Вы тут

МЗС: У працэсе нармалізацыі адносін Беларусі з ЗША няма нічога антырасійскага


Гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка сёння ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, дзе праходзіць семінар на тэму міжнароднага супрацоўніцтва. 


Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Андрэй Савіных спытаў намесніка міністра замежных спраў Алега Краўчанку пра тое, якую карысць для Беларусі мае актывізацыя кантактаў са Злучанымі Штатамі Амерыкі і якім чынам гэтае ўзаемадзеянне можа паўплываць на адносіны Беларусі з Расіяй або Еўрапейскім саюзам.

«Актыўнае развіццё адносін з ЗША не з’яўляецца чымсьці экстраардынарным, не выходзіць за рамкі аднаўлення адносін, якія занадта доўга знаходзіліся ў надта дрэнным стане, — адказаў намеснік міністра. — Па сутнасці адбываецца вяртанне да нармальнага ходу падзей. Пры гэтым, да сёння беларуска-амерыканскія адносіны не вярнуліся да стану дадыпламатычнага канфлікту паміж Мінскам і Вашынгтонам 2007–2008 гадоў».

Алег Краўчанка выказаў нязгоду з тымі, хто лічыць, што паляпшэнне адносін паміж Беларуссю і ЗША адбываецца з-за падзей ва Украіне і пагаршэння адносін паміж ЗША і Расіяй. 

«Працэс нармалізацыі пачаўся асцярожна, павольна, няўпэўнена ў 2012, часткова нават у 2011 годзе, — заўважыў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства краіны. — Развіццё гэтага працэсу абумоўлена палітычнай воляй і намаганнямі абодвух бакоў».

Алег Краўчанка нагадаў пра сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі ўрада, Кангрэса, СМІ, аналітычных колаў ЗША, пра Беларускі інвестыцыйны форум у Нью-Ёрку ў 2014 годзе, які рыхтаваўся два гады. 

«Да сённяшняга стану адносін мы прыйшлі не нечакана для нас, не па незалежных для нас прычынах, а паступова, дзякуючы мэтанакіраванай рабоце, у тым ліку з абмеркаваннем тых пытанняў, па якіх нашыя пазіцыі разыходзяцца», — падкрэсліў дыпламат. 

Алег Краўчанка таксама выказаў катэгарычную нязгоду з проціпастаўленнем нармалізаваных адносін з ЗША стратэгічным, саюзніцкім адносінам з Расіяй. 

«У іх няма і не можа быць нічога антырасійскага, — заявіў ён. — Па-першае, таму што не маем такіх планаў, па-другое, таму што амерыканцы ад нас не толькі не патрабуюць, але і не прапаноўваюць нам павярнуцца спінай да Расіі». 

Па словах намесніка міністра, адносіны блізкіх ваенна-палітычных саюзнікаў з трэцімі дзяржавамі могуць не заўсёды развівацца сінхронна. У самы складаны ў беларуска-амерыканскіх адносінах час санкцый і абмежавання ўсіх кантактаў Расія і ЗША «праводзілі перазагрузкі, і гэта не выклікала ў беларусаў ні зайздрасці, ні рэўнасці, ні падазрэнняў у парушэнні саюзніцкіх абавязацельстваў», — нагадаў Алег Краўчанка. Беларусь толькі падтрымлівала поспехі калег і спадзявалася на тое, што развіццё кантактаў паміж імі, паляпшэнне двухбаковага палітычнага клімату станоўча адаб’ецца на перспектывах яе ўласнага ўзаемадзеяння з Вашынгтонам, дадаў намеснік міністра. 

«Мы не заклікалі нашых саюзнікаў пасварыцца з амерыканцамі заадно з намі, няма такіх заклікаў і да нас зараз, — паведаміў Алег Краўчанка. — І ўсе мы чулі заявы прадстаўніка расійскага боку, якія не падлягаюць сумневу на суверэннае права Беларусі развіваць адносіны з ЗША».

Намеснік кіраўніка МЗС акцэнтаваў: логіка пашырэння кантактаў з ЗША за кошт або на шкоду комплексным, шматузроўневым, карысным для Беларусі сувязям з Расіяй памылковая, не мае сэнсу і непрымальная для Беларусі. 

«Гістарычна ва ўмовах канфлікту паміж Захадам і Усходам мы нічога не набывалі, а толькі цярпелі вялізныя страты, — лічыць дыпламат. — Таму мы не можам карыстацца намерам падлівання масла ў агонь. Гэта супярэчыць нашым уласным інтарэсам».

Тэзіс ЗША пра падтрымку суверэнітэту Беларусі не варта разглядаць праз прызму геапалітычнай канфрантацыі

Алег Краўчанка нагадаў, што Прэзідэнт Беларусі выступіў з ініцыятывамі, накіраванымі на дэскалацыю напружання ў Еўропе і пачатак дыялогу. Палажэнне і пазіцыя Беларусі можа быць паказальная для шэрагу іншых краін рэгіёна, якія традыцыйна зацікаўлены ў добрых, развітых адносінах з Расіяй, а таксама ў адносінах з Захадам, якія не супярэчылі б адно аднаму, упэўнены ён. 

«Лічым, што менавіта Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху ў развіцці неканфліктнай сістэмы адносін з Расіяй і краінамі Захаду, калі гэта таксама будзе карысна ўсім бакам, — выказаў пазіцыю МЗС Алег Краўчанка. — Будзе прыкладам магчымасці наладжвання адносін, якія робяць уклад у бяспеку ў рэгіёне, а не ў небяспечную раз’яднанасць, а ў перспектыве прывядзе да набліжэння двух найважнейшых гандлёвых блокаў у нашым рэгіёне: ЕАЭС і ЕС. Спадзяемся, што калісьці стане палітычна магчымым аднаўленне работы над стварэннем агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока. Пакуль жа мы з надзеяй сочым за расійска-амерыканскімі кантактамі, якія маюцца, на розных узроўнях, зацікаўлены ў паляпшэнні адносін паміж гэтымі досыць важнымі для міжнароднай бяспекі дзяржавамі. З гатоўнасцю, калі спатрэбіцца, прадаставім нашыя магчымасці для гэтага вельмі неабходнага дыялогу».

Тэзіс ЗША пра падтрымку незалежнасці і суверэнітэту Беларусі не варта разглядаць праз прызму геапалітычнай канфрантацыі, акцэнтаваў дыпламат.

«Суверэнітэт як цэнтральная характарыстыка дзяржаўнасці займае асаблівае месца ў палітычным дыскурсе ЗША, — лічыць Алег Краўчанка.Суверэнітэт з’яўляецца непахіснай каштоўнасцю для Беларусі». 

Дыпламат таксама бачыць эканамічнае напаўненне гэтага тэзісу. Значная частка экспарту Парку высокіх тэхналогій, які наведаў дзяржсакратар ЗША Пампеа, прыходзіцца на ЗША, канстатаваў Алег Краўчанка. У ПВТ паспяхова і з прыбыткам працуюць каля 60 амерыканскіх кампаній. Інфармацыйныя тэхналогіі сталі адной з паспяховых галін беларускай эканомікі. Разам са створанымі ўмовамі, работа на амерыканскім рынку — адзін з залогаў поспеху ІТ-галіны Беларусі. Экспарт паслуг у ЗША расце.

«ЗША і краіны ЕС праводзяць не адзіную, але падобную палітыку», — адказаў на другую частку пытання намеснік міністра. 

На некаторых этапах беларуска-амерыканскія адносіны папярэджваюць беларуска-еўрапейскія, на некаторых — наадварот, хоць гэта хутчэй суб’ектыўнае адчуванне, упэўнены Алег Краўчанка. 

«Так, ёсць вядомыя разнагалоссі паміж адміністрацыяй ЗША і некаторымі еўрапейскімі ўрадамі, асабліва па гандлёвых пытаннях, але я ўпэўнены, што пэўны поспех ў адносінах з ЗША на нашы адносіны з Еўропай негатыўна не паўплывае», — рэзюмаваў намеснік міністра.

Вольга Мядзведзева

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

Дзеці «звяздоўцаў» адказалі вусна, пісьмова, друкавана і нават у малюнках.

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.