Вы тут

«Казюкі» адкрываюць кірмашы


«Казюкі» — свята ў гонар Святога Казіміра, ахоўніка рамёстваў і майстроў. Малады шляхціц з роду Ягелонаў у ХVІІ стагоддзі быў прызнаны святым, і з тае пары ў яго гонар праводзяцца кірмашы рамеснікаў і народных майстроў. «Казюкі» — адзін з самых вядомых і маштабных кірмашоў у Літве і Польшчы. Дваццаць гадоў таму такое свята стала праходзіць і ў Гродне. Сёлета сюды прыехалі са сваім таварам рамеснікі Польшчы, Літвы, Расіі і Украіны — усяго 220 майстроў.


Фота БЕЛТА.

Менавіта з гэтага дня пачынаўся сезон гандлю. Лічыцца, што наколькі ўдалы будзе першы вясенні кірмаш, настолькі і ўвесь год. Усе майстры гэта ведаюць і стараюцца прадставіць новыя эксклюзіўныя рэчы. Разам з асобнымі майстрамі свае вырабы паказалі раённыя дамы народнай творчасці. У гэтым шэрагу асабліва ўразіла Іўе, дзе існуе вельмі моцная школа саломапляцення. Новы кірунак работы цэнтра — фларыстычныя карціны. На іх існуе добры попыт, расказалі супрацоўнікі цэнтра. Невялікія разышліся за 5-6 рублёў, а ў бяспройгрышнай латарэі можна было выйграць прыгожы саламяны вянок.

Велікодныя кошычкі з невялікіх тэкстыльных лялек-яек можна было набыць за 20—25 рублёў. Новы трэнд — штучныя кветкі ў вазах і гаршках. Некаторыя букеты, як, напрыклад, півоні і архідэі, выглядалі даволі рэалістычна. Цана адной такой кампазіцыі даходзіла да 50 рублёў.

Жанчыны цікавіліся вырабамі з валенай шэрсці. Выбраць сапраўды было з чаго: шалі, паланціны, шапкі, барэты і сумкі... Дарэчы, з'явіўся на кірмашы і новы трэнд — празрыстая шарсцяная накідка з вышытым арнаментам, цаной ад 30 да 40 рублёў. Выклікалі цікавасць і яркія валёнкі, для загараднага дома — вельмі зручны і цёплы абутак.

Каля аднаго з павільёнаў на пляцоўцы размясціўся незвычайны аркестр: музыканты ў ім усе драўляныя, з бярозавых цурак, іграюць, седзячы на драўляных крэслах. Такія інсталяцыі прывёз майстар з Літвы, яны могуць упрыгожыць прысядзібны двор альбо дзіцячую пляцоўку. Цана іх — ад 35 да 60 рублёў.

А каб усім наведвальнікам пашчасціла, у цэнтры плошчы арганізатары ўстанавілі вялікую падкову-вароты. Праходзячы праз яе, кожны мог загадаць жаданне.

Маргарыта Ушкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Запушчаная кампанія па дапамозе медыкам ByCovid19 перарасла ў буйны «антыкаранавірусны» рух.

Культура

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Гэта была сенсацыя: у 2018 годзе быў паказаны страчаны фiльм Дзiгi Вертава.

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.