Вы тут

Наколькі складана адмовіцца ў вытворчасці ўпакоўкі ад пластыку?


Адходы палімераў, якія выкарыстоўваюцца для ўпакоўкі і транспарціроўкі прадуктаў, растуць ва ўсім свеце, не з'яўляецца выключэннем і наша краіна. На гэту праблему не раз звяртаў увагу Аляксандр Лукашэнка. У прыватнасці, калі наведваў Студэнцкую вёску напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў, запатрабаваў: «Хопіць гэтага пластыку. Мала таго што атручваем людзей, дык яшчэ і засмечваем прыроду. Наша Сінявокая хутка ператворыцца ў хлам. Таму трэба заканчваць. У нас жа паперы — колькі хочаш, шкла — колькі хочаш, дзяваць няма куды. Трэба вырабляць. Няхай гэта будзе даражэй, але чалавек будзе разумець, што лішніх дзесяць капеек заплаціў, але здаровы будзе».


Колькі ў нас яго?

Па даных начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Вольгі САЗОНАВАЙ, у нашай краіне ў год утвараецца больш за 280 тысяч тон адходаў пластыку ў камунальнай сферы, з іх 62,6 тысячы тон немагчыма перапрацаваць, а 46,3 тысячы тон — перапрацаваць складана.

Яшчэ адну праблему агучыў намеснік начальніка ўпраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Аляксей ПІСКУН, які падзяліўся вынікамі маніторынгу, праведзенага аператарам. Аказваецца, амаль палова, а менавіта 40 % пластыкавых вырабаў выкарыстоўваюцца кароткатэрмінова, менш чым за месяц. Негатыўна на павелічэнні колькасці пластыку адбіваецца бясплатная выдача пакетаў у аб'ектах гандлю, пры гэтым часам упакоўка ў некалькі разоў большая, чым сам тавар. Таксама варта разумець, што ўпакоўка з розных відаў пластыку з'яўляецца складанай, а то і немагчымай для перапрацоўкі. Гэта ж датычыцца больш за 200 мільёнаў адзінак аднаразовага пластыкавага посуду, які выкарыстоўваецца ва ўстановах грамадскага харчавання.

Ці ёсць усяму гэтаму альтэрнатыва?

У Беларусі рэалізуецца план мерапрыемстваў па паэтапным зніжэнні адходаў пластыка. Для аб'ектаў гандлю ўведзена абавязковае правіла: мець у наяўнасці папяровыя пакеты і аднаразовы папяровы посуд, а таксама некалькі відаў безалкагольных напояў у шкляной тары.

Цяпер у аб'ектах гандлю выкарыстоўваюць біяраскладальныя пакеты. Аднак не ўсе спажыўцы ўпэўненыя, што гэта адпавядае рэчаіснасці. Справа ў тым, што ў нас няма тэхрэгламенту на такія пакеты, няма лабараторыі, дзе маглі б праводзіцца даследаванні, таму дзейнічае прынцып даверу да пастаўшчыка такой упакоўкі.

Што датычыцца папяровых пакетаў, то, па словах камерцыйнага дырэктара кампаніі «Суперпак компані» Юрыя ТРУХАНАВА, крамы ў 7-10 разоў павялічылі кошт папяровых пакетаў, якія прадпрыемства пастаўляла ў гандаль. Да таго ж папяровыя пакеты дрэнна выкладзеныя ў некоторых сеткавых крамах — недзе пад касай, каб паказаць правяраючым. Касіры ж па-ранейшаму прапануюць «майкі» з лагатыпам сеткі. Між тым у пакупніка ёсць выбар: 69 капеек за папяровы пакет або 12-24 капейкі за пластыкавы. Дарэчы, шчыльныя папяровыя пакеты далёка не ўсе ўспрымаюць, як шматразовыя.

Меркаванні ўдзельнікаў круглага стала, на якім абмяркоўвалася праблема пластыку ў нашым жыцці, разышліся па пытанні ўпаковачнай паперы для рыбы і мяса. Па словах начальніка аддзела метадалогіі кіравання арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання МАРГ Ірыны ШПАК, у ведамстве разглядаюць варыянт упакоўкі хлеба ў папяровыя пакеты, а вось альтэрнатывы пластыку для ўпакоўкі рыбы і мяса не бачаць. Як і няма магчымасці замяніць у грамадскім харчаванні пластыкавыя вечкі для шкляначак, лыжкі, відэльцы і нажы.

