Вы тут

Як утрымацца на «нафтавых арэлях»?


У суботу Прэзідэнт выклікаў намесніка прэм'ер-міністра, які курыруе «нафтавыя пытанні», і старшыню «Белнафтахіма», каб абмеркаваць новыя прапановы па пастаўках «чорнага золата».


«Да мяне паступіў шэраг прапаноў па пастаўках нафты і перапрацоўцы ў Беларусі. Зараз такіх прапаноў ужо, дзякаваць богу, нямала. Хачу ўзгадніць з вамі некаторыя пытанні і параіцца, ці варта нам купляць гэтую нафту, як лепш зрабіць, што больш эканамічна выгадна», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да Юрыя Назарава і Андрэя Рыбакова.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму «тузануў» віцэ-прэм'ера і кіраўніка канцэрна ў выхадны дзень: «Пытанне не можа чакаць. Нам трэба прымаць рашэнне і ўжо з панядзелка — аўторка забіраць тую нафту, бо аб'ёмы вялікія — больш за шэсць мільёнаў тон».

Старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі Андрэй Рыбакоў не стаў каментаваць журналістам, пра якія канкрэтна прапановы ішла гутарка з Прэзідэнтам, спаслаўшыся на тое, што ўсе яны знаходзяцца ў прапрацоўцы.

***

Але ўжо ў панядзелак раніцай стала вядома, што сітуацыя на сусветным рынку нафты змянілася кардынальна: цэны на «чорнае золата» імкліва пайшлі ўніз на фоне навін аб тым, што краіны ОПЕК+ па выніках перагавораў у Вене не змаглі дамовіцца аб дадатковым скарачэнні здабычы нафты ва ўмовах спаду попыту з-за каранавіруса. Кошт ф'ючарса нафты маркі Brеnt з пастаўкай у маі 2020 года ў час таргоў на біржы ІСЕ ў Лондане ўпаў на 42,6 працэнта — да $31,74 за бараль. Кошт красавіцкага ф'ючарса нафты WTІ знізіўся на 48,9 працэнта і знаходзіцца на адзнацы $27,72 за бараль. Агенцтва Blооmbеrg адзначае, што цяперашняе зніжэнне стала наймацнейшым з 1991 года, калі завяршылася вайна ў Персідскім заліве.

Сітуацыя на нафтавым рынку аказвае ціск і на курс расійскага рубля. Курс долара да расійскага рубля на міжнародным рынку Fоrех дасягнуў у панядзелак адзнакі 73,47 рубля, еўра павысіўся да 83,77 рубля, сведчаць даныя таргоў.

«Думаю, цяпер яшчэ нельга ацаніць усе наступствы дэвальвацыі расійскага рубля і рэзкага зніжэння цэн на нафту, — пракаментаваў БелТА сітуацыю прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас перад нарадай у Прэзідэнта 9 сакавіка. — Будзем глядзець, як стануць развівацца падзеі. Расіяне выпусцілі заяву, што мінфін будзе прадаваць валюту. Гэта такое неардынарнае рашэнне. І першыя некалькі дзён гэтага тыдня пакажуць, як будзе развівацца сітуацыя з расійскім рублём. Адпаведна, і наш Нацыянальны банк зыходзячы з гэтага будзе выбудоўваць сваю стратэгію».

У любым выпадку Нацыянальны банк будзе прытрымлівацца рыначных тэндэнцый і не стане штучна стрымліваць беларускі рубель, заявіў Сяргей Румас.

Адказваючы на пытанне, ці будуць задзейнічаны нейкія рэзервы, кіраўнік урада сказаў: «Калі Нацыянальны банк будзе арыентавацца на рыначную кан'юнктуру попыту і прапановы, то гэта не будзе прыводзіць да лішняга расходавання золатавалютных рэзерваў.У гэтым заключаецца яго стратэгія».

Сяргей Румас таксама адказаў на пытанне, якія плюсы або мінусы для Беларусі нясе ў сабе зніжэнне цэн на нафту ў свеце. «Гэта сёння дадатковыя магчымасці дамовіцца з Расійскай Федэрацыяй. Паколькі сітуацыя, якая ёсць сёння, значна адрозніваецца ад сітуацыі ў снежні або студзені», — сказаў ён.

Прэм'ер-міністр пацвердзіў, што гэта роўным чынам уплывае і на перагаворы з альтэрнатыўнымі пастаўшчыкамі нафты.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.