Вы тут

Кошка, бабры і добрая мараль: зазірнулі на рэпетыцыю оперы для дзяцей «Коткін дом»


«Цілі-цілі, цілі-бом, загарэўся коткін дом!» Хто з нас не чытаў у дзяцінстве казку Самуіла Маршака? Яна, дарэчы, была экранізаваная ў Савецкім Саюзе ажно тройчы — аднайменныя мультфільмы «Саюзмультфільм» выпусціў у 1938-м, 1958-м і 1987 годзе (першыя два — маляваныя, трэці — лялечны). Павучальная гісторыя пра тое, што ў багацці ўсякі табе сябар, а ў бядзе дапаможа толькі той, хто сам бяду перажыў, натхняла і многіх кампазітараў — Іосіфа Коўнера, Мікіту Багаслоўскага, Максіма Дунаеўскага, а пецярбургскі шляхціч Павел Вальдгардт наогул зрабіў з яе оперу. Менавіта яна, опера для дзяцей «Коткін дом» у дзвюх дзеях, абяцае стаць адной з самых незвычайных і гучных прэм’ер Вялікага тэатра Беларусі, дзе ўпершыню за доўгі час робяць упор на дзіцячы рэпертуар.


Рэжысёр-пастаноўшчык Дар’я Пататурка не ўтойвае: праца над дзіцячай пастаноўкай у пэўным сэнсе вялікая авантура, бо дзеці — самыя няпростыя і бязлітасныя гледачы, каб зацікавіць і захапіць іх, дарослым трэба як след напружыцца. Каб зрабіць працэс успрымання оперы лягчэйшым, у Вялікім тэатры адмовіліся ад тэхнічна складаных музычных партый, тым больш, што і музыка Паўла Вальдгардта, якая ўключае фрагменты папулярных мелодый, схіляе да гэтага. Да спеваў дадалі дыялогі, танцы, пантаміму, маляваную анімацыю і крыху інтэрактыўных момантаў — адчуванне, нібыта кніжка Маршака ажыла ў фармаце 3D.

— Мы з мастачкай Кацяй Шымановіч вырашылі, што не будзем далёка адыходзіць ад дзяцей і скарыстаем на сцэне тое, што для іх звыкла і падабаецца. Зараз вельмі папулярная гісторыя з Лега, з разнастайнымі канструктарамі — таму нашы дэкарацыі, па сутнасці, вялікі канструктар. Падобным чынам з’явіліся і лялькі — гэта тое, з чым ва ўсе часы гуляюць дзеці, толькі ў большых, гіпербалізаваных маштабах. Таксама скарыстаем і мульцяшныя моманты.

Зрэшты, рэжысёр мяркуе, што пастаноўка будзе цікавай і для дарослых, якія разгледзяць у Пеўні і Курыцы, Котцы і Каце, Свінні, Казе і Казле знаёмыя рысы — свае і блізкіх.

Аўтар сцэнаграфіі і касцюмаў для «Коткінага дома» — Кацярына Шымановіч, чые яркія творчыя ідэі і наватарскі падыход ужо ацанілі калегі і гледачы ў спектаклях «Шляхціц Завальня», «Радзіва «Прудок», «Кароль Лір» у Купалаўскім, оперы «Сельскі гонар» у Вялікім... Цяпер, жартуе Кацярына, спраўдзілася мара вярнуцца ў дзяцінства і пагуляць як след — у кубікі, канструктар, лялькі. Гіганцкія лялькі, нібыта злепленыя з масцікі, у пастаноўцы, дарэчы, некалькіх відаў: планшэтныя, якія рухаюцца на перасоўных платформах па паверхні сцэны і могуць варушыць галавой ды канечнасцямі, і тросцевыя — з імі працуюць удзельнікі дзіцячай студыі тэатра, якія таксама занятыя ў спектаклі, з лёгкасцю ўхапілі патрэбны настрой і літаральна сварацца за права выйсці на сцэну.

Асобна варта сказаць пра касцюмы акцёраў — вялізныя, з выгляду грувасткія і пухнатыя, яны насамрэч лёгкія, яркія і вельмі ўмоўна падобныя на жывёльных персанажаў казкі. Вунь тыя зялёныя — гэта Каза і Казёл, белыя з фіялетавым — доблесная брыгада Баброў, якія спяшаюцца тушыць пажар, пакуль іншыя героі ладзяць на сцэне сапраўдны бедлам, а вунь у вялікім натоўпе мільгаюць наогул Вожыкі і Гусі. Некаторых маршакоўскіх персанажаў і іхнія рэплікі пастаноўшчыкі наўмысна прыбралі, некаторых, наадварот, дабавілі ў дзею — і ад гэтага глядзець спектакль толькі цікавей.

— У мяне будзе Кошка крыху гламурная, адаптаваная да сучаснасці, — дзеліцца пасля рэпетыцыі адна з выканальніц галоўнай ролі, сапрана Алена Золава. — Паколькі цяперашнія дзеці — прадстаўнікі новага пакалення, ім цікавыя іншыя рэчы, чым былі нам. Але па ходу спектаклю мая Кошка трансфармуецца; напачатку самаўпэўненая, нават напышлівая гераіня, якая ўключае ў блізкае кола толькі заможных гасцей, яна раптам страчвае ўсё і разумее, што самае важнае ў жыцці ўсё ж не багацце, а сям’я, блізкія людзі, гатовыя табе дапамагчы, прытуліць, пашкадаваць і пераадолець усе цяжкасці. Наогул, самае важнае, што абуджаюць дзіцячыя спектаклі — дабрыня, шчырасць, любоў, якія хочацца данесці да нашых гледачоў, каб яны сыходзілі з тэатра з адчуваннем, як важна быць добрым і гатовым прыйсці на дапамогу сябрам.

Што тут дадаць, пакуль не ўбачылі прэм’еру дзіцячай оперы? Хіба тое, што яна адбудзецца 14 і 15 сакавіка, і хоць партэр практычна ўвесь раскуплены, але квіткі коштам ад 4,5 рублёў на месцы ў бельэтажы і ложах яшчэ ёсць.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».