Вы тут

Ірына Самусенка: “Цяпер буслы вымушаны сяліцца бліжэй да чалавека”


Ярка-чырвоная дзюба, белае з чорным апярэнне, доўгія моцныя ногі – хто не бачыў, як гэтая птушка горда шпацыруе па мелкаводдзі ля ракі ці на полі па нізкай траве? А калі ўзлятае, веерам расхінае шырокія крылы.

Як сёння пачуваецца знакаміты сімвал Беларусі, дакладна ведае кандыдат біялагічных навук, загадчыца лабараторыі арніталогіі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Ірына Самусенка, якая не адзін дзясятак год вядзе назіранне за белым буслом.


Праз зусім ужо непрацяглы час  мы чакаем нашых буслоў дадому. А дзе яны праводзяць зіму?

– Бусел – адзін з найбольш далёкіх нашых мігрантаў. Гэтая птушка можа перасоўвацца кожны год на адлегласць да 10 000 км ад родных мясцін. У належны час унутраны гадзіннік кліча буслоў у вырай, але доўга ляцець, махаючы крыламі, яны не могуць, таму выкарыстоўваюць тэрмічныя патокі паветра і лунаюць у іх. З той жа прычыны буслы пазбягаюць пераадольваць вялікія водныя прасторы (тэрмікаў над морам няма) або горныя масівы. Буслы з Беларусі ляцяць праз Украіну, Усходнюю Польшчу, Балгарыю, Сірыю, Ізраіль, Егіпет, потым – у Афрыку. Большасць з іх зімуе на гэтым кантыненце ва ўсходняй частцы зоны Сахелю, на поўдзень ад пустыні Сахара. Там, у саване, буслы харчуюцца саранчой ды іншымі насякомымі. Калі корму малавата, могуць ляцець яшчэ далей, пераадольваючы экватар, ажно да паўднёвай Афрыкі.

Ці даўно адбываецца кальцаванне бусла?

– Белы бусел, яго яшчэ называюць еўрапейскі белы бусел, – адзін з нямногіх відаў птушак, міжнародныя ўлікі якога ў розных краінах у межах цэлага арэалу пачалі праводзіць даволі даўно: у трыццатыя гады мінулага стагоддзя. Беларусь далучылася да працэсу з канца 50-х. За гэты час праведзена 8 падлікаў буслоў у міжнародным маштабе.

Буслы – з піянераў сярод птушак, якіх вучоныя пачалі кальцаваць. Першае кальцаванне бусла ў Беларусі адбылося недзе ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Тыя металічныя кольцы давалі навукоўцам шмат інфармацыі, але, на жаль, яе можна было атрымліваць найхутчэй праз птушак, якія загінулі. І толькі зараз з развіццём фотатэхнікі і ўжываннем дадатковых каляровых пластыкавых метак чалавек мае магчымасць, проста назіраючы за птушкай, разгледзець, што напісана ў яе на кольцы. Кальцуючы бусла ў Беларусі, мы пазначаем на металёвым кольцы асабісты нумар птушкі, краіну, наш інстытут. На дадатковым пластыкавым – толькі нумар. Але спалучэнне колеру, літар і лічбаў на такім кольцы дае магчымасць даведацца, у якой краіне была закальцаваная птушка і куды трэба дасылаць інфармацыю аб назіранні, каб атрымаць больш дакладныя звесткі аб яе паходжанні.

Якую інфармацыю атрымліваеце праз кальцаванне?

– Натуральнай мэтай кальцавання ад пачатку было высветліць, што робіцца з птушкамі, калі яны адлятаюць ад нас. Калі раптам мяняюцца шляхі міграцыі, для вучоных гэта падстава задумацца, чаму адбыліся такія змены. Кальцаванне, такім чынам, – дадатковы метад навуковага даследавання навакольнага асяроддзя, збору прагнозаў і прапаноў з мэтай папярэджання знікнення пэўных відаў пярнатых.

Колькі сёння налічваецца гэтых птушак у Беларусі? І якія тэндэнцыі?

– Апошні падлік буслоў мы праводзілі ў 2014 годзе, які быў вельмі спрыяльны для нашых птушах. Колькасць папуляцыі тады ацанілі ў 22,5 тысячы пар, што гняздуюцца. Але з 2015 года на абедзвюх маніторынгавых пляцоўках – на поўдні і ў цэнтры Беларусі, дзе  мы назіраем за бусламі штогод, – адбываецца паступовае скарачэнне лічбы пар, якія гняздуюцца, і малых, што яны вырошчваюць.

Трэба сказаць, што буслы вельмі рэагуюць на змены навакольнага асяроддзя. Калі цягам некалькіх год запар на тэрыторыях зімоўкі засуха і спёка, шмат птушак гіне там, а іх сародзічы вяртаюцца на месцы гнездавання знясіленымі і, як вынік, вырошчваюць менш птушанят.

