Вы тут

У пошуках кропак судакранання. Прадстаўнікі маладзёжнай супольнасці наведалі па запрашэнні Мінабароны 72-гі Аб’яднаны вучэбны цэнтр у Барысаве


Міністэрства абароны запрасіла прадстаўнікоў маладзёжнай супольнасці наведаць 72-гі Аб’яднаны вучэбны цэнтр.


У пачатку гэтага года актывісты супольнасці «Маладзёжны блок» накіравалі ў Міністэрства абароны шэраг прапаноў. Яны тычыліся далейшага паляпшэння ўмоў праходжання тэрміновай ваеннай службы. Пераважную большасць з іх можна аднесці да чатырох груп: парадак камплектавання Узброеных Сіл, грашовыя, інфармацыйныя і побытавыя.

Напрыканцы лютага міністр абароны Віктар Хрэнін даў афіцыйны адказ на запыт. Згодна з ім, ваеннае ведамства не знайшло эканамічнага абгрунтавання першых дзвюх груп прапаноў. Яны тычыліся магчымасці праходзіць службу падчас вучобы, павышэння грашовых выплат і іншых. Акрамя таго, не ўлічваюцца тэрміны, якія патрэбны, каб падрыхтаваць вайскоўцаў па ваенна-ўліковых спецыяльнасцях. Таксама, згодна з дакументам, вылучаныя прапановы не спрыяюць таму, каб абараніць дзяржаву, грамадства і асобу ад знешніх і ўнутраных пагроз.

І тут Міністэрства абароны зрабіла цікавы ход, які тычыцца інфармацыйных і побытавых ініцыятыў. Ведамства афіцыйна запрасіла прадстаўнікоў «Маладзёжнага блока» наведаць у пачатку сакавіка 72-гі Аб’яднаны вучэбны цэнтр, які месціцца ў Барысаве. Мэта паездкі простая: даць магчымасць непасрэдна паглядзець, як жа праходзіць служба ў салдат. На прапанову пагадзіліся два хлопцы — Даніла Лаўрэцкі і Валерый Тамілін. Даніла — афіцэр запасу, скончыў падчас навучання ў вышэйшай навучальнай установе ваенную кафедру. Валерыя прызыў закране неўзабаве.

Даволі нечаканым стаў прыезд у Барысаў намесніка міністра абароны па ідэалагічнай рабоце генерал-маёра Леаніда Касінскага. Даніла і Валерый скарысталіся магчымасцю і пачалі задаваць найбольш хвалюючыя пытанні. Дыскусія атрымалася працяглай і ажыўленай. Ніжэй пададзены самыя цікавыя моманты.

Яшчэ ў кастрычніку 2018 года Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся са студэнтамі гродзенскіх ВНУ, выказаў думку, што можна прызываць у войска падчас летніх канікул. Пасля першага курса яны змогуць атрымаць пачатковую ваенную падрыхтоўку, пасля другога — асвоіць вайсковую спецыяльнасць, а працягнуць армейскія зборы можна і на апошніх курсах. У выніку маладыя людзі не адрываюцца ад вучобы і праходзяць службу. Ці ёсць план рэалізацыі гэтай прапановы?

Думаю, было б не зусім правільна выкарыстоўваць такую дэфініцыю, як «план». Ёсць задача Прэзідэнта. Яна пастаўлена і будзе выканана. Прапановы будуць абавязкова даложаны кіраўніку дзяржавы. Яны будуць тычыцца таго, у якім выглядзе можна выкарыстоўваць варыянты, аб якіх ідзе гаворка. Але ўсе гэтыя прапановы патрабуюць дэталёвай прапрацоўкі. Сказаць, што мы іх вынесем, напрыклад, на працягу двух год, — адназначна нельга. Аднак запэўніваю, што праца над гэтым ідзе. Нам патрэбны час.

Якія робяцца захады, каб зрабіць Узброеныя Сілы больш адкрытымі?

Мы адкрыты, і нічога не хаваем. Хочам, каб пра войска гаварылі праўду. А не домыслы ці нейкія прыдумкі... І мы адкрыты для дыялогу, абмеркавання. Такой ступені адкрытасці, як у нашым войску, вы мала дзе знойдзеце. Мы ж гутарым з ваеннаслужачымі іншых дзяржаў. Напрыклад, у Германіі нельга паведаміць ні пра адно здарэнне ў бундэсверы без згоды пацярпелага. А калі, крый Божа, ён загінуў, то дазвол на агалошванне звестак мусяць даваць яго родныя і блізкія. І мы не раз сутыкаемся з тым, што нам пасля тэлефануюць бацькі і пытаюцца, чаму мы без іх згоды расказалі пра здарэнне з іх сынам. Пры гэтым мы не называем імёнаў, каб не парушаць этычныя моманты... Калі браць тэму адкрытасці ў комплексе, то мы сёння актыўна ідзем у сацыяльныя сеткі. Займаюцца гэтым і афіцэры ў воінскіх часцях, і камандзіры падраздзяленняў. На маю думку, за апошнія два гады мы зрабілі вельмі шмат і спыняцца на дасягнутым не збіраемся. У тэставым рэжыме працуе сваё інтэрнэт-тэлебачанне. Сёлета запускаем сваё інтэрнэт-радыё.

Наколькі ў нас укамплектаваны часці афіцэрскім саставам?

Зараз працэнт камплектавання ім складае 95-97% у залежнасці ад вайсковай часці. Я ўдакладніў інфармацыю, пасля першага кантракту ў нас звальняецца 6-7% афіцэраў, а не 50%, як гэта даводзілася чуць. Мы іх і не трымаем у такім выпадку. Калі чалавек вырашыў сысці, значыць, ён не можа выконваць свае абавязкі ў поўнай меры.

Але не сакрэт, што ў Ваеннай акадэміі конкурс на некаторыя спецыяльнасці нізкі.

Ваенны чалавек ва ўсе часы не быў ні бедным, ні багатым, а заўжды адносіўся да сярэдняга класу. На чыйсьці выбар, мабыць, паўплывалі бацькі, і ён ідзе ў Ваенную акадэмію, лічачы, што там вялікія грошы. А насамрэч гэта — цяжкая праца. 

Як жа зрабіць так, каб туды ішлі лепшыя?

Універсальнага рэцэпту я даць не магу. Трэба, на мой погляд, вяртацца да пытанняў належнага патрыятычнага выхавання ў школе. Чалавек, падаючы дакументы ў Ваенную акадэмію, мусіць разумець, што гэта не столькі спосаб зарабляння грошай, колькі яго прызванне. Напэўна, дзякуючы гэтаму будуць ісці лепшыя людзі. Нельга ўсё вымераць сярэднім балам. Павінны быць і лідарскія якасці. Бывае і наадварот — чалавек заканчвае ВНУ, але не здольны быць арганізатарам, павесці людзей за сабой.

Закон, які змяніў мінулым летам колькасць адтэрміновак ад тэрміновай службы ў войску, выклікаў вялікі розгалас у грамадстве. На нашу думку, гэта не ідэальны варыянт. Як лічыце Вы, ці можна было б яго дапрацаваць?

Ідэальных варыянтаў не бывае ніколі. Заўжды ёсць пэўныя сітуацыі. Раней была абстаноўка, калі мы маглі прадастаўляць адтэрміноўкі ў ранейшай колькасці. Цяпер мы сутыкнуліся з такой з’явай, як дэмаграфічная яма. З падобнымі прапановамі міністэрства выходзіла яшчэ дзесяць год таму, бо мы спрагназавалі такую сітуацыю. Але на той момант, пэўна, не было нагоды, якая б дала штуршок прыняццю пэўнага рашэння. А зараз яна ўзнікла. Давайце падыдзем да гэтай праблемы і з іншага боку. Тысячы прыкладаў, калі служба ў войску не перашкаджала чалавеку стаць кваліфікаваным спецыялістам. Калі чалавек мае здольнасці, ён здольны ажыццявіць прарыў у той жа навуцы, — ёсць рычагі, якія дазволяць вызваліць яго ад тэрміновай службы ў войску для таго, каб ён прыносіў карысць грамадству іншым шляхам. Таму я — за індывідуальны падыход...

 

Гасцям паказалі размяшчэнне 3-й гвардзейскай школы падрыхтоўкі спецыялістаў танкавых і артылерыйскіх падраздзяленняў. На чале экскурсіі стаў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце Міхаіл Кумякоў. Хлопцаў цікавіла ўсё — стан санітарных вузлоў, памяшканне казармы, у якой жывуць салдаты. Шмат пытанняў было прысвечана сістэме відэаназірання, якая была ўкаранёна тут некалькі год таму. Нагадаем, што цяпер аб’ектывы «прастрэльваюць» усе закуткі і пакоі паверха, «карцінка» выводзіцца на маніторы ў кабінеце дзяжурнага афіцэра.

У пакоі псіхалагічнай разгрузкі

Даніла і Валерый больш чым паўгадзіны гутарылі з салдатамі, якія служаць у 3-й гвардзейскай школе. Распытвалі пра побыт, пра тое, як часта ходзяць у звальненні, пра распарадак дня. 

Хлопцы пабывалі і на палігонах, дзе ў салдат штодня праходзяць практычныя заняткі на танках і баявых машынах пяхоты. А яшчэ змаглі паспрабаваць сябе ў ролі снайпераў, пастраляўшы па мішэнях з аўтамата Калашнікава на стрэльбішчы.

***

Вось я, напрыклад, не ведаў пра тое, што ўпершыню тэма скарачэння адтэрміновак уздымалася яшчэ так даўно, — прызнаецца Валерый Тамілін па дарозе назад. — Дзіўна, што рашэнні па такіх пытаннях прымаюцца так доўга. Трэба, каб гэты працэс паскараўся. Увогуле, мне здаецца, што ваеннае ведамства стала больш адкрытым для сродкаў масавай інфармацыі, як дзяржаўных, так і недзяржаўных. Ды і вы самі бачылі — падчас усёй паездкі мы вольна рабілі фотаздымкі, распачыналі стрымы ў сацыяльных сетках. 

...Нам паказалі адну часць. Сказаць па праўдзе — я б хацеў, каб такімі былі ўсе ў нашай краіне. Мы ж не выступаем супраць прызыўной арміі як з’явы — будзем рэалістамі, па многіх важкіх прычынах у бягучых умовах нельга ўзяць і за адну ноч цалкам перайсці на кантрактную службу. А проста хочам адлюстраваць тое, як войска ўспрымаюць маладыя людзі, для якіх тэрыторыя за плотам часці — terra incognita.

Што ж, паездка ў 72-гі Аб’яднаны вучэбны цэнтр паказала тое, што вялікі дыялог паміж двума бакамі па вострых пытаннях цалкам рэальны. Галоўнае — весці яго ў канструктыўным рэчышчы. Калі крыху перайначыць вядомую кітайскую прымаўку, то любы шлях складаецца з мноства крокаў. І, здаецца, якраз таму аўтар гэтых радкоў і стаў сведкам.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.