Вы тут

Як скінуць 30 кілаграмаў, адмовіўшыся ад алкаголю і ляноты


Адзіны спосаб пахудзець — перагледзець свае мэты ў жыцці, казаў у свой час англійскі літаратурны крытык Сірыл Коналі. Менавіта спроба зазірнуць наперад і ўявіць сябе ў пэўнай сацыяльнай ролі дае чалавеку сілы працаваць над сваім целам. Прынамсі, па такім шляху — пераглядзе сваіх мэтаў і неабходнасці нечым ахвяраваць — дзейнічаў герой гэтага артыкула Андрэй ЭЗЕРЫН, PR-дырэктар агенцтва EZERІN COMMUNІCATІOІN, які выпрацаваў для сябе асаблівую сістэму пахудзення. За чатыры гады ён пазбавіўся ад 30 лішніх кілаграмаў.


Стала. Было.

Статус «белай вароны»

— Кожны, хто хоць раз спрабаваў пазбавіцца ад лішняй вагі, ведае, што кілаграмы прыходзяць без запрашэння, а сыходзяць, адчайна супраціўляючыся. Чаму вы вырашылі пачаць барацьбу з вагой? Мужчыны, як паказвае практыка, не так часта клапоцяцца пра свой знешні выгляд, як жанчыны.

— Мне здаецца, што любы поўны чалавек, не важна, мужчына ці жанчына, хоча пахудзець. Усе каноны прыгажосці так ці інакш звязаны са стройнымі і хударлявымі. Іншая справа, што ў кагосьці атрымліваецца, а ў кагосьці — не. І мне здаецца, што не атрымліваецца ў большасці, а тыя, хто змог вырвацца з палону паўнаты, — знайшлі той важны для сябе алгарытм, вытрымліваючы які, яны здолелі змяніцца.

Гэта як шмат разоў спрабаваць вучыць замежную мову, але не прыкладаць для гэтага сапраўдных намаганняў. У выніку нічога не атрымліваецца, і праз нейкі час спробы спыняюцца. Так і з пахудзеннем, калі на змену жаданню прыходзяць тлумачэнні і самаапраўданні, накшталт «я шмат разоў спрабаваў — нічога не атрымліваецца», «нармальна я буду жыць і з такой вагой», «вунь і мама ў мяне таксама поўная, і нічога, нармальна пражыла ўсё жыццё», «у мяне такая ж косць, як у бацькоў, чаго я тут супраць прыроды пруся» ды іншае.

У маім родзе таксама адзін з бацькоў поўны, і было такое ж самаапраўданне. Аднак, у нейкі момант спрацаваў інстынкт самазахавання. Я зразумеў, што калі працягну жыць з такой вагой (а ў мяне было 30 лішніх кілаграмаў), то работу, якой я сёння займаюся, проста не вытрымліваю ні псіхалагічна, ні эмацыянальна, ні фізічна, бо ўсе гэтыя рэчы вельмі звязаныя. Мне трэба быць на нагах, быць бадзёрым. Я палічыў, што мой рэсурс пры такім зносе будзе вельмі невялікім, а я хачу заставацца ў строі як мага даўжэй.

— З чаго вы пачалі свой шлях да фізічнага самаўдасканалення?

— Я спрабаваў правільна харчавацца, бегаў, аднак усё гэта давала кароткатэрміновы вынік. Сістэма абмену рэчываў у мяне не вельмі добрая, і лішняя вага не так хутка згарала, як бы я хацеў. Урэшце я сам сабе сказаў, што мне трэба нешта сур'ёзна мяняць, нечым ахвяраваць, каб разабрацца з гэтай праблемай. Аднак гэта вельмі суб'ектыўнае рашэнне.

Тое, што дапамагло мне, можа зусім не падысці іншаму чалавеку. Тут вельмі важна прыслухоўвацца да сябе і знаходзіць свой уласны шлях, уласны алгарытм і дасягаць асабістага выніку.

У маім выпадку я цалкам адмовіўся ад алкаголю. Гэта быў першы крок. Я заўважыў, што ў нашым жыцці досыць шмат сітуацый, калі мы ўжываем напоі з градусам. Сёння мы выпілі з сябрам піва, у пятніцу пайшлі ў госці і пачаставаліся там каньяком, у нядзелю адправіліся на рыбалку, і там нешта пакаштавалі... Пад усё гэта, зразумела, заўжды ідуць закускі.

— Як паставіліся да вашага радыкальнага рашэння навакольныя?

— Гэта досыць экстрэмальнае рашэнне і падыходзіць не для кожнага, але мне дапамагло — я сапраўды пачаў худзець. Аднак разам з гэтым пачала мяняцца ўся інфраструктура майго жыцця. Я адразу ў пэўным сэнсе стаў белай варонай. Сваякі разумелі, што для мяне вялікая вага была праблемай, фактычна хваробай, ад якой я збіраўся пазбавіцца, і лаяльна ставіліся. А вось сябры-знаёмыя часам не разумелі, крыўдзіліся, пару разоў нават агрэсіўна ставіліся. Аднак я не запэўніваю, што трэба абавязкова адмаўляцца ад алкаголю — кожны павінен сам адшукаць свой шлях. Я ж не п'ю алкаголь (зусім!) ужо некалькі гадоў.

36 гадзін галадання і 10 тысяч крокаў

— А як жа ежа? Тыя, хто не выпівае, адразу скажуць, што яны чамусьці не худзеюць без алкаголю.

— Услед за адмовай ад алкаголю я стаў мяняць сістэму харчавання, уводзіць пэўныя абмежаванні. У выніку стаў больш бадзёрым. У любога чалавека, які пахудзеў, ёсць пік формы, а ёсць звычайная форма, бо немагчыма сябе ўвесь час трымаць на ідэальным узроўні. У свой пік формы, як правіла, вясной, я раз на тыдзень арганізую для арганізма галаданне — не ем на працягу 36 гадзін, п'ю толькі ваду і каву. І так два-тры месяцы. Вось ужо пачаў такім чынам да лета рыхтавацца, бо за зіму зноў з'явілася лішняя вага. Аднак да такога галадання трэба падыходзіць асцярожна, лепш пракансультавацца з урачамі.

У гэты час таксама раблю абавязковыя 10 тысяч крокаў у дзень. Ды і ўвогуле стараюся больш рухацца — гэта замяняе мне фізічную актыўнасць у трэнажорнай зале.

— Пачынаючы барацьбу з паўнатой, вы хадзілі да ўрача, перш чым распрацаваць сваю сістэму?

— Я раю ўсім абавязкова звяртацца да ўрача. Сам я хадзіў да эндакрынолага і вельмі ўразіўся тым, што ў яго вядзенні не толькі шчытападобная залоза, але і цэлы спектр пытанняў, нават узровень тэстастэрону, ад якога шмат што залежыць у плане здароўя мужчынскага арганізма. Большасць мужчын упэўнены, нават не задумваюцца, які ў іх узровень тэстастэрону, хоць гэта звязана з работай сэрца, а не толькі сексуальным бокам жыцця. Думаю, што некаторым варта звярнуцца да добрага псіхатэрапеўта, таму што, магчыма, многія моманты, звязаныя з паўнатой, дапаможа вырашыць гэты спецыяліст.

У 30 рыхтавацца да 60-ці

— Няўжо нельга заставацца здаровым без пастаяннага спажывання новай інфармацыі? Ці недастаткова проста падтрымліваць у сабе пэўную вагу, калі не маеш ніякіх іншых прэтэнзій да ўласнага цела?

— Я пачаў паўнець пасля 30-ці і, на жаль, страціў шмат часу, які ўжо не вернеш. Калі я важыў больш, знос майго арганізма быў значна большым, а я не думаў пра гэта і не цаніў тыя гады. Усё гэта ідзе ад ляноты і недасведчанасці. Апошні момант — гэта нежаданне ўжываць новую інфармацыю. Развіваецца ўсё, у тым ліку і фармакалогія. І варта разбірацца, ці патрэбны табе пэўныя біялагічныя дабаўкі, вітаміны, прадукты з паніжаным утрыманнем цукру. Калі ты сапраўды цікавішся сваім здароўем, трэба пастаянна чытаць новую літаратуру пра гэта. Цяпер існуе цэлы рух маладых міліянераў — біяхакераў, якія сядзяць на дабаўках, ядуць пэўныя прадукты, займаюцца спортам.

Я страчваў вагу паступова, тры-чатыры гады. Спачатку рабіў адзін крок, потым другі, паралельна прыходзіла ўсведамленне, што і як для мяне лепш. Цяпер я пільна сачу за сваім станам. Здароўе патрэбна перш за ўсё для таго, каб працаваць, займацца любімай справай. Думаць, як пасля 50-ці, 60-ці захаваць гэтую работу, застацца ў страі, не адстаць. Тыя, хто пачынае пра гэта думаць толькі ў 50, на жаль, спазніліся. Думаць пра здароўе неабходна пачынаць у 30, бо немагчыма перабудаваць сябе за лічаныя гады.

— Што наконт мужчынскай прывабнасці? Мне здаецца, худзеюць не толькі дзеля здароўя?

— Вядома, не. У мяне публічная работа, таму знешняя прывабнасць — адзін са складнікаў іміджу. «Таварны» выгляд — частка маёй работы. І для мяне гэта стала такім жа сур'ёзным фактарам, як і ўменне ясна мысліць.

Жонка была ўвесь час маім памочнікам і самым жорсткім кантралёрам. Яна схіляла мяне працаваць над сабой і цяпер заўжды прыпыняе, калі бачыць, што я збочваю з абранага шляху. Пры гэтым яна разумее, што хоць перш за ўсё гэта псіхалагічна і фізічна камфортна мне, ёй таксама больш прыемна, калі побач мужчына, а не таўстун. Чалавек, які знаходзіцца ў форме, менш стамляецца, ён не раздражняецца ад таго, што не можа ўціснуцца ў касцюм, ад таго, што ведае, што робіць няправільна, але працягвае гэта рабіць.

Няма таблеткі для пахудзення. Ёсць цяжкая праца, ахвяры і задавальненне ад дасягнутага выніку.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Худзець — гэта як вучыць замежную мову

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.