Тое самае можна казаць і пра ўмовы месцаў гнездавання. Зніжэнне паказчыкаў колькасці пар і сярэдняй колькасці буслянят на гняздо сведчаць, на жаль, пра негатыўныя зрухі ў папуляцыі беларускіх буслоў. Глабальныя змены клімата, а таксама ўмяшанне чалавека ў прыроду ўплываюць на  буслоў адмоўным чынам – праз пагаршэнне кармавой базы.

Якім чынам гэта адбываецца?

– Буслы харчуюцца жабкамі, мышамі, насякомымі. Прыкладам, перааралі поле – не стала мышэй. Пасля меліярацыі той ці іншай тэрыторыі зніклі жабкі. Высах вадаём, звяліся ў ім жукі. З іншага боку, корму можа быць дастаткова, але буслу трэба шпацыраваць па невысокай траве, полі, сенажаці, вадзе і там вышукваць сваю здабычу. Поймы Прыпяці, Нёмана ды іншых вялікіх рэк асабліва прывабныя для нашых птушак. Але цяпер яны зарастаюць хмызамі, кустарнікам, знікаюць лугі, дзе буслы пачуваліся вольна. У высокай траве лавіць мышэй ці насякомых бусел не будзе, бо не зможа здабыць ежы дастаткова, каб пракарміць сябе ды яшчэ і двух-чатырох буслянят.

У выніку птушкі вымушаны часцей сяліцца побач з чалавекам. Але тут іх чакаюць іншыя пагрозы – тэхнагенныя.

Ці здолелі адаптавацца да іх буслы?

– Прызвычайваюцца, але  наступствы такіх зменаў не вельмі радасныя. Развіццё аўтамабільнага транспарта прыводзіць да таго, што буслы часцей гінуць, збіраючы корм паабапал дарог. Але самы, бадай, небяспечны для іх фактар – лініі электраперач. Бусел – вялікая дужая птушка, для будаўніцтва гнязда яму патрэбна вышыня, каб гняздо добра праветрывалася, асвятлялася сонцам. Здаўна буслы ўпадабалі саламяныя стрэхі хат, адзінкавыя ссохлыя дрэвы ў вёсках. Але зараз у населеных пунктах такія дрэвы высякаюцца, а дахі крыюць шыферам, металачарапіцай.

Вось адзін з тыповых выпадкаў, які я назірала. Сям’я буслоў гнездавалася на высокім струхлелым дрэве, якое стаяла на панадворку, але гаспадар хаты яго высек. А трэба сказаць, што буслы вельмі прывязаныя да месца, дзе шмат гадоў гадавалі малых, ды і птушаняты, вырастаючы, найчасцей гняздуюцца блізка ад бацькоўскай буслянкі.

Увёсну самец і самка прыляцелі і пабачылі, што няма звыклай апоры для гнязда. Паспрабавалі ўладкавацца на хаце, але галінкі не трымаліся на шыферным даху. Тады птушкі вымушана пабудавалі гняздо на слупе ЛЭП побач з тым месцам.

І так адбываецца часта. У 2004 годзе 25% буслоў гнездаваліся на слупах размеркавальных ліній, зараз гэтая лічба складае каля 50%, а ў некаторых рэгіёнах – звыш за 70%. Як вынік, птушкі гінуць ад электратоку, праз іх часам здараюцца аварыі, і тады энергетыкі скідваюць гнёзды ўніз.

Чым могуць дапамагчы птушкам беларусы? Калі гаспадар хоча, каб ля яго хаты гнездаваліся буслы.

– Для будаўніцтва гнязда можна ўсталяваць спецыяльную платформу на даху дома ці на дрэве. Калі раней там ужо жылі буслы, такая платформа на 99% будзе заселеная. Мы раім дадаткова зрабіць на ёй вянок з галінак, папырскаць будучае гняздо вапнай. Канструкцыя павінна быць трывалай, не хістацца. Бывае, што пасля навальніцы ў дрэва зламаная вяршыня, але яно яшчэ зялёнае, жывое. На такім дрэве таксама могуць пасяліцца буслы, але яго трэба даглядаць, абразаць новыя галіны.

Такім чынам можна адцягнуць бусла ад перасялення на слуп ЛЭП.

Як вы ставіцеся да таго, што пэўную папулярнасць сёння набывае назіранне за птушкамі – бёрдвочынг?

