Вы тут

«Зорнае» жыццё Дзяніса Буркевіча, або як кінолаг з Маладзечна дрэсіруе чатырохногіх артыстаў


Ці кусаў вас калі-небудзь сабака? А вось Дзяніс Буркевіч з Маладзечна трапляў пад моцныя іклы чатырохногіх сяброў неаднойчы, прычым асэнсавана. Жонка пакеплівае з яго, маўляў, у мяне самы прыгожы муж ва ўсім свеце, бо шрамы ўпрыгожваюць мужчыну. Што паробіш, такая ў яго работа, якую ён выконвае сумленна. Дзяніс — кінолаг, дублёр, адзін з дрэсіроўшчыкаў у міліцэйскім серыяле «Мухтар. Новы след», што здымаўся ў Мінску. Абаяльная нямецкая аўчарка па мянушцы Мухтар нясе службу ў маскоўскай паліцыі. Дзякуючы свайму адметнаму нюху і кемлівасці «дэтэктыў» дапамагае героям серыяла знаходзіць доказы і лавіць зламыснікаў. Разам з ім яны раскрываюць нават самыя складаныя і безнадзейныя справы. У фільме шмат эпізодаў з пагонямі, бойкамі. Вядома, сабаку неабходна вымуштраваць на затрыманне зладзеяў. У ролі дублёра зламыснікаў і выступаў Дзяніс: нельга ж падстаўляць пад удар акцёраў.


Дзя­ніс Бур­ке­віч падчас службы ў міліцыі са сва­ёй пер­шай аў­чар­кай Фі­ё­най.

Сапраўдны Воін

— Я просты вясковы хлопец, вырас у пасёлку Новапалескі Салігорскага раёна. Бацькі трымалі ў гаспадарцы шмат свойскай жывёлы. Так што, любоў да ўсяго жывога ў мяне з дзяцінства. Пасля школы адвучыўся ў Мінскім машынабудаўнічым каледжы, адслужыў у войску. Уладкаваўся ў Маладзечанскі аддзел Дэпартамента аховы МУС. Калі прапанавалі быць кінолагам, я пагадзіўся, але пры адной умове, што куплю свайго сабаку. Так у мяне з'явілася нямецкая аўчарка Фіёна, з якой правялі шмат затрыманняў. Вопыту работы з «братамі меншымі» ў мяне не было. Веды спасцігаў на курсах і самастойна, удзельнічаў у розных міжнародных семінарах. На адным з іх пазнаёміўся з Віталем Новікам. Ён таксама кінолаг, дрэсіроўшчык, гаспадар Воіна, які і сыграў ролю Мухтара. Віталю першаму прапанавалі здымкі са сваім сябрам. Дарэчы, нядаўна Воіна не стала, загінуў ад анкалагічнага захворвання. Менавіта загінуў, а не памёр. Такіх сабак, як ён, мабыць, у «Мухтары» больш не здымалася. Воін валодаў адмысловымі рабочымі якасцямі, быў вельмі кемлівым, ведаў шмат трукаў. У яго па пашпарце надта доўгая арыстакратычная нямецкая мянушка, якую цяжка вымавіць, таму ўся здымачная група называла яго Воінам. Віталь папрасіў мяне вымуштраваць сабаку на затрыманні. Так і пачалося маё «зорнае» жыццё, — смяецца суразмоўнік.

Зямныя людзі

Вядома, напярэдадні дэбюту Дзяніс Буркевіч вельмі хваляваўся. Сваіх герояў, якімі захапляўся, ён бачыў у серыяле, калі яшчэ быў зусім малы. Але прынялі яго вельмі цёпла. Аляксей Маісееў, Уладзімір Фякленка, Святлана Бруханава аказаліся сціплымі, простымі, зямнымі людзьмі, без ніякай зорнай хваробы. «Аднойчы невядомы нікому пачынаючы акцёр адмовіўся падаць на зямлю, маўляў, пакладзіце мне посцілку. І Уладзімір не вытрымаў, зняў куртку і кінуў на траву. У акцёраў, якія выконвалі галоўныя ролі, не было ніякага райдара. Мы ўсе разам пілі каву з аднаго кубка, — кажа Дзяніс. — З Лёшам і Валодзем сябруем да гэтага часу. Я прывозіў на здымачную пляцоўку знаёмых бабулек. Іх заўсёды прыязна, з павагай сустракалі галоўныя героі серыяла. Нават, калі па секундах распісаны кожны дубль, яны знаходзілі час, каб пагутарыць з імі, сфатаграфавацца, выпіць кавы, запрасіць у грымёрку. З дзецьмі ўсё складаней. У малых яшчэ ёсць вера ў Дзеда Мароза. І калі яны бачылі, што гэта пастаноўка, то многія пачыналі плакаць. Маўляў, гэта не сапраўдны Мухтар. Атрымлівалася, што я неасэнсавана разбіваў дзіцячыя мроі. Таму і перастаў браць іх на здымкі».

Як адна каманда

— Якімі якасцямі павінен валодаць медыйны сабака? — пацікавілася ў Дзяніса.

— Яны праходзяць строгі адбор. Улічваецца знешні выгляд, уменне выконваць розныя трукі. Рэжысёр, як вядома, творчы чалавек. І падчас здымак яму можа прыйсці ідэя, непрадугледжаная сцэнарыем. Маўляў, хачу каб Воін прынёс кубак з вадою аднаму з акцёраў і аднёс яго назад на стол. Мы з Віталем працавалі за камерай, жэстамі аддавалі каманды. І Воін выдатна справіўся з заданнем. Таму вельмі важна, каб сабака разумеў мову жэстаў, што ад яе патрабуюць. Напрыклад, можна брахаць, але не кусацца.

