Вы тут

Гартаючы каляндар. Сёлета - 120 год з дня нараджэння мастака Алексантэры Ахола-Вало


120 гадоў з дня нараджэння А. Ахола-Вало (1900—1997), мастака, скульптара, архітэктара, вучонага-філосафа, пісьменніка


«Аўтапартрэт піша мемуары». 1921 г

Жыццё і дзейнасць мастака, фіна па паходжанні, Алексантэры Ахола-Вало ў 1919—1930 гг. былі звязаны з Беларуссю. Менавіта тут сфарміраваліся галоўныя рысы яго творчасці.

Нарадзіўся ён у Карэліі ў сям’і журналіста і пісьменніка. У Санкт-Пецярбургу прайшлі самыя раннія дзіцячыя гады мастака. Пасля падзей 1905 г. за ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях сям’я была выслана ў  в. Вырыца. Хлопчык рана пачаў чытаць і весці дзённікі. Заняткі з мастаком І. Рэпіным у многім і вызначылі лёс А. Ахола-Вало. У 9 гадоў ён арганізаваў сваю школу, дзе дзеці вучылі дзяцей, у 16 гадоў валодаў чатырма мовамі: фінскай, французскай, шведскай і рускай. Займаўся на курсах студыі «Маяк» (1916—1917) у Петраградзе, вывучаў літаратуру і медыцыну, слухаў лекцыі вядомых псіхолагаў, пазнаёміўся з ідэямі футурызму, авангарда і супрэматызму, канструктывізму. Працягваў самаадукацыю ў перыяд службы ў Чырвонай Арміі.

Значнае месца ў жыцці А. Ахола-Вало займаў беларускі перыяд. Пасля ранення, атрыманага ў час савецкапольскай вайны (1920), быў накіраваны далечвацца ў Віцебск. Пра гэты горад ён ведаў па расказах бацькі. Віцебск тады быў сапраўдным культурным цэнтрам. Тут А.  Ахола-Вало актыўна ўключыўся ў мастацкае жыццё. Вучыўся ў Віцебскай мастацкай школе (1920—1921), наведваў майстэрні С. Юдовіна, Ю. Пэна, слухаў лекцыі В. Ермалаевай. У Віцебску ён сустрэў сваю будучую жонку А. Нікановіч-Яцэвіч. Працаваў як графік і мастак-афарміцель, стаў увасабляць свае першыя маштабныя праекты. На выстаўцы маладых мастакоў у Віцебску прадставіў работы: «Партрэты дзяцей», «Леў Мікалаевіч Талстой піша раман “Вайна і мір”», «Ахвяра віна», «Абеліск перамогі 1812 г.», «Партрэт загадчыцы бібліятэкі», «Сакратар бібліятэкі Зальцман» і інш. У 1923 г. на выстаўцы народнай гаспадаркі ў  Маскве яму быў прысуджаны медаль за дыяраму і ілюстрацыі пра паказчыкі росту прамысловасці і сельскай гаспадаркі віцебскага краю. У 1924—1926 гг. А.  Ахола-Вало вучыўся ў  Адэскім мастацкім інстытуце імя М. Грэкава і адначасова працаваў над дэкарацыямі карціны С. Эйзенштэйна «Браняносец Пацёмкін», нават зняўся ў масоўцы ў знакамітай сцэне расстрэлу натоўпу на Пацёмкінскай лесвіцы.

У 1925 г. мастак вярнуўся ў Беларусь. Гэтым разам у Мінск. У гэты перыяд да свайго прозвішча ён дадаў другую частку — Вало, што пафінску азначае «прамень». Акрамя графікі, спрабаваў сябе ў мультыплікацыі, скульптуры, архітэктуры, літаратуры. Зрабіў малюнкі, застаўкі, канцоўкі, літары і іншае для прэсы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. Вёў навуковыя дзённікі і штодзённыя запісы. У 1928 г. па ініцыятыве А. Ахола-Вало было створана мастацкае таварыства «Прамень» (існавала да 1930 г.). Яго члены ўдзельнічалі ў выстаўках, займаліся афармленнем кніг, дэкарацый да спектакляў, інтэр’ераў, вялі асветніцкую дзейнасць.

У 1925—1929 гг. А. Ахола-Вало прадстаўляў Беларусь на сусветных выстаўках кнігі ў Лос-Анджэлесе, Лейпцыгу. Мастак адным з першых у Еўропе выкарыстаў тэхніку каляровай лінагравюры. З твораў вылучаецца гравюра-плакат у тэхніцы лінагравюры «Балет» (1927). Каляровая гама падабрана з бліскучым эфектам: жоўтыя плямы рампаў кантрастуюць з фіялетавымі і чырвонымі. Фігуры адточаны мадэліроўкай формы, пластыка руху падкрэсліваецца грацыёзнымі нахіламі галоў, акруглымі жэстамі рук, злітнасцю колеру, ліній і рытму. У 1928 г. як удзельнік ІІІ Усебеларускай мастацкай выстаўкі быў узнагароджаны першай прэміяй за чатырохколерную гравюру «Дажынкі». Твор прысвечаны працы: стомленыя, але велічныя сялянкі, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, у вянках з кветак, вяртаюцца да родных сядзіб на фоне залацістага захаду сонца. Атрымаўся сапраўдны гімн хараству, працы і  чалавеку на вольнай зямлі. Работа ўражвае сакавітасцю фарбаў, праўдзівасцю паказу, сугучнасцю настроям беларускага мастацтва 1920-х гг.

