Вы тут

«Лiчу, што трыснёг — гэта золата Беларусi». Прайшоў чарговы фінал конкурсу «100 iдэй для Беларусi»


— Дзявяты сезон праекта чарговы раз пацвердзiў высокi навукова-даследчыцкi патэнцыял беларускай моладзi, яе ўменне генерыраваць прагрэсiўныя i запатрабаваныя жыццём iдэi. Высокi iнтэлект юнакоў i дзяўчат сёння робiцца асновай для далейшага росту ў самых розных сферах: ад бiятэхналогiй да робататэхнiкi. «100 iдэй для Беларусi» — пацвярджэнне таго, што ў нашай краiне таленавiтая i думаючая моладзь, — адзначыў падчас фiналу гэтага рэспублiканскага конкурсу намеснiк кiраўнiка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Андрэй КУНЦЭВIЧ.


А паглядзець сапраўды было на што...

Вялiкую ўвагу да сябе прыцягнуў адзiн з праектаў-пераможцаў, якi прадставiў студэнт другога курса Бабруйскага дзяржаўнага аграрна-эканамiчнага каледжа Павел ШАЎЦОЎ. Ён прэзентаваў трэнажор для дзяцей «Юны ратавальнiк». Галоўная яго мэта — у больш даступнай форме навучыць малечу правiлам пажарнай бяспекi.

Павел Шаўцоў (спарва).

— Ад iдэi да стварэння — год, адзiн экзэмпляр вырабляем за два-тры месяцы. Нам хацелася зрабiць менавiта фiзiчную рэч, бо так дзецi лягчэй засвойваюць карысны матэрыял. Тут ёсць круг, падзелены на шэсць лакацый, што перыядычна загараюцца. Ёсць i рычаг, пры дапамозе якога можна «патушыць» пажар. Прынцып такi: спачатку гучыць сiгнал, якi канстатуе: у доме агонь. Пасля трэнажор апавяшчае, што рабiць у такой сiтуацыi. А далей для дзяцей пачынаецца гульня: яны разважаюць, як найлепш паступiць, а iнструктар, што прысутнiчае побач, дапамагае iм i падсумоўвае атрыманую iнфармацыю. Такiм чынам юныя ўдзельнiкi добра запамiнаюць правiлы пажарнай бяспекi.

Адукацыйная гульня арыентавана на вучняў малодшых i сярэднiх класаў, а таксама на выхаванцаў дзiцячых садкоў. Павел расказаў, што праект ужо быў пратэсцiраваны ў Цэнтры дадатковай адукацыi дзяцей i моладзi Бабруйска, таксама на працягу года каманда распрацоўшчыкаў супрацоўнiчала з iнспектарамi сектара прапаганды Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях. «Мы ўжо заключылi дагавор з некаторымi ўстановамi адукацыi. Калi будзе попыт, гатовы задаволiць усе запыты заказчыкаў», — запэўнiвае хлопец.

Iдэя вучня дзясятага класа сталiчнай гiмназii № 38 Арсенiя ЖЫЛКI на першы погляд гучыць мудрагелiста: бiяпалiмерныя 3D-скафалды на аснове пекцiну i хiтазану для выкарыстання ў медыцыне, касметалогii i стаматалогii. Але паспрабуем разабрацца з гэтым з дапамогай самога аўтара.

Арсеній Жылка дэманструе сваю распрацоўку.

— Сучасныя тканiнныя пакрыццi для ран на аснове сiнтэтычных матэрыялаў эфектыўныя, аднак яны шкодзяць экалогii. Мы вырашылi стварыць альтэрнатыву, выкарыстоўваючы прыродны патэнцыял, — растлумачыў юнак. — Скафалд — гэта высакапорыстае тканiннае пакрыццё, пекцiн змяшчаецца ў яблыках, а крынiца хiтазану — грыбы або насякомыя. У саставе няма антыбiётыкаў, што робiць нашу распрацоўку цалкам бяспечнай. Калi ў чалавека ёсць паверхневая рана, ён можа прыкласцi да яе наш скафалд, i ў хуткiм часе адбудзецца загойванне, клеткi самастойна адновяцца. Для нас было важна, каб навiнка была бiяраскладальная. Адзiн вiд пакрыцця разбураецца праз пяць гадзiн, другi — праз дзесяць сутак. Такiм чынам, нiякай шкоды экалогii. Акрамя таго, прэзентаваныя скафалды танныя: прыкладны сабекошт за штуку — каля 20 капеек.

