Вы тут

У Беларусі плануецца замацаваць права на прафесійную рызыку медработнікаў


Гэтае права медыка прадугледжвае, што нават пры выкананні ім маніпуляцый з захаваннем усіх методык і патрабаванняў магчымы не той вынік, на які разлічваюць пацыент і ўрач. «І гэта не з’яўляецца віной медыцынскага работніка, гэта асаблівасці пацыента, асаблівасці цячэння захворвання. Мы павінны ўвесці права на прафесійную рызыку, таму што ад гэтага ніхто з медыцынскіх работнікаў не застрахаваны», — адзначыў на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. 


Міністр адзначыў, што ў гэтай сувязі важна страхаваць рызыкі прафесійнай адказнасці медработнікаў. Гэта дазволіць абараніць медработніка, забяспечыць кампенсацыю і захаванне законных правоў пацыента. Па яго словах, многія клінікі ўжо страхуюць сваіх спецыялістаў, напрыклад анестэзіёлагаў, за кошт пазабюджэтных сродкаў. 

Сярод навацый закона — замацаванне паняцця «якасць аказання медыцынскай дапамогі» і стварэнне сістэмы кантролю за меддапамогай. Па сутнасці адбываецца пераход ад аналізу якасці канкрэтнай гісторыі хваробы да ацэнкі ўсёй сістэмы, для чаго ствараецца вертыкаль кантролю.

Законапраект уводзіць міжнародна прызнанае паняцце «рэзідэнтура» — паглыбленае навучанне спецыялістаў, якое нагадвае ардынатуру. «Калі чалавек атрымлівае дыплом, што ён прайшоў рэзідэнтуру і здаў усе экзамены, дыплом прызнаецца ва ўсім свеце», — удакладніў міністр аховы здароўя. Асобным пастанаўленнем будзе вызначана, па якіх спецыяльнасцях можна атрымаць такі дыплом. 

Новы закон аб ахове здароўя таксама рэгламентуе пытанні лічбавізацыі. Шматлікія сервісы ўжо пераводзяцца ў лічбавы фармат: практыкуюцца электронныя рэцэпты, праводзяцца тэлемедыцынскія кансультацыі ў рэжыме анлайн. Асновы іх юрыдычнай рэгуляцыі закладваюцца ў закон.

Сёння ў стацыянарных аддзяленнях медыкаментознае лячэнне праводзіцца за дзяржаўны кошт, а пры дзённым знаходжанні (амбулаторна) пацыенты яго аплочваюць самастойна. Па словах міністра аховы здароўя, гэта прыводзіць да таго, што пацыенты настойваюць на стацыянары, нават калі не маюць на гэта дастатковых паказанняў. З увядзеннем закона гэтая праблема будзе вырашана. «Мы лічым, што гэта не прывядзе да павелічэння расходаў бюджэту. Адбудзецца пераразмеркаванне. Магчыма, страты нават скароцяцца, бо ўтрыманне стацыянарнай койкі абыходзіцца даражэй, чым амбулаторнай», — сказаў Уладзімір Каранік.

Асаблівы раздзел законапраекта — медыцынская акрэдытацыя. Па словах міністра, многімі суб’ектамі гэтая прапанова была ўспрынята так, што міністэрства хоча зэканоміць фінансаванне і скараціць коечны фонд, закрываць бальніцы. «На самай справе, размова аб закрыцці нейкіх бальніц, медыцынскіх устаноў не ідзе», — запэўніў кіраўнік ведамства. Адзіная перадумова — спецыялізаваная дапамога павінна аказвацца там, дзе для гэтага ёсць адпаведная база, кадры і ўмовы, падкрэсліў Уладзімір Каранік.

З гэтага года ўсе дзяржаўныя медыцынскія ўстановы пройдуць працэдуру акрэдытацыі на адпаведнасць базавым стандартам. З 1 студзеня 2023 года такая сістэма павінна працаваць у поўным аб’ёме.

«Дазвол на тыя віды дапамогі, якія, мы лічым, не могуць аказваць на сучасным узроўні ў пэўнай медыцынскай установе, выдавацца не будзе. Гэта не значыць, што ўстановы будуць закрыты, яны будуць аказваць іншыя віды дапамогі — першасную, терапеўтычную, амбулаторную хірургію, хірургію аднаго дня», — паведаміў Уладзімір Каранік.

Прапісаны ў законе і навацыі, што маюць намерам аб’яднаць адукацыйны працэс, навуковую, інавацыйную і клінічную дзейнасць. Клінікі, якія ўвасобяць у сабе ўсе складнікі, атрымаюць статус універсітэцкіх і набудуць цесную сувязь з ВНУ.

Як адзначыў міністр, усе новаўвядзенні не разлічаны на тое, каб скараціць выдаткі на ахову здароўя. Наадварот, гэты фонд у бюджэце павялічваецца штогод. Нават пры сёлетнім яго дэфіцыце страты ведамства прафінансаваны з павышаным каэфіцыентам. 

Змены ў закон аб ахове здароўя плануецца разгледзець у першым чытанні на вясновай сесіі парламента.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.