Наогул, знайсці для фільмаў чатырохногіх артыстаў не так проста. Сабакі павінны быць добра дрэсіраваныя, умець шчыльна працаваць з чужымі людзьмі, нягледзячы на тое, што прывыклі да сваіх уладальнікаў. Працаваць як адна каманда. А на працэс прывыкання адводзіцца няшмат часу. У «Мухтары» здымалася дзве-тры сабакі. Напрыклад, адзін тыдзень — адна, другі — іншая, так званымі на прафесійнай мове блокамі. Таму што здымачны дзень працягваецца па 12—16 гадзін. Людзі валіліся з ног. А што казаць пра сабаку. Ён моцна стамляецца ад цяжкай работы, становіцца непаслухмяным. Падчас здымак прысутнічае і падменны сабака на той выпадак, калі што здарыцца, напрыклад, «калега» параніцца, выйдзе са строю. Хоць адну ролю ігралі розныя сабакі, іх немагчыма было адрозніць аднаго ад другога. Падбіралі іх па масці, часам даводзілася і падфарбоўваць, каб схаваць нейкія адметнасці.

— А ці не было спакусы самому зняцца ў нейкай ролі? — запытала ў Дзяніса.

— Так, аднойчы звярнуўся да рэжысёра, каб паказалі і маю асобу ў фільме. Сын раскажа ў дзіцячым садку, што бацька ўдзельнічае ў здымках «Мухтара», а яму ніхто не паверыць. І мяне паказалі на галоўнай застаўцы разам з акцёрамі. Мая мама сабрала жанчын з усёй вёскі, каб пабачылі, як Мухтар выбівае пісталет з рук сына. Затым папрасіў, каб далі мне хоць маленькую ролю са словамі. Было вельмі цяжка, пасля гэтага зарокся больш не здымацца. Затым на экране бачыў свае касякі, скаванасць. Наогул, галоўныя героі валодаюць добрай памяццю, яны не завучваюць тэкст на памяць, пераказваюць яго блізка па сэнсе. Ахапіць сотні старонак немагчыма фізічна.

«Салдацік» пасля «Мухтара»

— Дык, з «Мухтара» і пачалася ваша сцэнічная кар'ера?

— Ну, гэта моцна сказана. Менавіта пасля «Мухтара» мяне сталі запрашаць у розныя праекты з удзелам сабак. Іх было шмат: «Салдацік», «Ні кроку назад», «Тошкіна вайна» і іншыя.

У «Салдаціку» мастацкім кіраўніком выступіла народная артыстка Расіі, рэжысёр Ала Сурыкава. Гэта ваенная драма хлопчыка-сіраты, заснаваная на рэальных падзеях. Напярэдадні 23 лютага стужку паказалі ў многіх беларускіх кінатэатрах. 1943-і год, вайна. Па задуме рэжысёра галоўны герой катаецца на запрэжаных у сані сабаках, вывозіць з поля бою раненых. На дарозе сядзіць кот, які ўмываецца. Рэжысёр запатрабаваў, каб назаўтра прынеслі некалькі аднолькавай масці.

— У мяне ёсць падрыхтаваны кот, які справіцца з заданнем, — прапанаваў Дзяніс.

На наступны дзень кінолаг на здымках дастае з чорнай скрыні свайго хатняга мурлыку, ставіць на дарогу. Пакуль той прызвычаіўся да святла, агледзеўся, не разумеючы, дзе ён і што з ім, пусцілі сабак. «Васька» ўцякаць, але няма куды: абапал сцежкі стаяць людзі, а паміж імі калідор. Ён ірвануў па гэтай вузкай прасторы і скокнуў прама на камеру. Шыкоўны атрымаўся дубль.

— Я працаваў з курамі, катамі, шчанюкамі, сабакамі розных парод, ставіў трукі. Гэта не чалавек, які адразу ўсё зразумее. Жывёліну рэдка ўдаецца зняць з першага дубля. Таму акцэнт робіцца на яе, бо чалавека лягчэй перазняць. Аднойчы здымалі такую сцэну ў фільме «Тошкіна вайна». Немец з аўтаматам і аўчаркай на ланцугу вядзе двух палонных, адзін з цялежкай, другі — з рыдлёўкай, да кучы з вугалем, у якой хаваецца партызан. Сабака пачула, што там нехта ёсць і пачала брахаць па камандзе. Гэты эпізод здымалі цэлую гадзіну, рэжысёр крычыць, нервуецца, не атрымліваецца так, як ён хоча. А чатырохлапы ахоўнік усё гаўкае. Не можа зразумець, што зрабіў не так, чаму не даюць пачастунак. І ён кусае аднаго з рабочых за нагу, можа цяпер атрымаю штосьці смачнае. Той курчыцца ад болю, а немец, які не бачыў гэтай сцэны, думае што так трэба па сцэнарыі і трасе яго за карак, маўляў, падымайся, працуй.

На гэты раз пад іклы сябра чалавека Дзяніс не трапіў. У яго і так шмат укусаў. І ён ганарыцца, што 90 працэнтаў з іх — ад легендарнага Воіна.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».