Вы тут

Васілю Раінчыку — 70!


Вядомы кампазітар і піяніст, заслужаны і народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік ансамблю «Верасы» і ўтваральнік яго дзіцячай версіі «Верасяты» — 7 сакавіка Васіль Раінчык адзначае 70-гадовы юбілей. «Звязда» прапануе згадаць некалькі самых вядомых твораў Васіля Пятровіча і цікавыя факты з яго біяграфіі.


  • Ён двойчы скончыў кансерваторыю: па класу фартэпіяна — у прафесара Валерыя Шацкага (1974) і па класу кампазіцыі — у Яўгена Глебава (1981).
  • Напісаў больш 120 песень, а таксама кантату «Мальчиш-Кибальчиш» для дзіцячага хору, салістаў і сімфанічнага аркестру, балет «Крылы над Расіяй», п’есы для электронных інструментаў, музыку для спектакляў, стварыў мноства новых аранжыровак і апрацовак народных і эстрадных песень.
  • Сын Васіля Раінчыка Сяргей з малодшага школьнага ўзросту граў у «Верасах» на сінтэзатары.
  • Адным з фактаў усесаюзнага прызнання ВІА «Верасы» сталі сумесныя «рок-н-рольныя» гастролі напрыканцы 1970-х з амерыканцам Дзінам Рыдам на Байкала-Амурскай магістралі.
  • Пад мастацкім кіраўніцтвам Васіля Раінчыка ў «Верасах» працавалі Ядвіга Паплаўская, Надзея Мікуліч, Ліка Ялінская, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка. Увогуле артыстамі ансамбля — выканаўцамі і музыкантамі — былі амаль 60 чалавек. 2007 года брэнд «Верасы» адроджаны ў новым фармаце.
  • З жонкай Ірынай Цвятковай яны ўзялі шлюб яшчэ ў 1971-м і застаюцца моцнай сям’ёй амаль 50 гадоў.
  • Унук Васіля Пятровіча, таксама Васіль, прымаў удзел у адным з першых для Беларусі конкурсаў «Дзіцячага Еўрабачання» ў 2005 годзе ў камандзе Ксюшы Сітнік — і дзеці прывезлі дадому перамогу! Наогул дзесяць гадоў кампазітар узначальваў журы нацыянальнага адбору на дзіцячае «Еўрабачанне».

5 хітоў ад маэстра

Калыханка («Доўгі дзень»)

Супрацоўніцтва кампазітара з паэтам Генадзем Бураўкіным аказалася настолькі плённым, што «Калыханка» вытрымала ўжо амаль 40-гадовую (!) праверку тэлеэфірам, рознымі фарматамі і некалькімі пакаленнямі слухачоў.

«Белае віно і чырвонае»

Песню на верш Уладзіміра Някляева выканала тагачасная беларуская каралева прыгажосці Ліка Ялінская, з якой Васіль Раінчык, у сваю чаргу, «зляпіў» спявачку — і для Ялінскай песня стала яркай музычнай візітоўкай, якую пазнаюць, што называецца, з першых нот.

«Караван»

У сааўтарах хіта зноў Уладзімір Някляеў, а сама песня ў ліку іншых 15-ці ўвайшла ў 1985 годзе на пласцінку «Музыка для ўсіх» — апошнюю перад ліхімі 90-мі і распадам ансамблю.

«Кахання развітальны баль»

З гэтай песняй на словы Уладзіміра Някляева «Верасы» ўдзельнічалі ў яшчэ савецкай «Песні года», але ў апошні момант для эфіру тэлевізійнае кіраўніцтва прымусіла замяніць кампазіцыю. Зрэшты, менш папулярным і любімым у публікі «Развітальны баль» ад гэтага не стаў.

«Родны мой горад»

Яшчэ адзін хіт, створаны сумесна з Уладзімірам Някляевым, у свой час стаў неафіцыйным, але ад таго не менш любімым публікай гімнам Мінска — з моманту стварэння пераспявалі практычна ўсе новыя склады «Верасоў».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».