– Добра стаўлюся. Чалавек, які захапляецца птушкамі, больш увагі звяртае і на праблемы навакольнага асяроддзя. На Захадзе, дарэчы, распаўсюджаны такі від актыўнага адпачынку на прыродзе, як назіранне кольцаў птушак. Аднак ёсць пэўныя моманты. Не ўсім навічкам яшчэ вядомая этыка паводзін з дзікімі жывёламі і птушкамі. Напрыклад, нельга турбаваць птушку, калі яна ўе гняздо, спявае. Не трэба лезці ў гняздо, лепш назіраць здалёк.

Шмат робіць грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Калі людзі пачынаюць вывучаць птушак дасканала, гэта дапамога і нам, навукоўцам. Ёсць выпадкі, калі сталыя аматары бёрдвочынгу рэгіструюць новыя ці рэдкія для краіны віды.

Так, дзякуючы назіральнікам за птушкамі мы даведаліся, як змяніліся межы пражывання чырвонагаловага каралька – гэта адна з самых маленькіх нашых птушак, раней яна вадзілася толькі на захадзе краіны, цяпер аматары рэгіструюць яе і ў цэнтральнай Беларусі.

Вы шмат працуеце ў палявых умовах. А сустрэчы з дзікімі жывёламі здараліся?

– Такія сустрэчы адбываюцца ў мяне кожны дзень, і не толькі калі працую ў полі. Бо дзікія жывёлы жывуць побач з намі, нават у гарадах. Як навуковец, канешне, я больш часта, нават пастаянна звяртаю на іх увагу – ці то звычайная сініца, ці драпежная птушка ў небе або нейкі звер. Калі казаць пра адметныя выпадкі з буйнымі небяспечнымі звярамі, можна ўзгадаць, як у Чарнобыльскай зоне двойчы давялося сустрэцца з ваўкамі, у Бярэзінскім запаведніку – з мядзведзем.

Аднойчы ў пакінутай людзьмі вёсцы ў Чарнобыльскай зоне ішла па вуліцы, назіраючы ў бінокль за гняздом буслоў. І раптам чую рохканне... Апускаю бінокль і бачу ў акуляр проста перад сабой агромністую морду дзіка! Насамрэч жывёлы харчаваліся на адлегласці ў дзясятак метраў, але эфект бінокля спрацаваў. На балоцістых абшарах з высачэзнай травой даводзілася яшчэ не раз чуць тое “хрум-хрум”. У такіх выпадках трэба падаць нейкі знак, прыкладам, сказаць гучна: “Дзікі, гэта мы!” Звычайна дзікія жывёлы тады сыходзяць, бо таксама баяцца людзей.

Ці складана было вам самасцвердзіцца ў навуцы? Даследаваннямі ў дзікай прыродзе ў нас часцей займаюцца навукоўцы-мужчыны.

– Я нарадзілася ў Мінску, у сям’і біёлагаў. Абое мае бацькі выкладалі біялогію: мама – у школе, бацька – у Гомельскім педагагічным інстытуце, пасля пераезду ў сталіцу – у Мінскім педуніверсітэце, працаваў у Акадэміі навук. Бацька і абудзіў ува мне цікавасць да птушак. Браў мяне, школьніцу, з сабой у паходы. На гумовай лодцы мы плавалі па рэках, лічылі чаек і іншых птушак. Ва ўніверсітэце маім аб’ектам даследавання сталі буслы. Ім прысвечаны мая дыпломная і кандыдацкая працы.

Сапраўды, часцей жанчыны ў навуцы займаюцца падлікамі, базамі дадзеных ці сядзяць за мікраскопам – гэта адказная, але для мяне не самая любімая праца. Аддаю перавагу палявым даследаванням, а не “кабінетнай” працы.  Хоць і без апошняй – апрацоўкі першасных дадзеных і іх аналізу – нікуды не дзецца.

У некаторых выпадках жанчыне фізічна цяжка зрабіць тую работу, якую робіць дужы мужчына пры здабыцці навуковага матэрыялу. Але гэта трэба рабіць. Паколькі прадмет маіх даследаванняў – птушкі, я хадзіла па балоце і па лесе, лазіла па дрэвах, нават пару разоў падала з невялікай вышыні.

Дзяўчатам і хлопцам раю выбіраць прафесію па сабе: усё залежыць ад індывідуальных асаблівасцей чалавека. А найперш трэба любіць сваю справу, захапляцца ёю.

Гутарыла Алена Гаршкова

Фота з асабістага архіва Ірыны Самусенка


Информацию о наличии журнала «Алеся» в киосках и павильонах РУП «Белсоюзпечать» (БелДрук)  можно получить по телефону в городе:

Брест                                   + 375 162 219838

Витебск                               + 375 212 358437

Гомель                                + 375 232 558813

Гродно                                + 375 152 569508

Могилев                             + 375 222 786074

Минск и Минская обл.   + 375 173 272542

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.