Вы тут

Спартсменка Настасся Яцэвіч: 30 кіламетраў ідзеш, а 20 церпіш


Хадакі пераадольваюць каля 400 км у месяц, 50 з іх — за чатыры гадзіны. Што адчувае арганізм, і як аднаўляецца пасля падобнага стрэсу.

Настасся Яцэвіч у спартыўнай хадзе ўжо 20 гадоў, за яе спінай дзве Алімпіяды, чэмпіянаты свету і Еўропы. Яна выступала на дыстанцыях 5, 10, 20, 35 км, а потым перайшла на 50 км. Сёлета адзін з галоўных стартаў для Настассі — камандны чэмпіянат свету, які ўпершыню ў гісторыі прыме Мінск. Па вуліцах нашага горада пройдуць найлепшыя хадакі з 50 краін. У перыяд падрыхтоўкі да гэтага турніру ўраджэнка Омска, якая ў дзяцінстве пераехала ў беларускі гарадскі пасёлак Акцябрскі, падрабязна расказала пра гэты від спорту. Што адчувае спартсмен на дыстанцыі 50 км, чаму некаторыя страчваюць прытомнасць і чым харчуюцца хадакі ў гэты час?


«Паказаць усё найлепшае дома»

— Анастасія, раскажыце, які старт сёлета будзе для вас у прыярытэце?

— Для многіх самым галоўным стартам будуць Алімпійскія гульні, але для нас, мне здаецца, на роўных з ім будзе і чэмпіянат свету, які пройдзе ў маі ў Мінску. Для хады гэта вялікая падзея, магчымасць паказаць і сябе, і твар краіны. Я мэтанакіравана рыхтуюся да яго. Ужо прайшоў адзін збор у Турцыі, ішла там 20 км, хацела паглядзець сваю гатоўнасць. 50-кіламетровыя дыстанцыі я хаджу ўжо два гады, але адчуваю, што яшчэ не самарэалізавалася, таму настроена на гэты чэмпіянат. Тут не трэба праходзіць акліматызацыю, проста патрабуецца сабрацца, падрыхтавацца і паказаць усё найлепшае дома.

— Дзве алімпійскія ліцэнзіі ў хадзе ў беларусак ужо ёсць, але ад краіны могуць удзельнічаць тры спартсменкі. Прэтэндуеце на пуцёўку?

— Цяпер я рыхтую сябе да 50 км, таму толькі пасля чэмпіянату свету буду спрабаваць адбірацца на Алімпійскія гульні. Не хачу фарсіраваць падзеі, я яшчэ не ў ідэальнай форме, хоць зразумела, што кожнаму хацелася б паехаць на Гульні.

— Што галоўнае ў хадзе: тэхніка, генетыка, падрыхтоўка?

— Мне здаецца, усё. Псіхалогія, фізіка, медыцына — трэба, каб склалася ўсё адразу. Трэніруюцца ўсе, перамагчы жадаюць усе, але выйграе той, у каго ў пэўны дзень супадуць усе фактары. Генетыка таксама важная: хтосьці спрынтар, хтосьці больш схільны да цягавітасці — ад гэтага таксама залежыць многае, але гэта можна вызначыць яшчэ ў дзяцінстве, нават візуальна, па размяшчэнні і выглядзе цягліц.

— У вашым відзе спорту часта даводзіцца праяўляць і цярпенне, і характар, і працавітасць. У які момант хады на 50 км трэба пачынаць пераадольваць сябе?

— Як кажа мой трэнер, 30 кіламетраў ідзеш, а 20 церпіш. Вельмі заманліва бывае на 32—34 кіламетры, здаецца, што ты ўсё можаш, такі свежанькі, а потым цябе накрывае так, што апошнія пяць кіламетраў можаш наогул не дайсці. Таму першыя 30 лепш ісці спакойна, а потым цярпець і не тузацца. Калі становіцца цяжка, разумееш, што такое адчуванне ва ўсіх, спрабуеш сябе ўгаворваць, здараецца, што кожны крок угаворваеш сябе. Калі пераадолеў гэты пераломны момант, то ўжо адкрываецца другое дыханне. А бывае, не адкрываецца, тады гэта называецца «напакутаваўся».

— Памятаеце, як вам даліся першыя 50 кіламетраў?

— Гэта было ў Кітаі, на камандным чэмпіянаце свету, і я паказала там нядрэнны вынік — 9-е месца. Гэта было незразумела, таму што я не ведала, чаго чакаць, — можа быць, таму і не было дужа складана. Потым на чэмпіянаце Еўропы я вельмі добра была гатова, ішла чацвёртая, даганяла чэмпіёнку свету — партугалку, але суддзі вырашылі мяне прытрымаць, далі пяць хвілін штрафу. Спартсменка з Партугаліі была лідарам сезона і проста павінна была выйграць любымі шляхамі. У нас ад судзейства залежыць многае, таму што від спорту тэхнічны. Тады я нахапала шмат картак літаральна за 500 метраў. Па сутнасці, прычапіцца можна да любога спартсмена. Суддзі размешчаны на дыстанцыі праз кожныя 300 метраў, усіх мы ведаем ужо ў твар, ведаем, ад каго чаго можна чакаць. Часам судзяць вельмі лаяльна, а бывае, што ўсе як адзін вельмі злыя.

«Памятаю, упала, але ўстала і пайшла далей»

— Што адчувае арганізм на працягу гэтых 50 кіламетраў, ці бываюць нечаканыя сітуацыі са здароўем?

— Так, можна хутка пачаць, тады арганізм уміг закісляецца і ламаецца, ад гэтага маладыя спартсмены часта не даходзяць да фінішу або падаюць. Другая прычына — не ідзе харчаванне. Мы ж харчуемся па ходзе дыстанцыі рознымі энергетычнымі напоямі, але яны могуць не падысці, і тады страўнік спыняецца, спартсмена пачынае ванітаваць. У моцную спякоту арганізм блакіруецца, уключае сваю ахоўную функцыю, каб чалавек не памёр. І тады спартсмен страчвае прытомнасць. Гэта не слабасць, як многія думаюць, а элементарная абарона, прыдуманая прыродай. У мяне было такое перад Алімпіядай у Рыа. Памятаю: іду і раптам на 15-м кіламетры пачынае цямнець у вачах, сама не разумею чаму. Пачынаю сябе пераконваць, што трэба сабрацца. Я нават упала, мой трэнер ужо выключыў секундамер, але ў падсвядомасці ў мяне было, што трэба ўстаць і скончыць дыстанцыю, я ўстала і пайшла. Самае цяжкае — гэта калі ты не гатовы выходзіць на старт, яшчэ не зрабіў усю работу для гэтага, а цябе, як кацяня, кідаюць у барацьбу. Гэта цяжка і псіхалагічна, і фізічна.

— Колькі часу трэба для аднаўлення арганізма пасля 50-кіламетровай дыстанцыі?

— Месяц, пяць тыдняў. Трэба каб усе крывяныя цельцы, якія зламаны, аднавіліся, прыйшлі ў норму мышачныя звязкі, суставы, не кажучы ўжо пра галаву, таму што пасля старту, як бы ты ні выступіў, добра ці дрэнна, — ты знясілены. Калі выйграў, здаецца, усё добра, але ўсё роўна ты псіхалагічна выпусташаны, трэба зноўку запоўніць гэтую ўнутраную пустэчу і са смакам пайсці на трэніроўку.

У гэты месяц мы ўсё роўна трэніруемся, але ўжо ў сваё задавальненне, бегаем, плаваем, хадой не ходзім, каб адцягнуцца. Я люблю пры гэтым яшчэ памяняць абстаноўку, паехаць на іншую трасу або пабегаць у зале, таму што арганізм усё роўна ж памятае, як ты на гэтай трасе паміраў. Нават хадоўкі, у якіх раблю складаныя трэніроўкі, не абуваю нейкі час.

— Якія ўмовы самыя складаныя для хады?

— Самае складанае надвор'е для нас — спякота, напрыклад, якая была на чэмпіянаце свету 2019 года ў Досе. Людзі там проста падалі. А так — мы хадзілі і пад дажджом, і ў вецер. У нас жа ў Беларусі няма такіх паўднёвых гарадоў, у якіх можна было б праводзіць спаборніцтвы вясной у камфортных умовах. Так што летась за дзень да старту ў Гомелі чысцілі трасу ад снегу, а нам у трусах трэба ісці. Хадакам абавязкова трэба выступаць у кароткай форме, каб суддзі бачылі калена. Але па холадзе ўсё роўна лягчэй хадзіць, чым у спякоту.

— Які ўзрост найбольш падыходзіць для добрых вынікаў у хадзе?

— Мне здаецца, пачынаючы з 25-28 і да 40 гадоў. У нас жа цыклічны від спорту, таму я назіраю, што свае найлепшыя вынікі людзі паказваюць і ў 35, і ў 40 гадоў. Ёсць іспанец, якому ўвогуле 50, і ён яшчэ ходзіць на роўных са многімі. Тут вялікую ролю адыгрывае вопыт, калі ты псіхалагічна і фізічна напрацаваны.

— Ці лічыце, колькі кіламетраў вы праходзіце за сезон?

— За сезон — не ведаю, але, напрыклад, за гэты месяц у мяне 360 кіламетраў, бывае і па 400—420.

«Дзяцінства праходзіла ў асноўным на стадыёне»

— Вы нарадзіліся ў Омску, але пераехалі ў беларускі Акцябрскі. Цяпер адчуваеце сябе беларускай?

— Вядома. Але ў Расіі таксама вельмі камфортна сябе адчуваю, знаходжу агульную мову з расіянамі, хоць паміж нашымі народамі ёсць невялікая розніца.

— Успомніце, як праходзіла ваша дзяцінства ў Акцябрскім.

— Вельмі весела, у мяне ёсць яшчэ два браты — старэйшы і малодшы. Тата заўсёды працаваў трэнерам у мясцовай спартыўнай школе, таму дзяцінства праходзіла ў мяне галоўным чынам на стадыёне. Тата забіраў з садка і вёў з сабой на работу. Выдатна памятаю — більярд, тэніс, бегавыя дарожкі. Лета — гэта рэчка, возера: у нас жа не было камп'ютараў, таму ўвесь час праводзілі на вуліцы. У двары былі ў асноўным хлапчукі, таму я гуляла з імі ў футбол, баскетбол, казакоў-разбойнікаў. Раніцай то абліваліся халоднай вадой, то бегалі кросы, было такое, што кожны вечар адціскаліся з братамі на час. Я настолькі натрэніравалася, што калі прыйшла ў вучылішча, устанавіла рэкорд — адціскалася каля 100 разоў.

— Атрымліваецца, бацька — ваш першы трэнер?

— Так, у нас у спартыўнай школе ён выкладаў не толькі лёгкую атлетыку, але і настольны тэніс. Я не асабліва разглядала прафесійны спорт для сябе, у мяне былі то гурткі вязання, то танцы, а тата пастаянна нагадваў, што сёння трэніроўка. Пазней, калі пачалі ездзіць на спаборніцтвы, мне стала падабацца, з'явілася цікавая кампанія.

— Вам не здавалася, што хада — даволі сумны спорт, той жа настольны тэніс нашмат цікавейшы?

— Для дзіцяці так, але тата ў мяне матэматык-фізік, таму ў яго лагічны склад розуму. Калі ён бачыў, як я гуляю ў тэніс, не разумеў, як можна не разлічыць, дзе падбіць шарык, як яго падсекчы, як не звярнуць увагі на траекторыю. А я стаяла і проста махала гэтай ракеткай. Тата казаў, што гэта ганьба, а не гульня. Там, дзе трэба лагічнае мысленне, у мяне нічога не атрымлівалася, а вось там, дзе трэба было бегаць, скакаць, праблем не было. Потым проста не было каму выступаць на спаборніцтвах, і тата сказаў: «Ідзі ты, паспрабуй у хадзе». У мяне даволі хутка ўсё стала атрымлівацца, першы раз заняла трэцяе месца. А дзіцяці што трэба? Медаль ды грамата.

— Якія ў вас планы цяпер? Вы казалі, што, магчыма, гэтая Алімпіяда стане для вас апошняй.

— Цяжка вырашыцца на сыход — думаеш, можна ж зрабіць перапынак і паспрабаваць вярнуцца да Парыжа. Я не буду загадваць. Цяпер хачу рэалізаваць сябе на чэмпіянаце свету, а далей буду глядзець. Вядома, ужо нейкія мікратраўмы турбуюць перыядычна, матываваць сябе ўвесь час таксама складана. Да таго ж цяпер я хачу ўжо і сям'ю, і дзяцей. Хтосьці можа сумяшчаць гэта з прафесійным спортам, але для мяне гэта не варыянт. Я не ўяўляю, як пакіну сваё дзіця і паеду на зборы на месяц-два і не буду кантраляваць і бачыць, што там адбываецца. Хачу, каб у майго дзіцяці была мама, каб яно не думала, што яна жыве ў камп'ютары, у скайпе.

Дар'я Лабажэвіч

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.