Вы тут

Як у Мінскім раёне вырашаюць праблему з якасцю вады


У беларускіх падземных водаў ёсць адзін істотны недахоп — павышаная колькасць жалеза. Жорсткасць, марганец і нават нітраты — не выключэнне. Сучасныя тэхналогіі з лёгкасцю дапамагаюць ад гэтага пазбавіцца, але і каштуюць немалых грошай. І не кожная мясцовая ўлада імкнецца «ахвяраваць» іх водаканалам дзеля рашэння такіх важных праблем. Але ў нашай гісторыі ўсё наадварот. Гэта гісторыя пра тое, калі ўсё склалася найлепшым чынам, гісторыя аб прафесіяналізме, вечным пошуку і жаданні працаваць. Тая гісторыя, якую хочацца ставіць у прыклад астатнім.


Выгадная альтэрнатыва

У Мінскім раёне 240 населеных пунктаў, і сёння амаль у 50 з іх ёсць пэўныя праблемы з якасцю вады. У большасці выпадкаў галоўная прычына — павышаная колькасць жалеза, радзей сустракаюцца жорсткасць і нітраты. Яшчэ некалькі гадоў таму такіх праблем у раёне было значна больш, але за апошні час мясцовы водаканал здолеў вырашыць іх у многіх населеных пунктах.

— Мы пачалі самастойна збіраць мабільныя станцыі, якія дазваляюць вырашыць пэўную праблему. Калі б мы выбралі «класічны» варыянт рашэння і будавалі паўнавартасны аб'ект, то гэта б заняло больш часу, — тлумачыць галоўны тэхнолаг ДП «Водаканал Мінскага раёна» Вольга Жук. — У такім выпадку трэба было б распрацоўваць пэўную дакументацыю, дзе ўвагу ўдзяляюць важным, але не першарадным рэчам — генплану, дарогам, агароджам, кабельным лініям і проціпажарным нарматывам.

Гэта значыць, што на рэалізацыю такога праекта дарагі час будзе затрачаны не толькі з-за працяглай падрыхтоўкі, але і з-за грошай — такія аб'екты каштуюць нямала (мінімум, у тры разы даражэй за мабільную станцыю), а менавіта на рашэнне канкрэтнай праблемы выдаткоўваецца толькі 25—30 % усіх затрат.

— Акрамя таго, якасць вады можа змяняцца, і мабільнасць такой сістэмы дазваляе нам перавезці і падключыць яе да іншай свідравіны, — адзначае спецыяліст.

Сёння ў Мінскім раёне працуюць 26 такіх станцый, яшчэ 12 плануецца ўстанавіць сёлета. У асноўным яны дазваляюць зніжаць узровень жалеза ў вадзе, недзе дзякуючы такім станцыям вырашаюць праблему з нітратамі, а летась першы, і пакуль адзіны, аб'ект па змякчэнні вады запусцілі ў пасёлку Юбілейным. А калі ў нейкім населеным пункце з вадой існуе адразу некалькі праблем, то спецыялісты водаканала будуюць камбінаваныя станцыі. Пры гэтым 90 % усіх работ фактычна выконваюць некалькі чалавек — агульнае кіраўніцтва ажыццяўляюць галоўны інжынер, яго намеснік і галоўны тэхнолаг, а збор абсталявання — слесары ААР.

Выніковыя лічбы

Усё абсталяванне водаканал купляе праз конкурс, а ў якасці «абалонкі» для яго спецыялісты выкарыстоўваюць металічныя кантэйнеры, павільёны над свідравінамі ці манціруюць камеры з жалезабетону. На станцыях абезжалезвання ачыстка вады робіцца па адным і тым жа прынцыпе — кісларод акісляе жалеза. А вось глыбокую ачыстку ўжо выконваюць фільтры, і іх загрузка залежыць ад пэўных характарыстык вады (мутнасці, колеру, паху і г. д.). Усё гэта спецыялісты падлічваюць яшчэ перад тым, як купіць абсталяванне. Выходзіць, што кожная ўстаноўка па-свойму ўнікальная — якасць вады і колькасць жыхароў могуць істотна адрознівацца ў населеных пунктах.

Напрыклад, у Новай Вёсцы пражывае 44 чалавекі, і там у адным літры вады змяшчаецца ажно 1,47 мг жалеза, а вось пасля таго як вада праходзіць праз станцыю, гэты паказчык зніжаецца да 0,14 мг (па правілах колькасць жалеза ў пітной вадзе не павінна перавышаць 0,3 мг. — «Зв.»). У адным з раёнаў Заслаўя такім чынам якасную ваду атрымалі чатыры тысячы спажыўцоў — паказчык жалеза знізілі з 0,97 да 0,11 мг/л. А ў хуткім часе якаснай паслугай забяспечаць увесь горад.

А вось з'яўленню нітратаў у вадзе «спрыяюць» сельскагаспадарчыя ўгоддзі, якія знаходзяцца непадалёку. У такім выпадку ўжо патрэбна выкарыстоўваць больш дасканалыя тэхналогіі. Выдаляць нітраты дапамагае смала, а звычайную кухонную соль выкарыстоўваюць, каб аднавіць работу фільтраў. Калі раней у вёсцы Цна ў адным літры вады было 99,6 мг нітратаў, то пасля будавання станцыі іх стала толькі 16,89 (норма па правілах — 45 мг/л).

Уласна кажучы, такія ж тэхналогіі выкарыстоўваюць і на станцыі змякчэння ў Юбілейным. І нягледзячы на тое, што паказчык жорсткасці вады быў у межах нормы (7 градусаў жорсткасці), уласнікі кватэр дома ТУ «Юбілейны-2012» пастаянна скардзіліся на якасць гарачай вады. Невялічкая станцыя, якую размясцілі ў падвале дома, дазволіла знізіць паказчык да 1 градуса жорсткасці.

Калі гарыш справай

Сабраць і ўстанавіць такія станцыі — толькі палова справы. Каб яны добра працавалі, іх трэба правільна абслугоўваць — раз ці два на тыдзень спецыялісты выязджаюць на месца, каб выканаць пэўныя работы і зрабіць экспрэс-тэсты для кантролю якасці вады. А поўны аналіз проб хутка будуць рабіць ужо ва ўласнай лабараторыі водаканала, якую плануюць запусціць у гэтым годзе ў Заслаўі.

— Галоўнае для нас — здароўе людзей, менавіта гэта і падштурхнула вырашыць праблему як мага хутчэй. Акрамя часу, мы істотна эканомім сродкі бюджэту і прадпрыемства. Калі людзі атрымліваюць дрэнную ваду, то мы робім для іх зніжкі, арганізуем падвоз
вады, — кажа Вольга Васілеўна. — Цяпер у першую чаргу мы хочам пазбавіцца ад нітратаў і ўжо потым паступова вырашаць пытанне з колькасцю жалеза ў вадзе. Аднак дасягнуць такіх поспехаў нам дапамагла і фінансавая падтрымка з боку мясцовых улад.

І калі раней дырэктар Водаканала Мінскага раёна Дзмітрый Дрозд казаў, што першапачаткова такія станцыі для іх здаваліся своеасаблівымі касмічнымі караблямі, то з цягам часу яны сталі проста спосабам вырашыць пэўную праблему. У аграгарадку Сёмкава ўжо з'явілася першая мабільная станцыя абезжалезвання серыйнай вытворчасці (пасля яе запуску жалеза ў вадзе нават не знайшлі. — «Зв.») — на прадпрыемстве запусцілі паўнавартасны цэх па іх вырабе. За іх работай ужо будуць сачыць з дыспетчарскага пункту, а для абслугоўвання створаць спецыяльную сервісную службу, у якую ўжо пачалі набіраць супрацоўнікаў. Гэта значыць, што спецыялісты прадпрыемства цяпер змогуць не проста кансультаваць сваіх калег (якія таксама ўжо пачалі збіраць падобныя ўстаноўкі), а ў перспектыве нават і прадаваць свае станцыі.

— Каб не губляць час, мы плануем адкрыць і ўласнае праектнае бюро. Нягледзячы на тое, што мы не будуем паўнавартасныя аб'екты з генпланам, праект усё роўна павінен быць распрацаваны. Калі звяртаешся па дапамогу да іншых арганізацый, трэба прытрымлівацца пэўных працэдур (напрыклад, правесці конкурс па выбары такой арганізацыі), у выніку рэалізацыя ўсяго праекта займае шэсць ці сем месяцаў, а для будавання станцыі нам патрэбна толькі два тыдні. Дзякуючы ўласным праекціроўшчыкам, мы зноў сэканомім сродкі і зможам вырашыць усе праблемныя пытанні ў раёне да 2025 года, — тлумачыць галоўны тэхнолаг.

А з цягам часу на прадпрыемствы плануюць пачаць выпуск модульных каналізацыйна-помпавых станцый (для перапампоўвання сцёкавых вод), станцый другога пад'ёму (для падачы вады) і зліўных станцый (выкарыстоўваюць на ачышчальных збудаваннях, каб прымаць сцёкі з бочак).

І вось тут ужо можна смела сказаць, што калі поспех прыносіць адна справа, то пачынаеш бачыць выхады і з іншых сітуацый. Аднак прыйсці да гэтага можна толькі ў тым выпадку, калі сапраўды гарыш сваёй справай. І хай у гэтай гісторыі не заваёўваюць космас у літаральным сэнсе, гэта зусім не перашкаджае супрацоўнікам водаканала мець такое жаданне і ствараць свае касмічныя караблі.

Валерыя Кіслая, фота аўтара

Загаловак у газеце: Пра жаданне заваёўваць космас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».