Першы рэспубліканскі краязнаўчы форум, які пройдзе ўжо на наступным тыдні, збярэ ў сталіцы амаль тры сотні краязнаўцаў, супрацоўнікаў музеяў і бібліятэк, выкладчыкаў і студэнтаў з розных рэгіёнаў — усіх тых, хто цікавіцца гістарычнымі, культурнымі і прыроднымі адметнасцямі нашых гарадоў і вёсак. Маштабнае мерапрыемства ладзяць сумесна Нацыянальны гістарычны музей і Беларускі фонд культуры пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі, Выдавецкага дома «Звязда».
Удзельнікі форуму абмяркуюць на тэматычных секцыях розныя аспекты краязнаўства і яго ролю ў сістэме навукова-даследчай работы, у вучэбна-выхаваўчым працэсе ўстаноў адукацыі, у развіцці турызму, а таксама прыгадаюць знакавых асоб-даследчыкаў і ўшануюць пераможцаў конкурсу выданняў 2017—2019 гг. на краязнаўчую тэматыку. Пра падрабязнасці форуму і яго галоўныя задачы «Звязда» распытала дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Паўла САПОЦЬКУ.
— Форум пройдзе ў межах Года малой радзімы 12—13 сакавіка гэтага года. Ахвотных узяць у ім удзел было вельмі многа, таму мы падоўжылі тэрмін прыёму заявак да 1 лютага, і нават пасля гэтай даты было шмат тэлефанаванняў ад зацікаўленых з усіх абласцей — на сёння ўдзельнікаў каля 270—280 чалавек. Наша мэта — зладзіць такое свята сустрэчы краязнаўцаў, якое дазволіць пазнаёміцца краязнаўцам з розных рэгіёнаў, падзяліцца назапашаным вопытам і канкрэтнымі ініцыятывамі, прэзентаваць свае выданні, нешта прапанаваць адно аднаму і далей развіваць гэты дыялог, які, спадзяюся, атрымаецца ўсталяваць на пляцоўцы гістарычнага музея. Канешне, краязнаўчая лінія з'яўляецца адной з найважнейшых у дзейнасці любога музея, тым больш у рэгіёнах захаваліся і назвы «Гісторыка-краязнаўчы музей», а мы — Нацыянальны гістарычны музей — у адпаведнасці з Кодэксам аб культуры Беларусі, выступаем каардынацыйным і метадычным цэнтрам для ўсіх краязнаўчых і прыродазнаўчых музеяў. І таму, на мой погляд, цалкам лагічна і дакладна, што менавіта наш музей стане платформай Першага Рэспубліканскага краязнаўчага форуму (спадзяюся, канешне, што будуць і наступныя, але наконт іх перыядычнасці гаварыць пакуль рана).
Некаторыя абсалютна няслушна кажуць: маўляў, што такое форум, канферэнцыя ці круглы стол — удзельнікі прыехалі, пабалакалі, абмяняліся падарункамі і разышліся ў розныя бакі. Сведчу з уласнага вопыту: наадварот, прыехалі, пазнаёміліся, абмяняліся візітоўкамі — і потым завязаліся кантакты, якія дазваляюць супрацоўнічаць, абменьвацца не толькі інфармацыйнымі пісьмамі, але і дэлегацыямі... У Казахстане на форуме навуковай і творчай інтэлігенцыі я пазнаёміўся з людзьмі з Узбекістана, якія працуюць на розных гуманітарных кафедрах, — і ўжо тры гады мы дасылаем адно аднаму інфармацыйныя лісты, вядзём сумесныя даследаванні і рыхтуем публікацыі; у 2018 годзе я накіраваў навуковага супрацоўніка музея на Ісык-Куль у археалагічны летнік, зараз два чалавекі ляцяць ва Узбекістан для ўдзелу ў міжнародным інтэлектуальным маладзёжным форуме, мы таксама запрашаем узбекскіх спецыялістаў да сябе — атрымліваецца моцны, змястоўны, паўнавартасны рух, які дае плён у выглядзе канкрэтных праектаў, і гэта вельмі здорава.
