Вы тут

Капітан міліцыі Вольга Шагава пра любоў да прафесіі, асаблівасці дзіцячай псіхікі і жаночыя сакрэты


Неверагодна, але гэта факт. Вольга чацвёрты год запар становіцца ў Магілёўскай вобласці найлепшай у сваёй міліцэйскай прафесіі. А летась нават прадэманстравала другі вынік па краіне, саступіўшы канкурэнту з Віцебска ўсяго адзін бал. Любоў да прафесіі ў жанчыны, лічы, з дзяцінства, яна мэтанакіравана ішла ў яе і цяпер не ўяўляе сябе кімсьці іншым. Пры гэтым Вольга знаходзіць час для падтрымання сваёй ад прыроды прыгожай знешнасці, гатавання смачных страў для сваіх мужа і дачкі і нават вырошчвання агуркоў на ўласнай градцы. Адным словам, застаецца сапраўднай жанчынай.


Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Вырасла на дзіцячых дэтэктывах

Некаторыя да пенсіі не могуць вызначыцца з прафесіяй, а Вольга ўжо ў школе ведала, што будзе міліцыянерам — і кропка. Ні бацькі, ні яе родныя ніякіх адносін да міліцыі не мелі. Пісьменніца Дар'я Данцова і экранная Каменская, якія натхнілі на суровую міліцэйскую рамантыку, здаецца, не адну дзяўчыну, на выбар прафесіі ў гэтым выпадку таксама не паўплывалі. Проста дзяўчынка літаральна расла на дзіцячых дэтэктывах, якіх, як яна згадвае, у іх сельскай бібліятэцы было шмат.

Упартасці ў дасягненні запаветнай мэты стаць міліцыянерам у Вольгі было ажно занадта. Калі яна з першай спробы не паступіла ў акадэмію МУС, дык, вядома, засмуцілася. Але ўспрыняла няўдачу як іспыт. Каб не траціць дарэмна год, падала дакументы ў каледж мастацтваў у Магілёве і стала вучыцца на актрысу. А налета забрала свае дакументы і зноў пайшла на штурм міліцэйскай ВНУ. Не пашчасціла ёй і гэтым разам — самае крыўднае, што не хапіла ўсяго аднаго бала. І тады дзяўчына зрабіла па-іншаму: вырашыла, што будучаму міліцыянеру не перашкодзіць веданне роднай мовы і літаратуры, і паступіла ў Магілёве ў МДУ імя А. Куляшова на філолага, а з трэцяга курса тут жа паралельна стала вучыцца на юрыста. Універсітэт скончыла, лічы, з двума дыпломамі. І адразу ж накіравалася ў Краснапольскі РАУС — як той казаў, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Дзяўчыну прынялі і на паўгода адправілі ў Мінск, каб яна прайшла так званы курс маладога байца — атрымала спецыялізацыю. І ўжо ў маі 2014 года малады спецыяліст пачала працаваць супрацоўнікам інспекцыі па справах непаўналетніх. А ў 2015 годзе стала пераможцам штогадовага абласнога конкурсу-агляду на званне найлепшага ўчастковага інспектара па справах непаўналетніх. З таго часу яна пастаянная ўдзельніца спаборніцтваў на званне найлепшага па прафесіі. Каб перамагчы ў такім сур'ёзным конкурсе, павінна быць моцная тэарэтычная і практычная база. Удзельнікі праходзяць іспыты на веданне нарматыўных дакументаў, па стральбе, медыцынскай падрыхтоўцы, на валоданне баявымі прыёмамі барацьбы і нават па красамоўстве. Са стральбой, медпадрыхтоўкай і баявымі мастацтвамі ў Вольгі падчас апошніх рэспубліканскіх спаборніцтваў было ўсё добра. Вось толькі двойчы памылілася, адказваючы на трыццаць пытанняў па заканадаўчай базе.

Усе гэтыя навыкі патрэбны міліцыянеру не толькі падчас іспытаў, але і ў паўсядзённым жыцці. Праўда, пакуль рабіць штучнае дыханне або затрымліваць злачынцу з дапамогай зброі не выпадала. Хоць рызыкаваць даводзілася, і сур'ёзна. Вольга тады служыла ў міліцыі першы год. Вечарам яна павінна была прысутнічаць на дыскатэцы ў вёсцы, сачыць там за парадкам. На месца дзеяння яна прыйшла адна, кіроўца застаўся ў машыне. Нечакана да дзяўчыны ў міліцэйскай форме падышоў незнаёмы малады чалавек і пачаў яе абражаць, груба хапаць за рукі. Вольга паспела выклікаць дапамогу з РАУС, але трэба было дачакацца, пакуль тая даедзе ад Краснаполля. Між тым сітуацыя абвастралася, да крыўдзіцеля далучыліся яго таварышы. На шчасце, ні зброю, ні баявыя прыёмы выкарыстоўваць не давялося, дапамога падаспела своечасова. Як потым высветлілася, Вольга прыцягнула да адказнасці непаўналетняга брата незнаёмца за распіццё спіртных напояў, і старэйшы брат вырашыў такім чынам адпомсціць.

Якія тайны ў сабе хавае «сіні кіт»

На ўліку інспекцыі па справах непаўналетніх Краснапольскага раёна 600 дзяцей, 10 з якіх на кантролі.

— Самы цяжкі ўзрост — гэта 12-13 гадоў: падлеткі імкнуцца неяк самазацвердзіцца, звярнуць на сябе ўвагу, — кажа Вольга. — Аднойчы кампанія падлеткаў правярала на трываласць вокны, кідаючы ў іх цагліны. Або быў выпадак з адным хлопцам, які нагледзеў у двары «Жыгулі», што не зачыняліся, прыйшоў увечары, сеў за руль і паехаў катацца. Яшчэ і сяброў з сабой паклікаў. Скончылася тым, што машына трапіла ў ДТЗ — на шчасце, ніхто не пацярпеў. Але гэта не пазбавіла вінаватых ад пакарання.

Вольга прызнаецца, што ў сваёй рабоце кіруецца жаночай інтуіцыяй і веданнем азоў псіхалогіі, якія атрымала падчас вучобы на філолага. Аднойчы яна высвятляла ў 15-гадовага падлетка, хто яго пабіў. Хлопец спачатку проста яе ігнараваў. І тады яна... наліла гарбаты, дастала цукеркі і прапанавала скласці ёй кампанію. Падлетак сапраўды аказаўся галодны і быў вельмі ўдзячны за пачастунак. Непрыкметна высветлілася, што ён выпіваў разам са сваім дзядзькам, пасварыўся і той пабіў яго.

А яшчэ быў выпадак, калі Вольга выратавала дзяўчынку ад суіцыду.

— Я атрымала з псіханеўралагічнага дыспансера паведамленне на 12-гадовую дзяўчынку з нашага раёна, у якой былі заўважаны на руках сляды парэзаў, — расказвае яна. — Я пагутарыла з маці, праманіторыла сацсеткі і высветліла, што дзяўчынка гуляе ў страшную гульню «Сіні кіт». Гэта дэструктыўная забава, якая развівае ў дзяцей суіцыдальныя нахільнасці. Міліцыя пастаянна маніторыць сусветнае павуцінне на прадмет такіх гульняў. На жаль, выпадкі ўсё ж такі здараюцца.

Лапуся Міхайлаўна

Вясна — для любой жанчыны свята, і Вольга асабліва любіць гэтую пару года. Птушкі пяюць, паветра напаўняецца неверагодным пахам свежасці, настрой узнімаецца. І хоць сваю міліцэйскую форму маладая жанчына носіць з задавальненнем, з'яўляецца жаданне адзецца ў якую-небудзь модную сукенку. «Я заўважыла, што калі я не ў форме, мяне нават знаёмыя не пазнаюць», — смяецца Вольга. Тым больш што ад высокіх абцасаў на рабоце адразу ж давялося адмовіцца. Хадзіць трэба столькі, што сапраўды цяжка вытрымаць. Але прычоска, макіяж, пазногці заўсёды павінны быць у парадку. Гэта таксама зброя. Бо, калі ты хочаш быць для непаўналетніх прыкладам, павінен сам ва ўсім прытрымлівацца дасканаласці. Суразмоўніца згадвае, што для адной сваёй непаўналетняй стала нават аўтарытэтам. Дзяўчынка была вельмі складаная, але паступова выправілася. Цяпер яна ўжо дарослая, але па звычцы ў складаных пытаннях звяртаецца да Вольгі. І называе яе пяшчотна — Лапуся Міхайлаўна. І такіх удзячных, як яна, хапае. Так што «Найлепшы ўчастковы па справах непаўналетніх» Вольга не толькі па прафесійных якасцях, але і ў звычайным жыцці. У Краснапольскім РАУС, дзе яна працуе, з 54 чалавек асабовага складу — толькі чатыры жанчыны. На 8 Сакавіка начальнік РАУС Андрэй Казінец абавязкова агучвае ўрачыстую прамову і супрацоўніцы атрымліваюць у падарунак кветкі і сувеніры. Усё ж такі не кожнай жанчыне шчасціць апынуцца ў цэнтры ўвагі адначасова столькіх мужчын.

Анжаліка ГОМАН, старшыня Краснапольскага райсавета дэпутатаў:

— Раённы і сельскія Саветы дэпутатаў актыўна ўзаемадзейнічаюць з аддзелам унутраных спраў райвыканкама ў розных кірунках. Гэта перш за ўсё дзейнасць, накіраваная на прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў на тэрыторыі раёна. Супрацоўнікі міліцыі з'яўляюцца ўдзельнікамі сацыяльна-інфармацыйнага цягніка «Клопат», задзейнічаны ў рабоце Савета грамадскага пункта аховы правапарадку, назіральных камісій, дапамагаюць у рэалізацыі Указа Прэзідэнта № 357 «Аб пустуючых і старых дамах». У раёне існуе дакладна выбудаваная сістэма прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх. Гэта вельмі важная і складаная работа, якая патрабуе высокага прафесіяналізму і адданасці. І Вольга Шагава — якраз той чалавек, які валодае гэтымі якасцямі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Участковы ў спадніцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. 

Грамадства

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца.