Вы тут

«Жанчына ў пагонах заўсёды застаецца дамай!»


— За рулём ужо шосты год. На правы кіроўцы здала, каб быць мабільнай. Інакш з маім насычаным графікам нічога не паспець, — спрытна заскокваем у аўтамабіль да ўчастковага інспектара міліцыі Фрунзенскага РУУС сталіцы капітана міліцыі Ірыны Загарэльскай.


Яна служыць у органах унутраных спраў з 2001 года. Пра свой прафесійны шлях расказвае з задавальненнем:

— Дзесяць гадоў адпрацавала ў Следчым ізалятары № 1 Мінска. Прыйшла 19-гадовай дзяўчынай. Маленькая, худая. Дагэтуль жартую, што мяне выхавалі калегі, — усміхаецца. — На той час служылі там і мае бацькі. Дапамаглі асвоіцца. Увогуле, усё лёгка даецца, калі справа падабаецца.

Па першай адукацыі Ірына кантралёр АТК (эксперт, які ацэньвае якасць прадукцыі на прадпрыемстве). Але па спецыяльнасці не працавала:

— Разумела: не маё. Марыла пра афіцэрскае званне. Паступіла на завочную форму навучання ў каледж МУС у Магілёў. Кіраўніцтва дало накіраванне. Мне заўсёды шанцавала з начальнікамі: за 19 гадоў службы трапляліся выключна прафесіяналы.

«Участковы — ён усюды і заўсёды»

— Муж цікавіцца машынамі. Якога толькі транспарту ў нас не было! Зараз Дзіма кіроўца-экспедытар міжнародных перавозак. Прасцей кажучы, дальнабойшчык, — знаёміць з сям'ёй суразмоўніца. — Цяжка адной з трыма дзецьмі, калі ён у рэйсе. Але і яму са мной таксама нялёгка!

Старэйшаму сыну Ірыны і Дзмітрыя Аляксандру — 16 гадоў, двайнятам Дзянісу і Івану — па 8.

— Усё жыццё дома і на службе мяне акружаюць адны мужчыны. У мяне нават кот мужчынскага полу! Калі шчыра, мне з моцнай паловай чалавецтва прасцей знайсці агульную мову. Люблю, калі ўсё выразна і зразумела, без лішніх слоў.

Участковым інспектарам міліцыі Ірына працуе з 2011 года:

— Шкада губляць калектыў, які склаўся. Вось і затрымалася тут надоўга. Цудоўныя калегі пераважваюць нават амбіцыі! Увогуле, служба — усюды служба. Нідзе не лёгка!

Пра сваю справу капітан міліцыі гатовая расказваць доўга. І робіць гэта з непадробным інтарэсам. У момант гутаркі мабільны тэлефон Ірыны не змаўкае:

— Участковы — ён паўсюль і заўсёды. Чалавек можа патэлефанаваць з нейкай праблемай і раніцай, і ноччу. Я адкажу, нават калі выхадная, але растлумачу, куды далей звяртацца па дапамогу. Калі прапускаю званок, абавязкова ператэлефаноўваю. Людзі ж не проста хочуць даведацца, як у мяне справы!

Але бывае і такое, прызнаецца міліцыянер:

— Зараз на маім адміністрацыйным участку каля пяці тысяч чалавек. Мы ў асноўным працуем з пажылымі людзьмі і тымі, хто злоўжывае спіртнымі напоямі. Менавіта апошнія часта ладзяць разборкі з бойкамі. Сваіх «падапечных» ведаю добра. Дык вось некаторыя з іх са святамі ў месенджарах віншуюць. Пра Дзень міліцыі згадваюць абавязкова. Здаецца, дробязь, а прыемна. Маленькае пацвярджэнне таго, што ўсё раблю правільна.

«Бывае, прыйду дадому і плачу»

— Складана размяжоўваць асабістае і работу?

— Так, нават досвед не дапамагае. Асабліва калі справа датычыцца дзяцей, якія ад безадказнасці бацькоў знаходзяцца ў небяспецы, недаядаюць. Мне як маці бачыць гэта балюча. Бывае, прыйду дадому пасля цяжкай змены і нават плачу, — змаўкае. — Жанчына ў пагонах, за штурвалам самалёта альбо хірургічным сталом заўсёды застаецца дамай — эмацыянальнай!