Аднак тая ж «Суперпак компані» выпускае паперу, устойлівую да тлушчу і вільгаці, з якой робяцца пакеты для рыбы, мяса і замарожанай агародніны. Асвоены выпуск і асабліва трывалых мяшкоў для сухіх будаўнічых сумесяў. Цяпер прадпрыемства ў адпаведнасці з попытам пастаўляе больш прадукцыі ў краіны ЕС, чым на беларускі рынак. Дарэчы, у Вільнюсе ў крамах брэнду Н&M за папяровы ўпаковачны пакет трэба заплаціць 20 еўрацэнтаў, а пластыкавых пакетаў у гэтай сетцы на тэрыторыі Літвы ўжо няма.

Але і акрамя паперы ёсць альтэрнатыва пластыку. Загадчыца лабараторыі малочнакіслых і біфідабактэрый ДНУ «Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі» Наталля ГАЛАЎНЁВА паведаміла, што біяраскладальная ўпакоўка цалкам можа быць выраблена з палілактыду. У інстытуце ўжо склалі план даследаванняў, цяпер неабходна арганізаваць доследны ўчастак па вытворчасці экалагічнай упакоўкі.

Як правільна карыстацца жоўтым кантэйнерам

Мінпрыроды распрацоўвае мерапрыемствы па ўдасканаленні сістэмы абыходжання з ЦКА, праводзіць вялікую інфармацыйна-тлумачальную работу з насельніцтвам па пытанні сартавання смецця.

Аднак што мы бачым у жыцці? Не ў кожным двары ёсць кантэйнеры для паперы і пластыку. А там, дзе яны ёсць, змесціва ўсіх кантэйнераў часам згружаецца ў адну машыну. Як растлумачылі ўдзельнікі круглага стала, так паступаць з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі дапушчальна.Такія адходы спачатку праходзяць дадатковае сартаванне і толькі потым трапляюць на перапрацоўку. А вось калі ў адну машыну загрузілі ДМР і бытавыя адходы, то гэта з'яўляецца сур'ёзным парушэннем, аб якім варта паведаміць па тэлефоне 115 і абавязкова зафіксаваць нумар смеццявоза.

Нагадаем, што пластык трэба выкідваць у кантэйнеры жоўтага колеру, выконваючы пэўныя правілы. Упакоўку трэба ачысціць ад рэшткаў прадуктаў, а вось мыць неабавязкова. З бутэлек ад малочных і іншых прадуктаў трэба выдаліць празрыстую тэрмаплёнку. Пластык і тэрмаплёнка адначасова не могуць перапрацоўвацца, і з сартавальнай лініі такая бутэлька трапіць на сметнік. У жоўты кантэйнер можна выкідаць бутэлькі ад напояў, малака, алею, бутэлькі ад шампуняў, вадкага мыла, геляў для душа, бытавой хіміі, мыйных сродкаў, пластыкавыя вечкі, пакеты ад малака, упакоўкі ад яек з маркіроўкай «1», упакаваныя і пакеты з ручкамі, не забруджаныя рэшткамі ежы, плёнку ад цяпліц і ўпакаваную плёнку; вырабы і ўпакоўку з пенапласту, цвёрдыя пластмасавыя вырабы (вёдры, каністры і іншае), тэтрапак-упакоўку ад сокаў і малака, алюмініевыя і кансервавыя бляшанкі без рэшткаў ежы.

Нельга кідаць у жоўты кантэйнер латкі ад яек, прадметы жаночай гігіены, памперсы, абгорткі ад цукерак і батончыкаў, магнітафонныя касеты, аднаразовы посуд (усе маркіроўкі), дэкаратыўную касметыку, упакоўкі ад чыпсаў, зубныя шчоткі, цюбікі ад зубной пасты, крэмаў, фольгу, СD-дыскі, белыя слоічкі ад смятаны і ёгуртаў, мяккую ўпакоўку ад маянэзу, кетчупу, моцна забруджаныя і фасовачныя пакеты з рэшткамі ежы.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. 

Грамадства

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца.