Вы тут

ЮНЕСКА ўключыла ў каляндар памятных дат 2020-га 150-годдзе з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца


150-годдзе з дня нараджэння вядомага беларускага мастака Фердынанда Рушчыца — ЮНЕСКА ўключыла ў каляндар памятных дат 2020-га. А днямі старт года жывапісца ўрачыста далі ў Нацыянальным мастацкім музеі.


Карціна «Каля касцёла» захоўваецца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Фота: аrtmusеum.bу.

Ураджэнец сяла Багданава пад Валожынам праславіў родныя краявіды далёка за межамі нашай радзімы. Маючы за плячыма мінскую гімназію, ён паступіў у Вышэйшую мастацкую вучэльню пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў Санкт-Пецярбурга. Тут трапіў у жывапісную майстэрню да галоўнага перадзвіжніка Івана Шышкіна, які навучыў асновам — «арыфметыцы і працы на натуры», а вось «алгебру», канструкцыю спасцігаў ужо разам з Архіпам Куінджы. Але не стаў прадаўжальнікам ні таго, ні другога — шукаў свой адметны стыль. Дыпломную работу Рушчыца «Вясна», у вартасцях якой сам мастак доўга сумняваўся, калекцыянер Павел Траццякоў набыў адразу ж на праглядзе работ студэнтаў Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу ў 1897 годзе. Пазней Фердынанд Рушчыц правёў персанальную выстаўку ў Вільні, дзе супрацоўнічаў з тэатрам і атрымаў званне ганаровага прафесара Універсітэта Стэфана Баторыя, шмат працаваў у Кракаве, дзе ўжо сам выкладаў жывапіс і стаў рэктарам Акадэміі вытанчаных мастацтваў, зладзіў першую выстаўку польскіх мастакоў у Парыжы, набыў вядомасць у Еўропе не толькі як жывапісец, але і як тэатральны дэкаратар, кніжны графік, педагог... Але ў беларускія фонды спадчына Фердынанда Рушчыца трапіла толькі ў 1957-м — карціну «Ля касцёла» набыла ў 1957-м першы дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Алена Аладава.

Не дзіўна, што сваім яго лічаць і ў Беларусі, і ў Польшчы, а таму заяўку на ўключэнне ў каляндар ЮНЕСКА падавалі сумесна. І гэтак жа разам зладзяць напрыканцы года міжнародны вернісаж Фердынанда Рушчыца, да ўдзелу ў якім запрошаныя таксама музеі Літвы і Украіны. Дарэчы, на сёння ў Беларусі знаходзяцца ўжо восем работ майстра сімвалічнага пейзажа, прычым тры з іх былі перададзеныя ў дар мастацкаму музею толькі летась дзякуючы пасольству Беларусі ў Швейцарыі і асабіста консулу Андрэю Нажэскіну — карціны выкупілі ва ўнука, мастацтвазнаўцы і экс-дырэктара Нацыянальнага музея Польшчы, поўнага цёзкі знакамітага дзеда Фердынанда Рушчыца.

Наогул у межах юбілейнага года запланавана мноства мерапрыемстваў — гэта і новае выданне маляўнічага альбома ў «Беларускай энцыклапедыі», і выпуск памятнай манеты і паштовай маркі, і тэматычная «Ноч музеяў», і мастацкія пленэры (адзін з іх адбыўся нядаўна на Валожыншчыне і сабраў творцаў з Беларусі, Расіі і Малдовы), і навуковыя канферэнцыі і семінары, і турыстычныя маршруты да родавай сядзібы і магілы мастака ў Багданаве... Працы і натхнення хопіць на ўсіх ахвотных.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Год Фердынанда Рушчыца

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

За якія парушэнні могуць прыпыніць работу магазінаў?

За якія парушэнні могуць прыпыніць работу магазінаў?

МАРГ час ад часу прыпыняе работу магазінаў.

Грамадства

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

З авітамінозам у нас прынята змагацца па-старому...

Грамадства

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

На Гомельшчыне актыўна рэалізоўваюцца праекты па развіцці тэрыторый, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС.