Вы тут

Эксклюзіўны габелен


Маштабны рукатворны падарунак для роднага краю ў гонар святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі рыхтуюць у Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. У  сапраўднай лабараторыі ткацтва ствараюць эксклюзіўны габелен з выявай самой маці Беларусі! Раскрываць усе сакрэты пакуль рана, але ў тым, што гэтая работа прывядзе ў захапленне аматараў «тканых акварэляў», можна не сумнявацца.


Аўтар эскіза — кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка. Менавіта яго творчае ўяўленне дакладна і гарманічна сумясціла ў адной карціне і замалёўкі з мінулага, і адвечныя сімвалы, і элементы традыцыйнага арнаменту, і панараму беларускіх гарадоў.

Стварэннем шматколернага палатна будзе займацца сястра мастака — метадыст выставачнай залы цэнтра, майстар габеленаў Алена Шунейка. Любоў да народнай творчасці брат і сястра перанялі ад бацькі — вядомага на Гродзеншчыне мастака-тэкстыльшчыка і даследчыка Фелікса Шунейкі.

Амаль 40 гадоў Алена натхнёна працуе за ўнікальным станком, які не мае аналагаў у Беларусі. Дарэчы, творчасць майстра па вырабе габеленаў у традыцыях падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва восем гадоў таму папоўніла спіс элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

У творчай скарбонцы Алены Шунейкі  — арыгінальныя маштабныя і міні-габеленавыя кампазіцыі з выявамі помнікаў архітэктуры, рэлігійнымі, гістарычнымі сюжэтамі, у якіх выразна прасочваецца перапляценне традыцыйных першаўзораў з уласным аўтарскім стылем. Дасведчанай майстрысе ў рэалізацыі цікавай задумы будзе дапамагаць пераемніца ткацкага рамяства Юлія Барадзіна, якая адчувае радасць і захапленне ад працы «ў чатыры рукі».

Цяпер творчая група адпрацоўвае дэталі аб’ёмнай работы і толькі-толькі прыступае да яе выканання. Самае цікавае — наперадзе! Дарэчы, будучы габелен пакуль не мае назвы. Прынамсі, ужо аб’яўлены конкурс на найлепшую назву. Прапановы да 9 сакавіка можна выслаць на e-mail: onmcnt@tut.by з пазнакай «габелен».

Ала БЯЛЬКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.