Вы тут

Генадзь Салавей: Людзі застаюцца працаваць на Гомельшчыне


Старшыня Гомельскага аблвыканкама ў традыцыйнай рубрыцы «Звязды», прысвечанай развіццю краіны на працягу 25 гадоў, разважае аб сённяшнім і заўтрашнім днях Гомельшчыны


— Генадзь Міхайлавіч, раскажыце, калі ласка, пра асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.

— Аснова эканомікі вобласці — прамысловы комплекс, які фарміруе каля 40 % валавага рэгіянальнага прадукту вобласці. Прамысловасць Гомельшчыны сёння — гэта больш за дзвесце буйных і сярэдніх, а таксама звыш тысячы малых прамысловых прадпрыемстваў. Многія з тых, што робяць значны ўнёсак у эканоміку рэгіёна, ведаюць усе. Гэта «Беларуснафта», «Мазырскі НПЗ», «БМЗ», «Гомсельмаш», «Гомельшкло», «Гомельскі хімічны завод», «СветлагорскХімвалакно», «Pагачоўскі МКК», «Спартак» і іншыя.

Летась прадпрыемствамі нашай вобласці выраблена прадукцыі на суму больш за 23 мільярды рублёў, што з'яўляецца самым вялікім аб'ёмам сярод рэгіёнаў краіны. Каля 65 % усяго аб'ёму вырабленай прадукцыі гомельскіх прадпрыемстваў экспартуецца. Унёсак вобласці ў сумарны экспарт краіны складае 12,5 %. Увогуле ж аб'ём валавога рэгіянальнага прадукту па леташніх выніках склаў 13,5 мільярда рублёў — гэта крыху больш за 10 % аб'ёму валавога ўнутранага прадукту краіны. У будаўнічай галіне нядаўна рэалізаваны шэраг важных праектаў. На ААТ «Гомельшкло» арганізавана вытворчасць энергазахавальнага шкла, BYR Energy Effіcіency and Generatіon Lіmіted пабудавалі на тэрыторыі Брагінскага раёна аб'екты па выпрацоўцы электраэнергіі на аснове натуральнага сонечнага выпраменьвання. Апошнім часам прайшла і мадэрнізацыя ААТ «Гомельбудматэрыялы».

— На Гомельшчыне цяпер вялікія надзеі ўскладаюцца на аб'екты, пабудаваныя з удзелам кітайскага капіталу. Некаторыя пачалі працаваць, іншыя чакаюць уводу ў эксплуатацыю. Які эфект для вобласці яны дадуць?

— Мы з нецярпеннем чакаем, калі новыя вытворчасці, створаныя на базе Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой працы» і ААТ «Светлагорскі ЦКК», пачнуць працаваць на поўную магутнасць. Завод па выпуску кардону ў Добрушы пачне дзейнічаць да канца года. 10 лютага Прэзідэнт краіны падпісаў указ, якім прадугледжваюцца меры, накіраваныя на рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці кардону. У дакуменце ёсць і пэўныя тэрміны яго завяршэння: увод у эксплуатацыю комплексу сёлета, а выхад на праектную магутнасць — у 2022 годзе. Што датычыцца Светлагорскага ЦКК, там Прэзідэнт Беларусі ажыццявіў сімвалічны пуск абсталявання лініі па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы. Мы ўжо бачым вынік работы новай вытворчасці ў Светлагорску. Атрымалася дасягнуць больш чым 90 % загрузкі магутнасцяў, больш за 75 % вырабленай прадукцыі экспартуецца. Плануем, што сёлета новы завод выйдзе на поўную праектную магутнасць. Рэалізацыя гэтых праектаў дазволіць не толькі стварыць новыя рабочыя месцы з годнай заработнай платай, але і павялічыць паступленні ў бюджэт у выглядзе падатковых адлічэнняў. Таксама гэта дасць магчымасць прадпрыемствам краіны не закупляць прадукцыю з-за мяжы, а, наадварот, прыцягнуць у краіну валюту.

— Знакавым для Гомельшчыны з'яўляецца будаўніцтва горна-абагачальнага камбіната ў Петрыкаве. Як яго ўвод паўплывае на развіццё райцэнтра ў прыватнасці і ўвогуле беларускага Палесся? Ці будуць праекты такога ж узроўню на Гомельшчыне ў найбліжэйшай перспектыве?

— Петрыкаўскае радовішча калійных соляў на сённяшні дзень — самае перспектыўнае. Яго распрацоўка дазволіць не толькі падтрымаць рудную базу ААТ «Беларуськалій», але і істотна павялічыць вытворчыя магутнасці прадпрыемства, якое будзе выпускаць новыя віды прадукцыі і паспяхова канкурыраваць на сусветным калійным рынку. Рэалізацыя праекта дазволіць забяспечыць прадпрыемства сыравіннымі запасамі да 7,2 мільярда тон. Праект знаходзіцца на завяршальнай стадыі. У планах — за тры гады выйсці на праектную магутнасць. Улічваючы маштаб праекта, а гэта каля двух мільярдаў долараў інвестыцый, мы разлічваем на тое, што ён станоўча паўплывае на сацыяльна-эканамічнае развіццё Петрыкаўскага раёна і Гомельскай вобласці ўвогуле. Тут будзе створана амаль дзве тысячы новых рабочых месцаў. Дзякуючы рэалізацыі праекта актыўна пашыраецца жыллёвае і грамадскае будаўніцтва. Летась здадзены ў эксплуатацыю жылыя дамы для работнікаў Петрыкаўскага ГАКа, працягваецца рэканструкцыя дома па вуліцы Заслонава, будуецца шматкватэрны жылы дом у мікрараёне № 21. Сёлета ў мікрараёне «Паўночны», дзе пражываюць супрацоўнікі ААТ «Беларуськалій», плануецца ўзвесці яшчэ адзін дом, а таксама дзіцячы садок на 240 месцаў. Новыя маштабныя інвестыцыйныя праекты прапрацоўваюцца на МНПЗ, БМЗ і Гомельскім хімічным заводзе. Пачата рэалізацыя вельмі важнага для рэгіёна праекта па будаўніцтве рачнога порта Ніжнія Жары ў Брагінскім раёне, што дазволіць забяспечыць выхад да мора па водным шляху.

— Сёння шмат гаворыцца пра развіццё лічбавай эканомікі. Якія планы ў гэтым кірунку ёсць на Гомельшчыне?

— Вялікае значэнне будзе мець стварэнне лічбавых платформаў для канвергенцыі розных сектараў эканомікі ў межах лічбавізацыі краіны. Важным крокам стане развіццё інфраструктуры воблачных тэхналогій (цэнтраў апрацоўкі даных). Адмысловая ўвага будзе звернута на аптымізацыю электроннага дакументазвароту ў сферах дзяржаўнага кіравання і бізнесу. Завяршаецца перавод пераважнай колькасці адміністрацыйных працэдур у электронную форму. Адбудзецца пераход дзяржаўных органаў і арганізацый на выкарыстанне тэхналогіі «воблачных вылічэнняў» пры апрацоўцы і захоўванні інфармацыі. На Гомельшчыне рэалізуецца праграма «Разумны горад». У яе аснове — комплексны падыход да павышэння якасці жыцця насельніцтва і памяншэння выдаткаў пры кіраванні рэгіёнам шляхам прымянення сучасных інфармацыйных тэхналогій у сацыяльнай сферы і вытворчым сектары. Якасна новы ўзровень сельскай гаспадаркі грунтуецца на развіцці арганічнага земляробства, вытворчасці экалагічна бяспечных прадуктаў, паскораным развіцці аграбізнесу, укараненні адаптыўна-ландшафтных сістэм земляробства.

— Генадзь Міхайлавіч, пашырэнне прадпрымальніцкага сектара — адзін з самых важных індыкатараў рэгіянальнага развіцця. Ці вычарпаны тут рэзервы?

— Дэкрэт Прэзідэнта «Пра развіццё прадпрымальніцтва» даў магчымасць купляць дзяржаўныя аб'екты нерухомасці, якія не выкарыстоўваліся і размешчаны на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх пасяленняў і ў сельскай мясцовасці, без платы за права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка, неабходнага для іх абслугоўвання. У нашай вобласці з улікам гэтай палёгкі набыта больш за 230 аб'ектаў нерухомасці. Цяпер у Гомельскай вобласці зарэгістравана звыш 38 тысяч суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, з іх амаль 10 тысяч юрыдычных асоб і звыш 28 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Удзельная вага падатковых паступленняў у бюджэт ад прадпрымальнікаў складае амаль 22 %.

— Якім чынам у вобласці выкарыстоўваецца магчымасць арганізацыі прадпрымальніцтва і вядзення бізнесу на базе дзяржаўнай маёмасці, якая раней не выкарыстоўвалася?

— Пытанне ўцягвання ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўвалася, знаходзіцца на кантролі ўжо больш за 11 гадоў. Праведзена вялікая работа. Задзейнічана ў гаспадарцы і знесена каля дзевяці тысяч аб'ектаў нерухомасці, у тым ліку больш за 1,6 тысячы аб'ектаў прададзена з аўкцыёнаў. Усяго ў вобласці з 2008 года на базе прададзеных і бясплатна перададзеных дзяржаўных аб'ектаў нерухомасці створана амаль дзве тысячы новых рабочых месцаў.

— Штогод «Дажынкі» праводзяцца ў розных населеных пунктах вобласці. Вядома, што гэтае сельскагаспадарчае свята паўплывала і на знешні выгляд населеных пунктаў...

— Напярэдадні правядзення свята працаўнікоў вёскі ў тым ці іншым горадзе заўсёды значная ўвага ўдзяляецца замене і будаўніцтву інжынерных сетак, капітальнаму рамонту вулічна-дарожнай сеткі, прывядзенню ў належны стан фасадаў жылых і грамадскіх будынкаў, усталяванню новых агароджаў, добраўпарадкаванню і азеляненню тэрыторый. Добраўпарадкаванне ажыццяўляецца за кошт бюджэтных сродкаў, але ж спонсарскую дапамогу заўсёды аказваюць прадпрыемствы, арганізацыі, установы. За апошнія гады комплексна добраўпарадкаваны райцэнтры Жлобін, Чачэрск, Буда-Кашалёва, Ельск, Лоеў, Рагачоў, Ветка, Жыткавічы, Брагін, Карма, Петрыкаў, горад Тураў, вёскі Запясочча і Дабрынь адпаведна Жыткавіцкага і Ельскага раёнаў. Сёлета праводзіцца комплекснае добраўпарадкаванне Мазыра.

— Генадзь Міхайлавіч, відавочна, што знешні выгляд беларускай вёскі ўпэўнена змяняецца ў лепшы бок. Але ці дастаткова гэтага, каб кадры заставаліся ў сельскай мясцовасці?

— У нашай вобласці сёння нядрэнная замацавальнасць кадраў — 64 %. У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы летась праведзены першы Форум сельскай моладзі Гомельскай вобласці. На базе ААТ «Ціхінічы» адбыліся плённыя стасункі маладых спецыялістаў, абмен меркаваннямі, генерацыя ідэй і рашэнне актуальных пытанняў моладзі. Дарэчы, пастаянная ўвага мясцовых улад да праблем маладых спецыялістаў спрыяла павышэнню ўзроўню замацавальнасці. Пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі ў сярэднім каля 70 % маладых педагогаў застаецца ў раёнах. Часта менавіта іх потым прызначаюць на кіраўнічыя пасады.

— На Гомельшчыне землі ляснога фонду займаюць амаль палову тэрыторыі. Іх колькасць павялічваецца і за кошт зямель, якія некалі былі заселены. Для рэгіёна актуальна і паступовае вяртанне ў землекарыстанне так званых чарнобыльскіх зямель...

— За апошнія пяць гадоў плошча ляснога фонду павялічылася на 30 тысяч гектараў. Пры гэтым летась для лясной гаспадаркі было выдзелена каля пяці тысяч гектараў. У выніку аварыі на ЧАЭС землі нашай краіны сур'ёзна пацярпелі. Радыенуклідамі было забруджана 23 % тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У тым ліку цэзіем-137 — больш за палову тэрыторыі Гомельскай вобласці, а стронцыем-90 — больш за 30 %. На першым этапе з сельскагаспадарчага абароту было выведзена 216,3 тысячы гектараў радыяцыйна небяспечных зямель. Паступова частка іх вярталася ў землекарыстанне. На сённяшні дзень 16,2 тысячы гектараў уведзена ў абарот сельгасарганізацый. Пры гэтым 7,5 тысячы гектараў выкарыстоўваюцца абмежавана. На іх вырошчваюць толькі пэўныя травы для кармоў.

— Што новага апошнім часам з'явілася ў сацыяльнай сферы?

— Усяго і не пералічыш, што зроблена за апошнюю чвэрць стагоддзя для жыхароў Гомельшчыны. Уведзены ў строй новыя карпусы Брагінскай, Буда-Кашалёўскай, Лоеўскай цэнтральных раённых бальніц, міжраённай шматпрофільнай Мазырскай дзіцячай бальніцы, шэрагу гомельскіх абласных арганізацый аховы здароўя. Гэта дазволіла палепшыць умовы аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву вобласці як на стацыянарным, так і амбулаторным этапах, пераабсталяваць сучасным медыцынскім абсталяваннем, палепшыць якасць дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі пацыентаў. Сем гадоў таму ў Гомелі ўведзена ў эксплуатацыю дзіцячая паліклініка на 200 наведванняў. З ліпеня 2018 года адкрытыя новыя карпусы абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Што датычыцца адукацыі, дык тут толькі летась на ўзвядзенне, рэканструкцыю, мадэрнізацыю будынкаў накіравана сем мільёнаў рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.

У снежні мінулага года прынята рашэнне аб адкрыцці Гомельскага абласнога сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Выкананы капітальныя рамонты і рэканструкцыі шэрагу важных сацыяльных аб'ектаў у Брагіне, Камарыне і Петрыкаве, пабудаваны дзіцячы сад на 190 месцаў у мікрараёне № 104. Актыўна выкарыстоўваюцца новыя спартыўныя аб'екты: універсальны комплекс у Жлобіне, футбольны манеж і лыжаролерная траса з біятлонным цірам у Гомелі.

Дарэчы, усё разам прыносіць плён: 24 высокія ўзнагароды рознай якасці атрымалася здабыць спартсменам Гомельшчыны на Алімпійскіх гульнях у гісторыі суверэннай дзяржавы. Дадам яшчэ, што нядаўна рэканструявана Радужская сярэдняя школа ў Веткаўскім раёне. Пачаты работы на прыбудове да Ліцвінавіцкай сярэдняй школы ў Кармянскім раёне. Сёлета таксама адноўлена будаўніцтва гомельскай сярэдняй школы ў мікрараёне № 21, адкрыецца паліклініка ў мікрараёне № 17. За гэты год плануецца ўвесці 485 тысяч метраў квадратных агульнай плошчы жылых дамоў.

— Генадзь Міхайлавіч, на Гомельшчыне ёсць адметныя помнікі, якія прыцягваюць увагу ў тым ліку замежных гасцей. Якім чынам развіваецца турыстычная галіна рэгіёна?

— Канешне, палацава-паркавы ансамбль XVІІІ — пачатку ХХ стагоддзя з'яўляецца візітнай карткай Гомеля і адной з самых папулярных славутасцяў Беларусі. На яго тэрыторыі знаходзяцца палац Румянцавых-Паскевічаў, дзе створаны музейныя экспазіцыі, сабор святых Пятра і Паўла, унікальная капліца і фамільная пахавальня Паскевічаў, зімовы сад з вежай агляду... Самым старажытным на тэрыторыі Гомельскай вобласці з'яўляецца горад Тураў, першае летапіснае згадванне якога было ў 980 годзе. Сілуэт Мазыра вызначаюць барочныя касцёлы двух кляштараў XVІІІ стагоддзя: цыстэрцыянскага і бернардынскага. На тэрыторыі вёскі Юравічы выяўлена самая старажытная ў Беларусі стаянка першабытных людзей, якой каля 25 тысяч гадоў, і рэшткі вялікага сярэдневяковага горада X—XІ стагоддзяў. Там жа знаходзіцца і комплекс былога езуіцкага манастыра, збудаванага ў XVІІІ стагоддзі. Ёсць свае адметныя помнікі архітэктуры ў Чачэрску, Рэчыцы, Добрушы, Чырвоным Беразе... На тэрыторыі вобласці знаходзіцца больш за 2500 помнікаў, у тым ліку археалагічныя. Рэсурсам для развіцця культурна-пазнавальнага турызму ў Гомельскай вобласці з'яўляюцца аб'екты, якія ўваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, а таксама праект «Залатое кола Гомельшчыны». Сёння кожны турыст і вандровец можа абраць на Гомельшчыне адпачынак на любы густ.


