Вы тут

Прыцягненне радка


Помню сваю апошнюю сустрэчу з Іванам Якаўлевічам Навуменкам. У 1994 годзе сябар Іван Штэйнер запрасіў мяне ў Акадэмію навук на абарону сваёй доктарскай дысертацыі. Прайшла яна бліскуча. Крыху пазней — банкет з гэтай нагоды. Увечары мы з Іванам Навуменкам стаялі на прыступках рэстарана. Акадэмік, прафесар, вучоны, пісьменнік расказваў пра сваю апошнюю кнігу, прысвечаную асобе і творчасці Змітрака Бядулі.


Іван Навуменка з сынам Паўлам.

Я ўважліва слухаў Івана Якаўлевіча. І ў той жа час памяць вярталася да адной ранейшай сустрэчы. Мы завіталі да акадэміка разам з вядомым беларускім краязнаўцам Міхаілам Вінакуравым. Яны, аднагодкі, адразу знайшлі агульную мову і ажыўлена згадвалі гомельскую Навабеліцу і сваю маладую пару.

Але час ад часу Іван Якаўлевіч браў слухаўку і рабіў тэрміновыя званкі. У адным выпадку ён пачынаў размову вітаннем і словамі: «Да вас мае клопат…». У другім разе казаў: «Вас турбуе…».

Быццам і сёння чую гэтыя словы. І  яшчэ перада мной — рукапіс апавядання пісьменніка «Выпадак на аўтобусным прыпынку», ахвяраваны ім музею «Літаратурны космас Мётчы».

А з памяці раптоўна выплывае ўжо далёкая, з юнацкае пары, сустрэча з Іванам Якаўлевічам таксама ў Акадэміі навук. Тады ён, дырэктар Інстытута беларускай літаратуры імя Янкі Купалы, разам са сваім намеснікам Уладзімірам Гніламёдавым прапаноўваў мне паступаць да іх на вучобу ў аспірантуру.

1975 год помніцца яшчэ лютаўскім пяцідзесяцігадовым юбілеем Івана Якаўлевіча. Якраз тымі днямі ў шматтыражцы «Беларускі універсітэт» быў надрукаваны мой артыкул з гэтай нагоды.

А двума гадамі раней я пісаў пад яго кіраўніцтвам курсавую работу, прысвечаную зборніку «Неруш» Рыгора Барадуліна.

Першая ж мая сустрэча з Іванам Якаўлевічам адбылася на пачатку навучання ў БДУ імя У. І. Леніна. Так сталася, што знакамітая альма-матар у 1971 годзе рыхтавалася сустракаць сваё 50-годдзе. Кіраўнік нашага навуковага гуртка Вячаслаў Рагойша пачаў працу над цікавым праектам — рукапісным альманахам «БДУ і беларускія пісьменнікі». Мне выпаў гонар узяць амаль двухгадзіннае інтэрв’ю ў Івана Якаўлевіча для гэтага філфакаўскага выдання.

Тыя дзве гадзіны шчырага і вельмі цікавага расповеду мяне падбадзёрылі і адначасова растрывожылі. Пісьменнік усхвалявана і з юначым імпэтам успамінаў свае юнацкія, яшчэ перадваенныя часы, бацькоў, школьных сяброў. Іван Навуменка тады зачытваўся кнігамі Якуба Коласа, Янкі Купалы, Кузьмы Чорнага, Івана Тургенева, Мікалая Гогаля, Льва Талстога, Жуля Верна, Майн Рыда, Аляксандра Дзюма… А растрывожылі — бо юнацтва яго было абпалена вайной. Будучы пісьменнік дваццацігадовым вяртаўся на роднае Палессе пасля баёў на Карэльскім перашыйку, ва Усходняй Прусіі, Сілезіі. Потым паступіў на філфак БДУ. Нялёгкімі сталіся першыя пасляваенныя гады. Мінск ляжаў у руінах. У студэнцкіх аўдыторыях было часам халадней, чым на двары. Але з надзвычайным энтузіязмам пераадольвалі былыя франтавікі розныя перашкоды і цяжкасці. З натхненнем спрыялі ім выкладчыкі ўніверсітэта.

«Было цікава вучыцца, жыць і дыхаць у сценах філфака...» — успамінаў Іван Якаўлевіч. А потым расказваў пра вучобу ў аспірантуры, пра кандыдацкую па творчасці Якуба Коласа, згадваў працу ў газеце «Звязда», часопісе «Маладосць».

Празаікам пачаў лічыць сябе Іван Навуменка з 1955 года, калі ў чэрвеньскім нумары часопіса «Маладосць» змясціў два свае апавяданні — «Эх, махорачка» і «Сідар і Гараська» (а раней больш пісаў вершы). І талент празаіка пачаў развівацца хутка і ўпэўнена.

Помніцца, запытаўся тады ў Івана Якаўлевіча пра яго апавяданне «Трымценне дубовага лісця». Мне, васямнаццацігадоваму, даспадобы былі лірычныя, часам вельмі паэтычныя, вобразы магічнай навелы пісьменніка. Вясковы хлопец, быў я неймаверна ўзрушаны асаблівым прыцягненнем навуменкаўскага радка. Само ж апавяданне перачытваў не адзін раз. Ды і цяпер, у свае больш чым сталыя гады, рука цягнецца да кніжнай палічкі, да зборніка «Таполі юнацтва». І чытаеш тыя старонкі быццам упершыню…

«На круглы серабрысты месяц набягалі шэра-шызыя, як дым, воблачкі, а месяц некуды імкліва ляцеў. Па-ранейшаму ледзь чутна звінела дубовае лісце. На паляне раслі зімовыя дубы, і лісце на іх трымцела праз усю зіму, да сталай, цёплай вясны, пакуль на разгалістых, каструбаватых галінах не праклюнецца новы зялёны лісток…» Так гучаць апошнія акорды апавядання. А вось яго пачатак: «Каханне прыходзіць і ў трыццаць гадоў і, як пішуць у кнігах, у сорак, нават пазней, але свайго першага кахання чалавек не забудзе ніколі. Маё першае выбухнула досыць рана, на шаснаццатым годзе жыцця, калі я вучыўся ў дзявятым класе…»

А тады я ўсё-ткі задаў Івану Якаўлевічу асноўнае пытанне інтэрв’ю: што адбываецца ў душы, сэрцы, думках пісьменніка, калі ствараецца неардынарны твор? Памятаю, загадкава ўсміхнуўся шаноўны юбіляр і светла прамовіў: «Вы ж ведаеце, Уладзімір, нядаўнюю філфакаўку, сёння ўжо вядомую беларускую паэтэсу Яўгенію Янішчыц? Ну хто лепш за яе змог адказаць на гэтае пытанне:

Пачынаецца ўсё з любві,

Нават самая простая ява…»

У тым жа 1971 годзе з асаблівым хваляваннем, калі не сказаць нават з замілаваннем, чытаў кнігу пісьменніка «Тая самая зямля». Было гэта, калі аўтобусам ехаў да бацькоў у родную вёску Астроўкі, што на Крупшчыне. Тады ўпершыню адкрыліся мне радкі Івана Навуменкі і засталіся са мною на ўсё жыццё: «Удалечыні, акаймляючы непрывабнае ў асеннюю пару тарфяное поле, жаўцеюць, здаецца, зусім знаёмыя бярэзнікі і дубнякі, тыя самыя… Вісіць знаёмае шэрае неба. Ды і дарога сярод тарфянікаў, бярозавых і альховых пералескаў віецца тая ж, толькі лепей дагледжаная. Але тое самае неба і тая ж зямля…»

У маёй жа «той самай зямлі», толькі ў родных Астроўках, яшчэ ў далёкія школьныя гады пачаліся першыя сустрэчы з героямі і жывапіснымі мясцінамі навуменкаўскіх «Верасоў на выжарынах», «Хлопцаўравеснікаў», «Веранікі», «Таполяў юнацтва», «Сямнаццатай вясной», «Сасны пры дарозе», «Вайны каля Цітавай копанкі»…

 Асабліва ж чыталася і шмат разоў перачытвалася апавяданне «Па грыбы». Бо самому з дзяцінства колькі разоў давялося выбірацца на «ціхае паляванне»! І не толькі шукаць і знаходзіць грыбы, але яшчэ і захапляцца летнім росным ранкам, летняй і восеньскай прыродай, лесам, які, па трапным вызначэнні Івана Навуменкі, з’яўляецца «вопраткай зямлі».

Тады, у тым ліку і пад уражаннем пісьменніцкіх старонак, крыху пазней я напішу эсэ «У палоне грыбной паэзіі», што будзе надрукавана ў чэрвеньскім «Полымі» за 2006 год. Яшчэ пры жыцці Івана Якаўлевіча…

І вось «на той самай зямлі» — ужо 95-годдзе Івана Навуменкі. Таму ў памяці маёй узніклі белыя каменьчыкі дзён, адгарнуліся найбольш яркія і памятныя старонкі стасункаў з легендарнай асобай, выдатным пісьменнікам, навукоўцам і чалавекам. А ўваччу і дасюль яго постаць на філфакаўскіх калідорах — з той заўсёднай непаслухмянай пасмай валасоў на мудрай галаве. А таксама — ля гаражоў інтэрната на Паркавай, з кошыкам у руках, у нядзельную раніцу. Вось-вось, здаецца, яго жонка, далікатная спадарыня Ядвіга Паўлаўна, выруліць з бокса «Волгу». І  шчаслівы, з шырокай і адкрытай беларускай душой, Іван Якаўлевіч выправіцца шукаць натхненне ў родным лесе. І такім назаўсёды застанецца ў маёй памяці...

Уладзімір ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.

Рэгіёны

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.