Усяго ў Фрунзенскім РУУС тры жанчыны-ўчастковыя. Дзве дзеючыя, адна — у дэкрэтным адпачынку.

— Хатнія ведаюць: калі я адразу, як прыходжу са службы, накіроўваюся на кухню, у кватэры павінна настаць цішыня. Мне трэба пабыць сам-насам са сваімі думкамі мінімум хвілін дваццаць. У першую чаргу для таго, каб пераключыцца з работы на сям'ю, — тлумачыць суразмоўніца.

Ірына даражыць падтрымкай родных і з гонарам кажа, што з мужам заўсёды можа абмеркаваць любыя рабочыя моманты:

— Выгаваруся і лягчэй стане. Дзякуй, слухае, — смяецца. — Дзіма мне і псіхолаг, і сябар. У нас заўсёды было коратка: «Трэба на работу — ніякіх пытанняў». Нават калі гэта святочныя і выхадныя дні. Лічу, сямейныя скандалы часта ўзнікаюць праз тое, што людзі не ўмеюць адно аднаму саступаць. Развучыліся размаўляць. На жаль, усё часцей можна пачуць «я» замест «мы».

Жанчына прызнаецца: часам дакарае сябе за тое, што з-за работы няшмат часу праводзіць з дзецьмі:

— Напэўна, старэйшы сын таму і вырас такі самастойны. Калі я на службе, муж у рэйсе — двайняты пад яго наглядам. Ён іх і пакорміць, і ўрокі з імі зробіць. А яны ў нас жвавыя!

Аляксандр добра вучыцца. У ваенныя ці сілавыя структуры ісці не плануе: «Хопіць у сям'і аднаго міліцыянера». Хлопец — гуманітарый, хоча паступаць на настаўніка гісторыі.

— Ніводны Новы год я з сям'ёй не правяла — служба. Затое кожны раз выступаю ў ролі Дзеда Мароза. Прыязджаю з дзяжурства ў гадзіны чатыры раніцы і раскладваю пад ёлку падарункі, — дзеліцца. — Ніколі не прасіла ў калег замяніцца на святы. Сем'і ва ўсіх, чым я лепшая?! Адзінае, магу пра спараныя выхадныя спытаць.

«Дзеці малююць маму ў міліцэйскай форме»

— У нас ёсць гастранамічная традыцыя: раніцу суботы пачынаем з бліноў. Старэйшы ў пятніцу ўвечары закупляе малако, яйкі, муку. Персанальная Масленіца кожны тыдзень, — кажа Ірына. — Пакуль смажацца бліны, стаўлю варыцца суп, бо ўжо і абед хутка! Так каля пліты выхадныя і праходзяць. Лічу, што крыху разбэсціла сваіх мужчын. Страву на другі дзень пасля яе прыгатавання есці не хочуць. Хатнія любяць мяса і салаты. З выпечкі — чабурэкі, беляшы, — дадае. — Ведаеце, у першую чаргу ў сям'і я мама, жонка, а ўжо потым супрацоўнік міліцыі. Таму ствараць утульнасць у доме мая задача.

На пытанне, як усё паспявае, Ірына разводзіць рукамі: «Натура ў мяне такая. Я і стыль ў адзенні спартыўны люблю, каб зручна было».

— Летам зламала правую нагу і два месяцы правяла на бальнічным. Муж жартаваў: «Была б левая — села б за руль і паехала на службу», — расказвае. — Не ведала, куды сябе падзець — сумна! З першага дэкрэтнага выйшла на работу, калі малому споўнілася паўтара года. Не пакідала пачуццё, што я дома сяджу, а за мяне там працуюць. Неяк сорамна.

Але і адпачываць, сцвярджае суразмоўніца, яна таксама ўмее:

— Раз на год ездзім на маю малую радзіму ў Калінінград. У мяне там бабуля, стрыечны брат, дзядзька. У вольны час люблю паглядзець савецкія мультфільмы. Сучасную анімацыю, акрамя некаторых работ, не разумею. Няма ў ёй душы. Чытаю фэнтэзі.

Ірына завочна заканчвае ВНУ. Вучыцца на юрыста. «Сядзець без справы не змагу. Ведаю, што дзеці ганарацца мной. Малодшыя сыны малююць маму на 8 Сакавіка не з кветкамі, а ў міліцэйскай форме».

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы

Рэгіёны

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…