Вы тут

У Полацку мадэрнізавалі асвятленне вуліц і гарадскіх аб'ектаў


Каля 2000 святлодыёдных свяцільнікаў, 12 свяцільнікаў сонечнай энергіі, дэкаратыўная падсветка лесвіцы да Сафійскага сабора і моста праз Заходнюю Дзвіну... За пяць гадоў у межах праекта «Гарсвятло» ў Полацку мадэрнізавалі асвятленне 28 вуліц і 26 гарадскіх аб'ектаў, сярод якіх дамы і помнікі.


Аўтаномныя ліхтары і смарт-сіці

Сёлета горад збіраецца скараціць выкіды вуглякіслага газу прыкладна на 120 тон у год, запэўніў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар МАРКОВІЧ:

— Падчас рэалізацыі праекта мы праводзілі Дні энергіі, апытанні, у якіх паўдзельнічала звыш 10 тысяч людзей. У 2016-м мы падабралі групу з больш як 40 студэнтаў, якая пад кіраўніцтвам вядомых архітэктараў краіны падрыхтавала крэатыўныя рашэнні для асвятлення вуліц. І наш сумесны праект стаў удалым стартам для маштабнай мадэрнізацыі вулічнага асвятлення.

На рэалізацыю праекта ў Полацку Еўрапейскі саюз выдаткаваў 1,6 мільёна еўра.

— Развіццё «зялёнай» эканомікі і папярэджанне змянення клімату — важная тэма для еўрапейцаў. Беларусь — наш сусед, і для нас важна ўцягваць яе ў гэты праект. Вось чаму мы фінансуем падобныя мерапрыемствы,— патлумачыў Дзірк ШУБЕЛЬ, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. — У Бруселі было адабрана пяць гарадоў для падтрымкі мадэрнізацыі інфраструктуры: Браслаў, Чавусы, Полацк, Ашмяны, Бяроза. Полацк знаходзіцца ў авангардзе еўрапейскіх праектаў у Беларусі, і я ўпэўнены, што гэта не апошняе мерапрыемства падобнага кшталту.

Кіраваць вулічным асвятленнем у Полацку спецыялісты цяпер могуць з любой прылады, прычым запальваць ці выключаць ліхтары на вуліцы ў выбраны час можна не цалкам, а кожны паасобку. Святлодыёдныя свяцільнікі дазваляюць штогод эканоміць 265 МВт·г электраэнергіі.

— Сучаснае асвятленне — гэта не толькі эканомія, але і зручнае, камфортнае жыццё, калі можна бяспечна пераходзіць вуліцу і проста прыемна шпацыраваць па ёй. Гэта дакладна змяняе жыццё горада да лепшага, — запэўніў Сяргей ЛЕЙЧАНКА, першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама. — Мы сёння шмат гаворым пра смарт-сіці. Святло і мабільнасць — два канькі, на якіх мы намагаемся ўехаць у «разумны» горад для працы і жыцця. Да гэтага мы і рабілі наша асвятленне. І яно падабаецца і нашым жыхарам, і турыстам.

Сучасныя задачы святлодыёдаў

У Полацку засталося аздобіць сучасным святлом яшчэ 320 вуліц, і тут упэўнены, што з гэтай задачай справяцца. Да ўдзелу ў праекце мясцовыя ўлады актыўна падцягваюць і бізнес. Назіраючы, як выглядае святлодыёднае асвятленне, многія бізнесмены ўпрыгожылі вітрыны дэкаратыўным падсвечваннем, зразумеўшы, што прыгожае святло — такі ж рухавік продажу, як і рэклама.

Вельмі добра, што ўсе беларускія гарады, што далучыліся да Пагаднення, уключылі ў свае планы па ўстойлівым энергетычным развіцці і клімаце мерапрыемствы па энергаэфектыўным развіцці вулічнага асвятлення. Гэта сведчанне таго, што мясцовыя ўлады дакладна бачаць рэзерв для эканоміі энергіі і павышэння эфектыўнасці. Праўда, Беларусь яшчэ толькі на пачатку гэтага шляху, лічыць Іван ФІЛЮЦІЧ, кансультант па энергетычнай эфектыўнасці праекта ПРААН-ГЭФ-Мінпрыроды:

— Па ўсёй Беларусі працуе 600—700 тысяч святлапунктаў, з іх толькі 10—12 % — сучасныя свяцільнікі. Каб давесці параметры вулічнага асвятлення да сучасных, спатрэбіцца 150—200 мільёнаў долараў. Пры гэтым праекты павінны рэалізоўвацца комплексна, не расцягваючыся на 5, 7, 10 гадоў. Значыць, неабходна разавае прыцягненне досыць вялікіх рэсурсаў, адыход ад традыцыйных крыніц фінансавання і пошук альтэрнатыўных інструментаў.

Прынамсі, гэта грошы міжнародных фінансавых арганізацый, якія гатовы працаваць з праектамі, аднак іх неабходна зацікавіць якаснай перадпраектнай падрыхтоўкай. Пры гэтым перавод вулічнага асвятлення на сучасны варыянт дазваляе вельмі хутка акупіць праект.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Полацкае святло для прыгажосці і эканоміі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».