Толькі лічбы

  • Гомельская вобласць з'яўляецца найбуйнейшай у Рэспубліцы Беларусь. Яе тэрыторыя — амаль сорак з паловай тысяч квадратных кіламетраў, што складае пятую частку ад агульнай тэрыторыі краіны. Гомельшчына мяжуе з Бранскай вобласцю Расіі, а таксама з Кіеўскай, Чарнігаўскай, Жытомірскай і Ровенскай абласцямі Украіны.
  • Насельніцтва Гомельскай вобласці — 1 млн 406 тысяч чалавек (14,9 % ад агульнай колькасці насельніцтва краіны), у эканоміцы занята 588,5 тысячы чалавек. У адміністрацыйным цэнтры — горадзе Гомелі — колькасць насельніцтва складае больш за 535 тысяч жыхароў.
  • Важным аспектам геаграфічнага патэнцыялу рэгіёна з'яўляецца база прыродных рэсурсаў. На яго тэрыторыі кампактна размешчаны багатыя радовішчы калійнай і каменнай солі, бурага вугалю, шкляных пяскоў, торфу, мелу, а таксама такія рэсурсы, як лес, будаўнічы камень, граніт, гіпс, гліна, гаручыя сланцы. У структуры рэспубліканскіх аб'ёмаў Гомельская вобласць — гэта больш за 20 % прамысловай вытворчасці, каля 15 % сельскагаспадарчай вытворчасці, 15% будаўніча-мантажных работ, 12 % рознічнага тавараабароту, больш за 12 % экспарту тавараў.
  • Гомельская вобласць з'яўляецца найбуйнейшым індустрыяльным рэгіёнам Беларусі. Тут працуе больш за 220 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў, доля якіх у аб'ёме прамысловай вытворчасці краіны — каля 20 %. У сферы прамысловасці ў Гомельскай вобласці занята каля 155,5 тысячы чалавек, альбо 26,4 % занятага ў эканоміцы насельніцтва.
  • Асноўныя віды эканамічнай дзейнасці, якія вызначаюць развіццё рэальнага сектара эканомікі Гомельскай вобласці, — гэта вытворчасць нафтапрадуктаў, металургічная вытворчасць, вытворчасць машын і абсталявання, здабыча паліўна-энергетычных карысных выкапняў, хімічная вытворчасць, харчовая прамысловасць і іншыя.
  • Эканоміка вобласці з'яўляецца экспартаарыентаванай. Больш за 60 % усёй вырабленай прадукцыі пастаўляецца на рынкі краін блізкага і далёкага замежжа. Прадпрыемствы экспартуюць вырабы з чорных металаў (34 % у экспарце вобласці), нафту (21 %), малако і малочную прадукцыю (10 %), угнаенні (5 %), пластмасу і вырабы з яе (4 %), машыны і механізмы (4 %), драўніну (2 %), цэлюлозу (3 %) і іншыя тавары.
  • Арганізацыі Гомельскай вобласці супрацоўнічаюць са знешнегандлёвымі партнёрамі з больш чым 100 краін свету. Найбольш актыўна развіваецца гандаль з Расіяй, Германіяй, Украінай, краінамі Балтыі, Польшчай, Італіяй, Кітаем, Нідэрландамі, Казахстанам.
  • Адзін з прыярытэтаў развіцця Гомельскай вобласці — прыцягненне інвестыцый. Летась інвестыцыі ў асноўны капітал па вобласці склалі чатыры мільярды рублёў.
  • У вобласці працуюць прадпрыемствы, створаныя з удзелам замежнага капіталу з больш чым 50 краін свету, у ліку якіх Ізраіль, Італія, Аўстрыя, Расія, Польшча, Нідэрланды, Францыя, Іспанія і іншыя.
  • Адным з найважнейшых фактараў інвестыцыйнай прывабнасці Гомельскай вобласці з'яўляецца развіты навукова-тэхнічны комплекс. Тут размешчаны тры інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, восем вышэйшых навучальных устаноў, шэсць з якіх — універсітэты, звыш 20 галіновых навуковых і праектных інстытутаў, спецыяльных канструктарскіх і канструктарска-тэхналагічных бюро, Гомельскі тэхнапарк.
  • На 1 студзеня 2020 года ў вобласці зарэгістравана 38,7 тысячы суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, з іх 9,6 тысячы мікра- і малых арганізацый, 291 сярэдняя арганізацыя і 28,8 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».