Вы тут

На парадку дня прафсаюза. Якія праблемы хвалююць работнікаў адукацыйнай галіны?


За пяць апошніх гадоў у арганізацыйныя структуры Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі паступіла больш за 345 тысяч зваротаў. Асноўная іх тэматыка — просьбы аб аказанні матэрыяльнай дапамогі, пытанні звальнення і працаўладкавання, кампенсацыя кошту санаторных пуцёвак і іншыя. Таксама за гэты час пры садзейнічанні спецыялістаў прафсаюза работнікам адукацыйнай галіны вярнулі каля двух мільёнаў рублёў, якія былі незаконна ўтрыманыя ці не выплачаныя наймальнікамі. Акрамя таго, юрысты галіновага прафсаюза склалі 121 іскавую заяву і прадстаўлялі інтарэсы работнікаў у судзе 41 раз. Праз суд на працоўным месцы былі адноўлены 13 чалавек. Гэтыя лічбы былі агучаны падчас Х з'езда Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Фінансавы дабрабыт

Сярод галіновых прафсаюзаў Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі — першая па колькасці арганізацыя, якая аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 610 тысяч чалавек: прадстаўнікоў як дзяржаўных, так і прыватных устаноў адукацыі, навучэнскую моладзь, аспірантаў, дактарантаў, работнікаў Нацыянальнай акадэміі навук. Іх праблемы, занятасць і заробак — штодзённы клопат прафсаюзнай арганізацыі. 15 апошніх гадоў старшынёй ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі быў Аляксандр БОЙКА. Таму менавіта ён і выступаў на з'ездзе са справаздачай за апошнюю пяцігодку (на новы тэрмін старшынёй абраная Таццяна ЯКУБОВІЧ).

ЦК прафсаюза пастаянна засяроджваў увагу органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутацкага корпуса і грамадства ў цэлым на праблеме павышэння сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў. Бо фінансавы і маральны дабрабыт работнікаў галіны — гэта ключавыя фактары яе якаснага росту, — падкрэсліў у сваім выступленні Аляксандр Бойка.

Сярэднямесячная заработная плата ў адукацыі за 2019 год склала 767,6 рубля: у педагагічных работнікаў — 900,2 рубля, настаўнікаў — 945,5 рубля, прафесарска-выкладчыцкага складу — 1357,7 рубля. Намінальная налічаная заработная плата за 2015—2019 гады павялічылася на 283,8 рубля, або на 58,7 %.

Аднак, нягледзячы на ўсе меры, што прымаюцца, сістэма адукацыі па ўзроўні налічанай сярэднямесячнай заработнай платы сярод паказчыкаў па асобных відах эканамічнай дзейнасці знаходзіцца на перадапошняй пазіцыі. Рост рэальнай заработнай платы з 2015 па 2018 гады ў адносінах да індэксу спажывецкіх коштаў не пакрываў рост коштаў на тавары і паслугі.

«Таму наша агульная з сацыяльнымі партнёрамі задача — выхад на сярэднюю заработную плату ў галіне на ўзроўні 80 % ад сярэдняй па краіне, а заробкі ў прафесарска-выкладчыцкага саставу павінны складаць 150 % ад сярэдняга заробку па краіне», — адзначыў Аляксандр Бойка.

З 1 студзеня бягучага года падыходы да аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы змяніліся. На «гарачую лінію» ФПБ паступілі 252 званкі ад розных катэгорый работнікаў адукацыі (пераважна ад педагогаў) па пытаннях іх прымянення. Людзі звяртаюцца па тлумачэнні аб налічэнні заработнай платы па разліковых лістках, парадку разліку надбаўкі за стаж працы ва ўстанове адукацыі, устанаўленні надбавак за працу па кантракце, парадку налічэння прэміі, з пытаннямі па аднаразовай выплаце пры сыходзе ў адпачынак, па аказанні матэрыяльнай дапамогі работніку, устанаўленні надбавак за спецыфіку работы ў сферы адукацыі педагагічным работнікам і кіраўнікам устаноў адукацыі, па памерах надбавак за кваліфікацыйную катэгорыю. Работнікаў галіны хвалююць пытанні аплаты іх працы ў лютым, сакавіку і гэтак далей.

— Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, намі, Міністэрствам адукацыі была праведзена вельмі вялікая тлумачальная работа, але сказаць, што дайшлі да кожнага члена прафсаюза, нельга, паколькі ёсць шмат тэхнічных памылак, шмат завышаных чаканняў у педагогаў. Больш памяркоўнасці і прафесіяналізму неабходна ў гэтай сітуацыі праявіць і бухгалтарскім службам, — лічыць Аляксандр Бойка.

Заробкі бухгалтараў і кіраўнікоў

— У лютым работнікі бюджэтных арганізацый атрымалі заработную плату, налічаную ў адпаведнасці з новымі ўмовамі аплаты працы. Нягледзячы на вялікую тлумачальную працу ў працоўных калектывах, якая праводзіцца сумесна са спецыялістамі ўпраўленняў і аддзелаў адукацыі, пытанняў узнікае шмат. Абсалютная большасць іх здымаецца на месцах, частка — у ходзе «гарачых ліній» і маніторынгаў. Але ёсць пытанні, якія могуць быць вырашаны толькі шляхам унясення карэктываў у нарматыўныя дакументы, — адзначыла ў сваім выступленні старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера ГРЫШЭЧКА. — Перш за ўсё, пытанні датычацца ўстаноўленых пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны тарыфных разрадаў па пасадах «бухгалтар», «эканаміст» і «юрысконсульт». Гэта ў абсалютнай большасці спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Пры стажы працы да пяці гадоў, наяўнасці надбаўкі па кантракце і 5 % прэміі іх заработная плата застаецца ніжэйшай за мінімальную.

У складанай сітуацыі аказаліся кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Па-першае, частцы работнікаў неабходна было кампенсаваць страты па стажу, даплаціць да мінімальнай заработнай платы. Але прапісаць гэта непасрэдна ў палажэннях калектывы не могуць. Па-другое, выраўноўваючы заработную плату за студзень і снежань, намеснікам кіраўнікоў і кіраўнікам структурных падраздзяленняў, якія маюць вучэбную нагрузку, давялося даплочваць вялікія сумы з фонду за высокія дасягненні ў працы, паколькі надбаўка за спецыфіку працы ў сферы адукацыі ім устаноўлена ў памеры 30 %, як і настаўнікам без катэгорыі. А гэтыя пасады займаюць лепшыя работнікі, як правіла, з першай і вышэйшай катэгорыямі. Логіка падказвае, што павышэнне павінна быць хоць бы на ўзроўні першай катэгорыі. Па-трэцяе, складана растлумачыць работнікам, чаму паменшыўся працэнт надбаўкі па кантрактах. Калі б яго пакінулі на тым жа ўзроўні, змаглі б павялічыць нарміруемую частку заработнай платы.

Вера Грышэчка паведаміла, што ў Гродзенскай вобласці вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з маладымі спецыялістамі. За кожным з іх замацоўваецца настаўнік. Згодна з калектыўным дагаворам, выдзяляецца матэрыяльная дапамога на кампенсацыю выдаткаў за наём жылога памяшкання і праезд да месца працы.

Прымаюцца меры па забеспячэнні жыллём. Гродзенскі гаркам прафсаюза сумесна з аддзелам адукацыі гарвыканкама вядуць улік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы працы. За пяць гадоў з падтрымкай дзяржавы пабудавана 130 кватэр для работнікаў сістэмы адукацыі горада. Актыўна працуюць па прадастаўленні месцаў у інтэрнатах розных арганізацый Гродна і Навагрудскі раён, арэнднага жылля — Воранаўскі і Астравецкі раёны, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. У 2019 годзе 30 маладых спецыялістаў у Астраўцы былі забяспечаны арэндным жыллём.

Нарматворчыя прабелы

Важную праблему ўзняў на з'ездзе старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Раман ЧУЛЬ. З ёй сутыкнуліся ўсе вучэбныя ўстановы краіны пасля зацвярджэння Саветам Міністраў напрыканцы года новай рэдакцыі «Палажэння аб парадку фарміравання пазабюджэтных сродкаў, ажыццяўлення выдаткаў, звязаных з дзейнасцю, што прыносіць даходы, накіраванні і парадку выкарыстання сродкаў, якія засталіся ў распараджэнні бюджэтнай арганізацыі».

У дакуменце не прадугледжана магчымасць прэміравання студэнтаў і навучэнцаў, якія атрымліваюць адукацыю на платнай аснове. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі пазбаўлены цяпер магчымасці заахвочваць студэнтаў і навучэнцаў, якія дабіліся высокіх паказчыкаў у навуцы, спорце, грамадскай рабоце і г. д., адмяняецца спартыўнае харчаванне студэнтаў высокай спартыўнай кваліфікацыі, льготнае харчаванне студэнтаў. З'явіліся пытанні па фінансаванні выязных рэспубліканскіх універсіяд і спартакіяд.

— Прывяду маленькі прыклад. Наш універсітэт у якасці валанцёраў накіраваў на ІІ Еўрапейскія гульні 248 студэнтаў, а ў мерапрыемствах па перапісе насельніцтва летась удзельнічалі 156 студэнтаў. 40 % ад агульнай іх колькасці складалі студэнты-платнікі. У 2019 годзе яны былі заахвочаны выплатамі з пазабюджэту ў памеры ад 15 да 50 рублёў кожны, — паведаміў Раман Чуль. — У сувязі з гэтым прашу ініцыяваць унясенне змяненняў у пастанову Савета Міністраў, прадугледзеўшы магчымасць ажыццяўляць выплаты стымулюючага характару навучэнцам з пазабюджэтных сродкаў устаноў адукацыі ў частцы сум перавышэння даходаў над выдаткамі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі