Першая ў Беларусі цэнтральная раённая клінічная бальніца і самая тэхналагічна ўкамплектаваная (каля 5000 адзінак абсталявання) установа ў Гродзенскай вобласці знаходзіцца ў Астраўцы.
Шматфункцыянальны высокаспецыялізаваны лячэбны цэнтр для медыцынскай дапамогі месцічам і жыхарам сумежных раёнаў Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей, разлічаны на 382 койкі, пачаў працаваць 31 студзеня.
Пакуль здадзена толькі першая чарга з трох карпусоў, дзе працуе 13 аддзяленняў, пяць з якіх міжраённыя. Неўралогія, кардыялогія, тэрапія, хірургія, аддзяленне педыятрыі і акушэрска-гінекалагічнае — у першым корпусе. Аддзяленне прамянёвай дыягностыкі, пералівання крыві і водагразелячэбніца — у другім. Рэанімацыя і рэабілітацыя, лабараторыя, аперацыйны блок, ангіяграфія — у чацвёртым.
— Тут адкрыты рэсурсныя цэнтры, якія аказваюць дапамогу пры вострым парушэнні мазгавога кровазвароту, вострым каранарным сіндроме, а таксама сур'ёзная дыягнастычная база, — расказаў галоўны ўрач бальніцы Уладзімір МАЖЭЙКА. — Установа валодае моцнай лячэбнай базай і высокім рэабілітацыйным патэнцыялам. Такім чынам мы можам аказаць комплекс паслуг: ад дыягностыкі да лячэння і рэабілітацыі людзям усіх узростаў. Мы арыентуемся на павышэнне якасці жыцця пацыентаў. Многія працэдуры разлічвалі ў тым ліку як санаторныя. Мы можам абследаваць і праводзіць рэабілітацыю работнікаў буйных прадпрыемстваў.
Бальніца вельмі запатрабавана, бо насельніцтва Астраўца расце, што называецца, па гадзінах, і мясцовыя, а таксама жыхары суседніх раёнаў маюць патрэбу ў дадатковых даследаваннях — у прыватнасці, у камп'ютарнай тамаграфіі і магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ). У вобласці толькі тры апараты МРТ: у гродзенскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, універсітэцкай клініцы ў Гродне і ў Астраўцы. Наяўнасць такога абсталявання зняла пытанне чакання медыцынскай дапамогі і павысіла якасць гэтай паслугі. А геаграфічнае размяшчэнне Астраўца дазваляе прапанаваць паслугі новай бальніцы і на экспарт, падкрэсліў галоўны ўрач.
Палаты тут разлічаны на двух чалавек і абсталяваны кнопкамі выкліку медсястры, а ў калідорах яшчэ пахне свежай драўнінай. Каб не заблытацца ў шматлікіх паваротах і пераходах, на сценах паказальнікі напрамку, што вельмі зручна.
Паколькі бальніца клінічная, гэта азначае супрацоўніцтва з медыцынскімі ўстановамі.
— Ужо дасягнутае пагадненне аб адкрыцці філіялаў чатырох кафедраў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, — дадаў Уладзімір Мажэйка. — Тут будуць дыстанцыйна і вочна вучыцца студэнты і спецыялісты са стажам з розных рэгіёнаў краіны. Так што на нашай базе найлепшым чынам спалучаюцца практыка і навука, існуе магчымасць укаранення сучасных распрацовак адразу ў практыку.
Пасля здачы яшчэ двух карпусоў летам бальніца атрымае статус міжраённай. Тут з'явяцца траўматалагічны цэнтр, перынатальны цэнтр другога ўзроўню і міжраённае інфекцыйнае аддзяленне. Будавалася бальніца па індывідуальным праекце і абышлася ў 127 мільёнаў рублёў.
Ірына СІДАРОК
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».