Тэхніка лінагравюры захапіла мастака надоўга. Ён так адчуваў матэрыял, што па-майстэрску і лёгка рабіў партрэты, кампазіцыі, выдавецкія знакі, экслібрысы. Гэта было новай з’явай у беларускай графіцы.

Праца над бюстам Аляксандра Мяснікова

Мастак працаваў у індывідуальным стылі, блізкім да экспрэсіянізму, але адметным сваёй рэалістычна-дакументальнай назіральнасцю. Творчая манера давала А. Ахола-Вало ўсе магчымасці эксперыментаваць. Яму былі аднолькава падуладны штрыхоўка, мадэліроўка формы тонам, яскравасць контураў. Мастак не абмяжоўваўся толькі станковай графікай, ён імкнуўся зрабіць маляўнічымі і прыцягальнымі перыядычныя выданні, змяшчаючы ў іх карыкатуры на палітычныя і бытавыя тэмы, шаржы, эмблемы і інш. Яго вокладкі да часопісаў і газет «Малады араты», «Беларускі піянер», «Беларуская работніца і сялянка», «Звязда», «Орка», «Млот», «Беларуская вёска», «Плуг», «Чырвоная змена» адрозніваліся лаканізмам і кантраснай гучнасцю колеру, удалым спалучэннем тэксту і малюнка. Тэмамі выбіралася найбольш актуальнае ў жыцці Беларусі — нацыянальнае адраджэнне, барацьба з цемрай і невуцтвам, пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі і інш. Таксама яго ілюстрацыі змяшчаліся на вокладках класічных твораў беларускай літаратуры: «Новая зямля» Я. Коласа, «Угрунь» А. Александровіча, «Ветры буйныя» П. Труса, «Табе» А. Вольнага, «Хвоі гавораць» К. Чорнага, «Плынь» М. Грамыкі, «Таемны пакет» У. Валодзіна і інш.

У графіцы А. Ахола-Вало праявіў сябе як дызайнер па афармленні інтэр’ераў і павільёнаў. У 1930 г. для І Усебеларускай выстаўкі сельскай гаспадаркі і прамысловасці ў Мінску быў пабудаваны павільён Міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі па ўласным праекце мастака. Ён кіраваў будаўніцтвам, сам працаваў з інструментамі, праводзіў на будоўлі цэлыя тыдні. Адчуваўся недахоп і часу, і матэрыялаў, і фінансавых сродкаў. Нягледзячы на гэта, удалося пабудаваць павільён плошчай каля 200 кв. м, які прывабліваў касмізмам архітэктуры, больш нагадваў міжпланетны карабель, чым стацыянарнае выставачнае памяшканне, а рабочыя кабінеты ўяўляліся пунктамі кіравання ракетнымі рэйсамі. Экспазіцыйныя залы аформлены карцінамі і інсталяцыямі з выявамі катавання і пакарання смерцю, якія здзяйсняліся над людзьмі ў розныя гістарычныя эпохі. У цэнтры павільёна была ўстаноўлена шасціметровая скульптура, што сімвалізавала міжнародны бандытызм.

У верасні 1930 г. мастак разам з сям’ёй пакінуў Беларусь. Два гады пражыў у Маскве. Працаваў у Дзяржаўным навуковым інстытуце аховы здароўя дзяцей і падлеткаў, дзе працягваў займацца распрацоўкай праектаў для школ-інтэрнатаў, сямейных дамоў, падрыхтаваў свой арыгінальны праект зялёных гарадоў вакол Масквы. У  1932 г. вярнуўся ў Фінляндыю, потым доўгі час жыў у Швецыі. Толькі ў 1982 г. пераехаў у маленькі фінскі гарадок Хяменліна, дзе пражыў да канца жыцця. Тут ён стварыў сваю вялікую праграму пад назвай «Эвахамалогія», распрацоўваць якую пачаў яшчэ ў Віцебску. Апошні раз наведаў Мінск у 1995 г., калі быў запрошаны на Міжнародны кангрэс беларусаў свету. Работы А. Ахола-Вало знаходзяцца ў калекцыях многіх музеяў свету, у тым ліку ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. У г. Хяменліна дзейнічае народны ўніверсітэт імя А. Ахола-Вало, працуе музей, дзе ёсць «куточак» Беларусі, у якім шмат твораў мастака віцебскага і мінскага перыядаў.

Кацярына ВАРАНЬКО, вядучы бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Фота з сайта: ahola-valo.fi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».