Вы тут

Калі замест зброі — мікрафон. Ці лёгка быць начальнікам клуба ў войску?


Канцэртная група ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны была створана не так даўно — у 2014 годзе. Але на яе ліку пераможныя ўдзелы ў многіх рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсах. За час свайго існавання яна дала больш чым 370 канцэртаў, пераважная большасць з якіх прайшла ў аддаленых гарнізонах, у тым ліку ў Расіі. Сэрца групы — афіцэр па арганізацыі вольнага часу, начальнік клуба 483-га асобнага батальёна аховы і абслугоўвання лейтэнант Юлія Залуцкая. І нават наша гутарка адбываецца пад гукі рэпетыцыі чарговага канцэрта — гэтым разам да 8 Сакавіка.


— Я прызвалася ў 2006 годзе, калі скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Кіраўнік народнага ансамбля». З таго часу я нікуды адсюль, — усміхаецца Юлія. — Акрамя як у дэкрэтны адпачынак.

Мая суразмоўніца — маці дваіх дзяцей. Дачцэ Ганне нядаўна споўнілася 12 гадоў. Сын Вова маладзейшы — яму толькі восем. Цікаўлюся — ці не хочуць дзеці пайсці па творчым шляху маці?

— Ганна ўдзельнічала разам са сваёй сяброўкай у нашым фестывалі армейскай песні, неаднаразова я брала яе да нас на канцэрты. Вось незадоўга да Новага года наша канцэртная група арганізоўвала ранішнік. А ў мяне хранічна не хапала часу, каб вывучыць ролю! Ганна прыйшла на дапамогу і сыграла казачную кікімару замест мяне, — згадвае Юлія. — Атрымалася, як пасля казалі, вельмі міла. Я паглядзела, што дачка добра іграе, і мы вырашылі ўзяць яе з сабой. Паехала разам з ёй у Рудзенск, у дапаможную школу-інтэрнат. Тут я мела на ўвазе і другую мэту — каб Ганна пабывала ў школе, дзе выхоўваюцца незвычайныя дзеці. Кантакт адбыўся вельмі добра — дачка тут жа знайшла агульную мову з некаторымі выхаванцамі. Тут справа ў псіхалогіі. Бывае, што дзеці не ўспрымаюць добра сваіх аднагодкаў, якія чымсьці ад іх адрозніваюцца. Але чым жа тыя вінаваты, што з імі здарылася такое няшчасце? Ім і так шмат дзе вельмі складана. Таму, на маю думку, трэба з маленства ўкладваць разуменне, што людзі бываюць розныя, у тым ліку і з асаблівасцямі развіцця. І наша задача — дапамагчы ім інтэгравацца ў гэты вялікі свет.

Але пакуль што Ганне не да перыядычных выступленняў. Дзяўчынка вучыцца ў шостым класе, дзе ўжо прысутнічаюць складаныя дакладныя навукі. Таму на гэтым кірунку пакуль узята творчая паўза. Ёсць у яе яшчэ адно захапленне — гімнастыка, якой дзяўчына займаецца на аматарскім узроўні. А ў Вовы больш цікавасці да дзюдо.

Дапаможная школа-інтэрнат у Рудзенску стала для канцэртнай групы ВПС і войскаў ППА пунктам адліку сацыяльнага праекта «Сэрца на далоні». Музыканты выступаюць для дзяцей-сірот, анкалагічных хворых, інвалідаў і састарэлых людзей. Такім чынам яны імкнуцца звярнуць увагу на праблемы гэтых катэгорый людзей і дапамагчы ім хоць маральна, каб яны знаходзілі ў сабе сілы жыць далей. Праграма інтэрактыўная — гэта значыць, што аўдыторыя не ператвараецца выключна ў гледачоў, а ўдзельнічае ў свяце і сама.

— Помню паездку ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, — згадвае Юлія. — Гэта, па праўдзе кажучы, для мяне было самае страшнае месца. Там песні спяваць вельмі цяжка. Але калі разумееш, як дзеці зараджаюцца ад цябе, то гэта надае аптымізму. Стараемся наведваць іх раз на год. Працуюць там і бальнічныя клоўны, якія таксама падтрымліваюць малых. Таксама ў ліку нашых сяброў — Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў. У аснове нашай творчай праграмы — музычная кампазіцыя Ігара Мацвіенкі з красамоўнай і кароткай назвай «Жыць». Больш за тое, мы сваімі сіламі знялі кліп на гэтую песню, які паказваем кожны раз, калі кудысьці прыязджаем упершыню.

