Летась БелАЗ упершыню выйграў вялікі заказ на пастаўку вялікагрузнай тэхнікі ў Індыю. Адзін толькі кошт гэтай тэхнікі падыме лічбы нашага двухбаковага гандлю на зусім новы ўзровень. Мы чакаем паспяховага завяршэння перамоў аб пастаўках беларускіх электрааўтобусаў у індыйскія гарады, якія шукаюць экалагічную альтэрнатыву грамадскаму транспарту. Даспяваюць многія іншыя інвестыцыйныя прапановы. Мы спадзяемся, што яны прынясуць плён праз год ці два.

Першы індыйскі мастацкі фільм здымаўся ў Беларусі ў верасні-кастрычніку мінулага года сумесна з кінастудыяй «Беларусьфільм». Мы чакаем істотнага павелічэння патоку турыстаў з Індыі пасля выхаду фільма. Таксама абмяркоўваецца магчымасць прамога авіярэйса паміж Мінскам і Дэлі, што дазволіць павялічыць дзелавыя і асабістыя кантакты паміж дзвюма краінамі. Летась Індыя ўвяла электронныя візы для грамадзян Беларусі. Станоўчая дынаміка ад новаўвядзення ўжо праглядваецца. На палітычным фронце нашы дзяржавы добра ладзяць і падтрымліваюць адна адну. Мы чакаем далейшых крокаў для ўмацавання нашых двухбаковых сувязяў. Культурны і адукацыйны абмен стаў нормай і яшчэ больш збліжае нашых людзей. Фенаменальны поспех Міжнароднага дня ёгі і Дня Індыі ў Мінску ў мінулым годзе, а таксама ашаламляльны поспех беларускага калектыву, які гастраляваў у Індыі ў снежні, з’яўляюцца паказчыкамі ўзаемнага прыцягнення і цеплыні.

І пра асабістае

Я хацела б завяршыць прамову тым, што тычыцца мяне асабіста. Некаторым з вас вядома, што я страціла маці некалькі месяцаў таму. Апошнія тыдні жыцця яна правяла ў адной з мінскіх бальніц. Я хацела б скарыстацца магчымасцю і падзякаваць уладам Беларусі ўвогуле і Міністэрству замежных спраў у прыватнасці за дапамогу, падтрымку і добразычлівасць, аказаныя мне на кожным этапе. Гэта вельмі шмат значыла для мяне ў цяжкія часы майго жыцця. Я заўсёды буду памятаць пра тое з глыбокай удзячнасцю.

А цяпер, перш чым мы прыступім да забаўляльнай часткі нашага вечара, дазвольце мне падняць тост: за нашы дзве краіны ды іх развіццё, дабрабыт і мір; за цеплыню і моцнае сяброўства паміж Індыяй і Беларуссю і за стабільны рост нашых адносін; за здароўе, доўгія гады і поспех лідараў нашых дзяржаў і за паспяховы наступны год, і за ўсіх нашых сяброў, якія сёння з тут сабраліся.

Святочны настрой стваралі мінскія танцавальныя калектывы

Дзякуй усім за тое, што вы з намі!

Няхай жыве Індыя!

 

З выступлення Андрэя Дапкюнаса,

намесніка Міністра замежных спраў Беларусі

 

Да незалежнасці народы нашых краін ішлі кожны сваім складаным, цярністым шляхам. Але ў выніку мы прыйшлі да агульнага разумення вышэйшай каштоўнасці, якую ўяўляе з сябе рэальная дзяржаўная самастойнасць, як неабходная перадумова і моцны падмурак свабоднага і ўсебаковага развіцця грамадства.

Беларусь і Індыя маюць шмат агульнага ў сваіх поглядах на свет. Нашы дзяржавы паслядоўна падтрымліваюць ідэі неабходнасці ўмацавання міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, пабудовы даверу паміж дзяржавамі, развіцця добразычлівага дыялогу. Беларусь і Індыя паслядоўна адстойваюць прынцыпы суверэннай роўнасці дзяржаў і мірнага ўрэгулявання спрэчак. Беларускаму народу, аднаму з найбольш пацярпелых падчас Другой сусветнай вайны, блізкая філасофія ненасілля Махатмы Гандзі.

Але нас звязвае нават большае, чым можа здацца на першы погляд. Напрыклад, такое старажытнае індуісцкага свята як Дзіва — фестываль агнёў, які сімвалізуе перамогу святла над цемрай, дабра над злом — ужо крышачку стала і беларускім. Ад 2017 года Беларусь штогод ладзіць ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку мерапрыемства «Дзівалі. Сіла аднаго», прысвечанае ўшанаванню дыпламатаў і міжнародных дзеячаў, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне міру на зямлі. Гэтыя людзі ўшаноўваюцца своеасаблівым «Оскарам» у галіне дыпламатыі. І тое, што галоўнымі арганізатарамі гэтага прыкметнага мерапрыемствы ў дыпламатычнай сталіцы свету, якое аб’ядноўвае дзясяткі дзяржаў вакол ідэй дабра, святла і ненасілля, з’яўляюцца менавіта Беларусь і Індыя — гэта я ўспрымаю як натуральны і сімвалічны знак нашай блізкасці і сапраўднага сяброўства.

За апошнія гады Беларусь і Індыя дамагліся сур’ёзных вынікаў ва ўмацаванні двухбаковых кантактаў. Адбыліся ўзаемныя візіты прэзідэнтаў Беларусі і Індыі. Спікер ніжняй палаты Парламента Індыі наведаў Беларусь.

У бліжэйшыя гады мы чакаем далейшага працягу добрай традыцыі актыўных міждзяржаўных кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях.

Мы з аптымізмам глядзім на нашы сумесныя пачынанні па ўмацаванні вытворчай і прамысловай кааперацыі, пашырэнні гандлю таварамі і паслугамі, чакаем добрых вынікаў ад маючага адбыцца пасяджэння міжурадавай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне гандлю, эканомікі, навукі, тэхналогій і культуры.

У гэты ўрачысты дзень я хацеў бы пажадаць ураду і народу Індыі міру, дабрабыту і працвітання, а спадарыні Амбасадару Сангіце Бахадур — новых поспехаў у нашай агульнай справе па развіцці ўсебаковага беларуска-індыйскага супрацоўніцтва і ўмацаванні дружбы паміж народамі нашых краін.

 

З гутаркі з Бхаці Сушанам, студэнтам 2 курса факультэта падрыхтоўкі замежных грамадзян Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта

 

Я нарадзіўся ў 1998 годзе ў індыйскім горадзе Харыдвар, які стаў для мяне крыніцай натхнення. Там і дзяцінства сваё правёў. Жывапісам і малюнкам захапіўся ў сем гадоў. Мае бацькі — тата Бхатт Абмінэш і мама Бхатт Кірам — з дзяцінства падтрымлівалі маё захапленне. Пасля мы пераехалі ў Індор, дзе я вучыўся ў сярэдняй школе, якую закончыў у 2017 годзе. У школе асвоіў жывапіс акрылавымі і акварэльнымі фарбамі. Дзякуючы настаўніку Гупта Кумар Ашоку вывучаў розныя індыйскія тэхнікі і стылі, жывапіс Патачытра, Мадхубані, стыль Варлей, мініяцюрны жывапіс. У 2014‑м я быў узнагароджаны дыпломамі за ўдзел у конкурсе выяўленчага мастацтва. Будучы школьнікам, захапляўся і тэатральным мастацтвам. Дарэчы, за лепшую мужчынскую ролю Шэйлака ў спектаклі паводле п’есы Шэкспіра «Венецыянскі купец» атрымаў узнагароду. У Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на факультэт падрыхтоўкі замежных грамадзян па спецыяльнасці «лячэбная справа» паступіў у 2018 годзе.

Вучуся я добра, з задавальненнем вывучаю рускую мову. Ведаю 5 індыйскіх моваў: хіндзі, санскрыт, урду, бенгалі (бенгальская мова), панджабі. Цяпер працягваю займацца жывапісам, малюю ў нацыянальных традыцыйных стылях, вывучаю еўрапейскае рэалістычнае і абстрактнае мастацтва. Пішу краявіды, нацюрморты, партрэты. Тэмы маіх работ — філасофскія. У іх адлюстраваны традыцыі, веравызнанні роднай краіны.

Жывапіс дапамагае мне захаваць найбольш яркія імгненні жыцця. Я вельмі люблю прыроду маёй радзімы, таму ў мяне шмат пейзажаў. Яны былі прадстаўлены на выставе ў Віцебску. Я намаляваў і дом у маёй роднай вёсцы, і вадаспад, куды я люблю прыходзіць раніцай. Гэта дарагія і блізкія сэрцу месцы.

Творчасць для мяне — своеасаблівы адпачынак, бо дае мне сілы для вучобы. Таму ў мяне заўсёды знаходзіцца хвіліна для яе, для заняткаў музыкай і жывапісам.

Мне вельмі прыемна, што сёння я ў ліку гасцей на свяце маёй краіны. Таксама я шчаслівы, што тут, у Беларусі, так па-сяброўску, цёпла да нас ставяцца, цікавяцца нашымі традыцыямі, вераваннямі, культурай.

Падрыхтавалі Валянціна і Іван Ждановічы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Адносіны Беларусі і Расіі — узор раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва

Адносіны Беларусі і Расіі — узор раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва

Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.

Грамадства

Чым багатыя беларускія нетры

Чым багатыя беларускія нетры

Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.

Памяць

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.