Тое самае мусіць адбыцца і на нашым краязнаўчым форуме: мы павінны ведаць адзін аднаго, сябраваць, супрацоўнічаць, быць адно аднаму карыснымі. Вядома, стараемся вырашыць усе задачы, якія прапісаны ў палажэнні форуму: і патрыятычнае выхаванне, далучэнне моладзі да матэрыяльнай і духоўнай спадчыны Беларусі, і стварэнне пляцоўкі для дыялогу, і стымуляванне даследчай работы, краязнаўчага пошуку, але галоўнае — трэба пазнаёміцца адно з адным, абмяняцца думкамі і рушыць далей разам, каб кожны руплівец у рэгіёне ведаў і разумеў, што ён такі не адзін, ёсць аднадумцы, якія таксама адраджаюць нашу спадчыну, культуру, вядуць даследаванні, выдаюць кнігі, супрацоўнічаюць з акадэмічнай навукай, з грамадскімі аб'яднаннямі...
— Ці памылюся я, мяркуючы, што адна з задач форуму — падвядзенне вынікаў трохгоддзя малой радзімы?
— Менавіта так. Справа ў тым, што кожны рэгіён мае гонар падзяліцца сваімі напрацоўкамі, бо Год малой радзімы як агульнарэспубліканская акцыя пад патранатам Прэзідэнта праходзіў тры гады і насамрэч шмат што было зроблена. Але на слыху, на старонках рэспубліканскіх СМІ, у радыё- і тэлеэфіры прадстаўлены, так скажам, найбольш буйныя праекты. А хацелася б, каб краіна ведала і тых сваіх герояў, якія працуюць на месцах. На мой погляд, менавіта гэтыя таленавітыя, няўрымслівыя інтэлектуалы — краязнаўцы, мастакі, выкладчыкі, пісьменнікі — ствараюць асяродак, асаблівую культурніцкую прастору. Наш вядомы пісьменнік і краязнавец Алесь Карлюкевіч любіць выраз «геній месца» — вось гэтыя людзі якраз з'яўляюцца геніямі сваіх мясцін, і яны вартыя таго, каб іх ведалі больш шырока. І ў якасці падтрымкі мы зладзілі конкурс краязнаўчых выданняў, на які паступіла больш за 200 заявак з усіх рэгіёнаў Беларусі — ад выдавецтваў, бібліятэк, архіваў, музеяў, нацыянальных культурных аўтаномій беларусаў свету і асобных краязнаўцаў. Выданні, якія прадстаўлены ў гэтай апошняй катэгорыі, могуць выглядаць прымітыўна ў сэнсе тэхнічнага ўвасаблення, афармлення, але яны надзіва глыбокія і змястоўныя і тым асабліва каштоўныя.
На бягучым тыдні журы ў пашыраным складзе вызначыць пераможцаў конкурсу ў розных намінацыях, а таксама ўладальніка Гран-пры. Сярод ключавых тэматычных кірункаў — 75-годдзе Вялікай Перамогі, кнігі для дзяцей і моладзі, славутыя імёны Бацькаўшчыны, шматканфесійнасць і шматэтнічнасць Беларусі... Дарэчы, усе конкурсныя выданні можна будзе ўбачыць на выстаўцы ў Нацыянальным гістарычным музеі, гэтаксама як краязнаўчую літаратуру розных часоў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — некаторым экспанатам ужо 200 і больш гадоў!
— Напэўна, у форуму будзе і матэрыяльны вынік?
— Абавязкова будзе, мы выдадзім зборнік дакладаў — самыя цікавыя з іх вызначыць рэдакцыйная рада з прадстаўнікоў Акадэміі навук, вышэйшых навучальных устаноў, арганізатараў форуму і нашага партнёра — кампаніі JTІ, з дапамогай якой кожны ўдзельнік форуму атрымае зборнік у электронным і друкаваным выглядзе. Для нас гэта вельмі важна, бо напісанае застаецца. Кнігі плануецца перадаць ва ўсе рэгіёны, а таксама ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, на базе якога працуе кафедра падрыхтоўкі краязнаўцаў, Універсітэт культуры і мастацтваў, вядучыя бібліятэкі, каб выданне працягвала жыць і быць карысным.
Адна з адметнасцяў першага Рэспубліканскага краязнаўчага форуму — удзел у ім школьнікаў і студэнтаў. Для іх будуць працаваць асобныя секцыі — «Пазашкольнае краязнаўства: вопыт рэгіёнаў» і канферэнцыя «Моладзь і краязнаўства», на якіх вучні і студэнты змогуць прадэманстраваць сваю работу і ведаць, што яна будзе заўважана і ацэнена. Кожнаму ўдзельніку арганізатары ўручаць адпаведны сертыфікат і прома-пакет, найлепшыя даклады ўключаць у выніковы зборнік, а іх аўтары атрымаюць спецыяльныя прэміі ад журы.
Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!