Юлія Залуцкая займаецца ў клубе не толькі творчасцю. Начальнік клуба аб'ядноўвае ў сабе некалькі пасад, сярод якіх — загадчык гаспадаркі, тэхнік па ўліку, бухгалтар... Штатны расклад не прадугледжвае памочнікаў. За адным выключэннем — салдата-«клубніка» з ліку тых, хто праходзіць тэрміновую службу. Без яго было б зусім складана. Але каб сюды трапіць, салдат мусіць быць таленавіты і кемлівы.

— Наш клуб будавалі ў 1939 годзе. У тыя часы чамусьці вырашылі ўзвесці будынак, як кажуць, з размахам. Ён мае тры паверхі і разлічаны на 400 пасадачных месцаў! — кажа Юлія. — Вайскоўцы ВПС і войскаў ППА прыязджаюць сюды на разнастайныя нарады і мерапрыемствы, тут праводзіцца безліч калегій, нярэдка прымаем прадстаўнікоў іншых дзяржаў. Таму, самі разумееце, работы ў нас вельмі шмат.

У клубе не так даўно з'явілася сучасная апаратура для канцэртнай залы. Працуюць на ёй салдаты тэрміновай службы, якія праходзяць праз адбор. Юлія, а таксама пастаянныя члены групы вучаць іх хітрасцям абыходжання з тэхнікай. Прычым чалавек, які працуе на пульце, павінен абавязкова валодаць ідэальным слыхам.

Ёсць у нас і выязны камплект апаратуры. Дзе ён толькі не пабываў — яго вазілі на самалётах, у цягніках, манціравалі і разбіралі на палігонах, у лясах, у балотах... Стараемся самі падтрымліваць тэхніку ў рабочым стане. Выключэнне — сур'ёзныя паломкі, якія не можам ліквідаваць самі. Тады ўжо даводзіцца прасіць дапамогі ў спецыялістаў.

— Канцэртная група ў войсках ВПС і ППА пазаштатная. Гэта значыць, што большую частку часу вайскоўцы служаць на іншых пасадах у часцях па ўсёй Беларусі. У асноўным складзе групы цяпер знаходзяцца начальнікі клубаў. Сярод іх — Настасся Турко з 147-га зенітна-ракетнага палка, Людміла Куклева з 8-й радыётэхнічнай брыгады, Алеся Кір'янава з 1073-га цэнтральнага каманднага пункта. Не так даўно тры дзяўчыны сышлі ў дэкрэтны адпачынак, і нам іх вельмі не хапае. Затое адзін з салістаў, Максім Петухоў, плануе пасля тэрміновай службы перайсці на кантракт.

Мы збіраемся ў адзіную групу за некалькі дзён да чарговага выступлення. Таму ўсе рэпетыцыі праходзяць па ўзмоцненым графіку. І тады рабочы дзень заканчваецца позна ўвечары. Часта і сама саджуся за раяль — я ж па першай музычнай спецыяльнасці піяністка.

Складана знайсці месяц, дзе б ні было ніводнага свята, якое датычыцца нашага роду войскаў. А пры гэтым ёсць яшчэ і іншыя нагоды для выступленняў. Вось гэтымі днямі частка нашай групы адправілася ў Баранавічы, каб павіншаваць тамтэйшых жанчын у ваеннай форме з 8 Сакавіка.

— Але як жа ў такім напружаным рэжыме ўдаецца паспяхова выконваць усе задачы?

— Сакрэт — доўгатэрміновае планаванне і ўзаемаразуменне. Вось, скажам, я ведаю, што ў мяне ёсць вольны тыдзень без якіх-небудзь мерапрыемстваў. За гэты час я імкнуся вырашыць усе рабочыя пытанні, якія не звязаны з творчасцю, — зрабіць зверку, штосьці адрамантаваць, падрыхтаваць неабходныя дакументы. Цяпер вось два члены групы сыходзяць на сесію, і таму часова мы будзем вымушаны скараціць колькасць выступленняў. Нават адпачынкі ў нас плануюцца на час, калі не трапляюць на буйныя мерапрыемствы і вучэнні. Проста імкнёмся адно аднаго слухаць і чуць.

— Што самае складанае падчас службы?

— Пастаянная ратацыя кадраў сярод салдат тэрміновай службы. Яны ж прыходзяць у наш батальён максімум на год, і тое калі іх прызвалі на 18 месяцаў. І вось толькі прывыкнеш, як ужо і развітвацца трэба. Хоць не з усімі. Напрыклад, салісты групы Сяргей Сліўка і Яўген Каляіна з намі ўжо тры гады. Вельмі добры дуэт у іх атрымаўся. Прычым Сяргей спачатку адслужыў тэрміновую службу, але перыядычна да нас прыязджаў, рэпеціраваў, спяваў і... у выніку вырашыў падацца ў войска на кантракт. Як бачым, любоў да творчасці ўзяла верх. І гэта прыемна.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?