Вы тут

У нас знікла зіма. Ці надоўга?


Сярэдняя тэмпература зімы 2019—2020 гадоў у нашай краіне склала плюс 1,5 градуса. Гэта на 5,5 градуса вышэй за кліматычную норму. Як адзначае намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Святлана Кузьміч, такая цёплая зіма на тэрыторыі Беларусі адзначаецца ўпершыню за ўвесь час інструментальных нацыянальных назіранняў (а вядуцца яны ўжо 140 гадоў).


Згодна з нацыянальнай нормай тэмпературы ў халодны перыяд, кліматычная зіма на тэрыторыі нашай краіны так і не надышла. Ва ўсе зімовыя месяцы так і не адбыўся пераход сярэдняй тэмпературы праз нуль у бок паніжэння. На гэты раз мы атрымалі сярэднееўрапейскую зіму, якая адзначаецца плюсавымі тэмпературамі, змешанымі ападкамі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, а таксама поўнай адсутнасцю снежнага покрыва.

Ці не самы цёплы год

Ва ўсе месяцы (акрамя студзеня і ліпеня) мінулага года ў Беларусі назіраліся станоўчыя тэмпературныя анамаліі. Тут жа спецыяліст адзначыла: сярэднегадавая тэмпература склала плюс 8,8 градуса, пры норме плюс 6,7 градуса. Перавышэнне на больш чым у два градусы лічыцца істотнай анамаліяй. На нашай планеце гэта быў амаль самы цёплы год. Цяплей было толькі ў 2016-м.

Практычна ў кожным месяцы ў нас назіраліся змены сярэднямесячных тэмператур у бок павышэння. Выключэннем стаў студзень з сярэднім значэннем мінус 5,1 градуса, што ніжэй за норму на 0,7 градуса. Менавіта ў студзені быў зафіксаваны гадавы мінімум тэмператур на метэастанцыі «Брагін», які склаў мінус 24,1 градуса. Ніжэй за норму тэмпература была таксама ў мінулым ліпені — на 1,3 градуса. Пры гэтым 1 ліпеня адзначана самая высокая тэмпература за год — плюс 36,4 градуса. «Рэкорд устаноўлены таксама ў Брагіне», — расказала Святлана Кузьміч.

Тэмпературны рэжым па сезонах года склаўся наступным чынам. Сярэдняя тэмпература вясны дасягнула плюс 8,8 градуса — на 1,9 градуса вышэй за норму. Вясна 2019 года стала трэцяй у ранжыры ад самай цёплай да самай халоднай. Лета таксама выдалася цёплым. Перавышэнне нормы склала 1,2 градуса, а сярэдняе значэнне — 18,6 градуса. Пры гэтым чэрвень стаў па-сапраўднаму гарачым — плюс 21 градус (на 4,6 градуса вышэй шматгадовых назіранняў). А вось жнівень выдаўся цалкам звыклым — усяго на 0,4 градуса вышэй за норму. Увосень назіралася цёплае і камфортнае надвор'е. Сярэдняя тэмпература гэтай пары года паўтарыла вясновыя паказчыкі — плюс 8,8 градуса. Такая цёплая асенняя пара адзначаецца другі раз за апошнія 75 гадоў. Цяплей было толькі ў 1967 годзе.

Завяршыўся год цёплым снежнем. Сярэдняя тэмпература апошняга месяца склала плюс 1,9 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 5,2 градуса. Гэты снежань стаў другім самым цёплым у гісторыі. Больш высокія значэнні адзначаліся толькі ў 2006 годзе — 2,6 цяпла.

У цэлым за 2019 год па Беларусі адзначаўся недабор ападкаў. Выпала 576 мм, што складае 89 % сярэднегадавой нормы (650 мм). Найменшая колькасць ападкаў выпала ў красавіку — 7 мм (18 % ад нормы). Найбольшая — у ліпені, 91 мм (107 % ад нормы). Сутачны максімум ападкаў адзначаны ў ліпені на метэастанцыі «Езярышча», там выпала 113 мм, або 127 % месячнай нормы па дадзеным пункце.

Планета зелянее

Дырэктар ДНУ «Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі», загадчык Цэнтра кліматычных змяненняў, доктар фізіка-матэматычных навук прафесар Сяргей Лысенка сцвярджае, што ў нашай краіне ў апошні час назіраецца павелічэнне расліннага покрыва.

Калі казаць пра план, то ў мінулым годзе яна стала цяплейшай на 1,1 градуса за мінулыя 100 гадоў. На тэрыторыі нашай краіны інтэнсіўнасць росту тэмператур значна вышэйшая — 0,5 градуса за 10 гадоў, а ў летні перыяд і таго больш — 0,65—0,7 градуса за дзесяцігоддзе.

Глабальныя змены клімату прывялі да павелічэння ўтрымання вуглякіслага газу ў атмасферы, а гэта на большасці раслін адбіваецца дабратворна, бо вуглякіслы газ спрыяе фотасінтэзу. Як сведчыць інфармацыя са спадарожнікаў, з пачатку бягучага года ўся наша планета пазелянела. У асноўным расліннае покрыва павялічылася на тэрыторыях Кітая і Індыі, але і ў Еўропе адзначаюцца аналагічныя працэсы. На здымках з космасу відаць, што ў Беларусі таксама назіраецца рост наземнай біямасы. Разам з тым Сяргей Лысенка падкрэсліў, што змены клімату неспрыяльна адбіваюцца на хвойных культурах, але могуць быць цалкам спрыяльнымі для шэрагу лісцевых.

Прычыны пацяплення даследавала міжнародная група экспертаў. Перадусім — гэта антрапагенны фактар. Сюды адносяцца выкіды парніковых газаў. Яшчэ вялікі ўплыў маюць ваганні тэмпературы акіяна. За апошнія пяць гадоў тэмпература ў экватарыяльнай зоне Ціхага акіяна значна павышана. Гэта з'ява называецца Эль-Ніньё — ваганне тэмпературы паверхневага пласта вады ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяна. У 2015 годзе адбылося самае моцнае за ўсю гісторыю назіранняў Эль-Ніньё. Пасля яго і ў Беларусі на 1,5 метра апусціўся ўзровень грунтавых вод, абмялелі рэкі, асабліва на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Пачалося высыханне лясоў, на іх напаў караед. Цяпер усё павольна аднаўляецца.

Але ў ваганні тэмпературы Ціхага акіяна ёсць свае перыяды. На змену Эль-Ніньё можа прыйсці супрацьлеглае з'ява — Ла-Ніньё, паніжэнне паверхневай тэмпературы вады Ціхага акіяна ніжэй за кліматычную норму зоны. Напрыклад, з 1968 па 1998 год у нас ішоў хуткі рост зімовай тэмпературы. А з 1998 па 2014 год зімы сталі больш халоднымі. Тады казалі нават пра паўзу ў глабальным пацяпленні. Але гэта было звязана з ваганнямі тэмпературы Ціхага акіяна. Гэта значыць, халодныя зімы цалкам яшчэ могуць вярнуцца, лічыць Сяргей Лысенка.

Уменне кіраваць вадой

Яшчэ за савецкім часам на Палессі з'явілася мноства вадасховішчаў і меліярацыйных каналаў, якія служылі не толькі для назапашвання, але і для скіду вады. Гэта значыць, вясной падчас паводак яны забіралі лішнюю вільгаць, а летам пры засухах — аддавалі на палі. Пасля распаду Саюза па эканамічных прычынах сістэма працаваць перастала. Таму цяперашняя засушлівасць на поўдні краіны цалкам заканамерная.

Сяргей Лысенка прыводзіць лічбы: у пачатку 1990-х у Беларусі расходавалася каля 70 млн кубічных метраў вады на арашэнне, з іх амаль 20 млн прыходзілася на Гомельскую вобласць. У 2015-м аб'ёмы скараціліся да 4 млн кубоў на ўсю краіну. Гэта не магло не адбіцца на зніжэнні прадуктыўнасці сельскагаспадарчых культур. Але калі меліярацыйная сістэма запрацуе як трэба, то ў Гомельскай вобласці ўдасца павялічыць колькасць ападкаў у красавіку—маі на 5—10 %, а ў чэрвені — на 5—8 %.

Немалыя надзеі спецыялісты ўскладаюць і на лес. Дрэвы здольныя палепшыць фізічныя характарыстыкі глебы (сітаватасць і здольнасць збіраць вільгаць) і стрымліваць хуткі сцёк вады. Цяпер лясістасць беларускіх тэрыторый трымаецца на ўзроўні 42—47 %, а для лепшай падтрымкі воднага балансу павінна складаць 50—60 %. Прычым важна ўлічваць не толькі колькасць, але і якасць насаджэнняў. Хвойныя віды дрэў абавязкова трэба чаргаваць лісцевымі, бо яны больш устойлівыя ў новых кліматычных умовах.

Яшчэ адзін метад палепшыць здольнасць глебаў падтрымліваць вільгаць — уносіць у іх торф. У краіне дастаткова тарфяных адкладанняў глыбінёй да 10 метраў. Сыравінай з іх можна ўзбагачаць сухія землі альбо рабіць угнаенні на аснове торфу.

Намеснік дырэктара Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі па навуковай рабоце доктар сельскагаспадарчых навук Мікалай Цыбулька адзначае, што для паспяховай вегетацыі раслін запас прадуктыўнай вільгаці ў глебе павінен быць 40 мм. Цяпер глеба насычана на 80 мм, але гэтага не дастаткова. Чаму? Пры павышэнні тэмпературы падчас актыўнага вясновага сонца вільгаць будзе хутка выпарацца. У мінулыя гады дастаткова вады на палі прыходзіла за кошт раставання снягоў. А цяпер снегу няма наогул. І гэта праблема.

На думку спецыяліста, у бліжэйшы час трэба паспець унесці ў глебу мінеральныя ўгнаенні і пасеяць яравыя культуры.

І чалавек тут зусім ні пры чым?

У апошні час людзі звяртаюць павышаную ўвагу на наступствы дэфармацыі прыроды ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека. Нас пастаянна палохаюць катастрафічнымі наступствамі змяненняў клімату. А на страху перад невядомым цалкам рэальна зарабіць прэстыж і грошы. І нярэдка тут бывае больш геапалітыкі, чым навукі, гаворыць галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра кліматычных даследаванняў НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Логінаў.

Па яго словах, і ў той час, калі ўплыў чалавека ў прамысловасці быў нікчэмна малы, у цёплыя перыяды сярэднегадавая тэмпература арктычных шырот падымалася на некалькі градусаў. Тое ж самае адбывалася ў 1930-х гадах на Шпіцбергене і ў Грэнландыі. Аднак сярэднегадавыя выкіды вуглякіслага газу тады былі меншыя, чым цяпер, як мінімум у чатыры разы. Пры гэтым адзначаюцца перыяды, калі пры самым інтэнсіўным росце канцэнтрацыі парніковых газаў глабальная тэмпература на планеце не павялічвалася. Амаль такі ж рост тэмпературы, як у 1976—1998 гадах, адзначаўся з 1908 па 1945 год, а затым наступала яе падзенне.

Раставанне ледавікоў, аб якім так шмат гаворыцца сёння, пачалося прыкладна ў сярэдзіне XІX стагоддзя. А інтэнсіўна спальваць вугаль і нафту мы сталі пазней — у канцы XІX стагоддзя. Вядома, уплыў чалавека на змяненне клімату адмаўляць нельга. Усё пытанне ў тым, ці варта ўскладаць на яго ўсю меру адказнасці за тое, што адбываецца. Трэба ўлічваць і прыродныя фактары.

Уладзімір Логінаў адзначае, што ў Еўропе такая анамальна цёплая зіма ўжо назіралася 200 гадоў таму. Ёсць дакладныя звесткі, што ў 1819 годзе ў Еўропе ў лістападзе і ў снежні квітнелі сады.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Глабальнае змяненне клімату

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў, які захаваўся ў некранутым стане і які за разнастайнасць азёр, рэк і балот празвалі Еўрапейскай Амазонкай (ці морам Герадота), усё яшчэ застаецца невядомым шырокаму колу турыстаў

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.