Вы тут

Юзаф Аляшкевіч (1777—1830)


Мастака Юзафа Аляшкевіча сучаснікі лічылі старамодным і дзіўным чалавекам. «Адносіны да яго асоб, нават высокапастаўленых, былі такія, як вучняў да настаўніка-сябра. Апроч таго, яго амаль энцыклапедычная вучонасць, а галоўнае, рэдкія якасці душы і хрысціянскія дабрачыннасці, асабліва пакорлівасць, якая не дапускала ў ім і ценю ганарыстасці ад поспехаў, прыдбалі яму любоў і павагу ва ўсіх, хто знаў яго, — зазначалі сучаснікі.


Сын беднага музыканта з Радашковіч, пазбаўлены сталай матэрыяльнай падтрымкі, Юзаф дасягнуў вяршынь мастацтва сваім талентам. Ён прыцягнуў увагу аматара мастацтва графа Аляксандра Хадкевіча, які замовіў Аляшкевічу вялікую кампазіцыю з алімпійскімі багамі. Палатно «Алімп» спадабалася графу, і з грашовай падтрымкі Хадкевіча Аляшкевіч у 1803—1806 гадах вучыўся ў Парыжы ў заснавальнікаў французскага класіцызму мастакоў Давіда Энгра і Жана Луі Давіда. Пасля вяртання з-за мяжы Юзаф Аляшкевіч жыў у графскім маёнтку Пекалава на Валыні і аказаўся ў становішчы прыдворнага мастака, вымушанага не толькі выконваць замовы свайго гаспадара-апекуна, але і дагаджаць ягонаму мастацкаму густу. Тады панавала эстэтыка класіцызму з яе антычнымі ідэаламі ўзвышанага і гераічнага. У Пекалаве Аляшкевіч напісаў 11 карцін у класічным стылі, самай вядомай з якіх стала карціна «Развітанне гетмана Хадкевіча з маладой жонкай перад адпраўленнем пад Хацін» (захоўваецца ў палацы-музеі Замойскіх у Казлоўцы). Гістарычнаму мінуламу Рэчы Паспалітай Аляшкевіч прысвяціў яшчэ адну карціну — «Абарона Церабоўлі», дзе паказаў гераізм абаронцаў ад туркаў у 1675 годзе.

Да эпічнага жанру Аляшкевіч вымушаны быў звяртацца дзеля кар'еры мастака. Так, у 1810 годзе за карціну «Смерць Клітамнестры» ён быў прыняты ў члены імператарскай Акадэміі мастацтваў, а за карціну «Дабрадзейнасць імператрыцы Марыі Фёдараўны» (знаходзіцца ў Дзяржаўным Рускім музеі) атрымаў у 1812 годзе званне акадэміка жывапісу ў Імператарскай Акадэміі мастацтва. Нават калі ўлічыць кан'юнктурнасць тэмы, дык усё роўна за Аляшкевіча сведчыў высокі мастацкі ўзровень.

Але прызнанне мастаку прынеслі ўсё ж партрэты, у якіх ён паказваў сутнасць і характар чалавека. На партрэтах Аляшкевіча шэраг гістарычных асоб — гэта і яго апякун Аляксандр Хадкевіч, славуты вучоны і асветнік Марцін Пачобут-Адляніцкі, дзяржаўны дзеяч Адам Чартарыйскі, рэктар Віленскага ўніверсітэта Геранім Страйноўскі, паэт Адам Міцкевіч, музыкант Аляксей Львоў, палкаводзец Міхаіл Кутузаў, кампазітар Міхаіл Клеафас Агінскі, князь Мікалай Радзівіл, граф Леон Сапега і іншыя.

Між іншым Юзаф Аляшкевіч вызначаўся не толькі мастацкім талентам. Яго містычныя разважанні слухалі зачаравана, як прамовы жраца. Увогуле Аляшкевіч вызначаўся сваімі прароцтвамі, — прадказаў паводку ў Пецярбургу, праліццё крыві на Сенатнай плошчы; за маральны аўтарытэт Аляшкевіча нават выбралі кіраўніком масонскай ложы «Белы арол». Высокае становішча не закружыла галаву мастаку: жыў ён сціпла, грошы, заробленыя пэндзлем, аддаваў беднякам і часта сам галадаў, у сардэчнай прастаце дараваў і зладзеям, якія абкрадалі яго. Вядомы выпадак, калі ён яшчэ аддаў дзесяць рублёў злодзею — маўляў, чалавеку яны больш патрэбныя. Кранальны ягоны клопат пра бадзячых кошак і сабак на ўтрыманне якіх ён даваў грошы.

...Праводзілі Аляшкевіча ў апошні шлях і знаць, і беднякі, якія шчыра аплаквалі свайго дабрадзея. Ягоны біёграф Мараўскі трапна выказаўся: «Можна было яго ці менш, ці болей любіць, але немагчыма было не любіць яго... Здавалася, што апроч свайго паклікання і прысвячэння мастацтву гэты чалавек меў іншую місію. Але таксама ўсё мяне пераконвае, што адышоў ён ад нас неспазнаны з-за таго, што яго спазнаць былі не вартыя».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.