Без увагi прысутных не абышлася распрацоўка малодшага навуковага супрацоўнiка і аспiранткi Аб'яднанага iнстытута праблем iнфарматыкi Нацыянальнай акадэмii навук Ганны КАРПЕНКА. Дзяўчына прадставiла магчымую методыку для стварэння лекаў ад каранавiруса COVID-19.

Ганна Карпенка.

— Праект мае назву «Рацыянальны дызайн антыВIЧ-прэпаратаў», але ў сувязi з трывожнымi навiнамi пра распаўсюджанне каранавiруса мы не засталiся ўбаку ад гэтай сусветнай праблемы. У канцы лютага кiтайскiя спецыялiсты апублiкавалi рэнтгенаўскую мадэль клеткi-мiшэнi, i мы адразу прыступiлi да новых даследаванняў. Знайшлi злучэнне, якое можа патэнцыйна з'яўляцца лекавым прэпаратам ад каранавiруса. Зразумела, прайшло няшмат часу, але мяркуем, што распрацаваная намi методыка для ВIЧ зможа дапамагчы многiм i па гэтай праблеме. Цяпер мы ўзаемадзейнiчаем з кiтайскiмi навукоўцамi i працягваем працаваць у гэтым кiрунку, — падзялiлася Ганна.

Цiкавы праект прадставiў вучань дзясятага класа мiнскай сярэдняй школы № 111 Максiм СУВОРАЎ.

— Мы з маiм настаўнiкам Мiкалаем Юр'евiчам Курыловiчам два гады таму распрацавалi мабiльную прыладу з элементамi дапоўненай рэальнасцi «Мова цi кава? Мова цiкава!», куды ўваходзяць праграмы «ДНК» i «Арфаграфiчная вясёлка». Першая прызначана для вучняў старшых класаў, другая — для пачатковых i сярэднiх, — расказаў аўтар. — Для чаго яны патрэбны? Па-першае, каб палепшыць арфаграфiчную пiльнасць, што карысна для ўсiх, а таксама добра падрыхтавацца да цэнтралiзаванага тэсцiравання, што найбольш актуальна для дзясятых i адзiнаццатых класаў. Напрыклад, у «Арфаграфiчнай вясёлцы» ёсць як тэкставыя заданнi, так i аўдыяфайлы. Мы шмат часу думалi над яе афармленнем, каб дзецям было цiкава атрымлiваць веды праз праграму. Сем колераў вясёлкi — сем тэматычных блокаў у трэнажоры. Нават стварылi персанажаў: пiянер Васiль адказвае за спалучэнне галосных -iя, -ыя, Вясёлка — за правапiс -э, -ё, -ю, -я. Акрамя мабiльнага памочнiка па правапiсе ў хуткiм часе плануем пашырыць дыяпазон i стварыць такi ж па сiнтаксiсе i пунктуацыi. Ганарымся, што дапамагаем вучням замацоўваць веды па беларускай мове i развiваць цiкавасць да роднага слова, — падкрэслiў Максiм.

Максім Сувораў.

— Мая функцыя была ў тым, каб сiстэматызаваць матэрыял, — дадаў Мiкалай Курыловiч. — Не кожны пойдзе ў бiблiятэку i возьме, напрыклад, каля васьмi-дзевяцi кнiг для падрыхтоўкi да ЦТ, бо гэта цяжка несцi як мiнiмум. А наш дапаможнiк аблягчае працу ўсiм. Мы ўжо тэсцiравалi распрацоўку на вучнях розных класаў i можам сказаць, што гэта выдатна працуе. Праграма робiць выкладанне беларускай мовы сучасным i вучнi з задавальненнем iдуць на ўрокi. Што можа здзiвiць: такой прыладай захапляюцца як дзецi, так i дарослыя. Бо арфаграфiя, правiльнае напiсанне — гэта ж заўсёды важна. У любой сiтуацыi трэба памятаць пра родную мову.

Сферу харчавання закранула, прэзентуючы свой праект, студэнтка чацвёртага курса Баранавiцкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта Дар'я ПАЎЛОЎСКАЯ. Дзяўчына стварыла фуд-боксы, у якiх змяшчаюцца iнгрэдыенты для прыгатавання беларускiх нацыянальных страў.

Дар'я Паўлоўская.

— Iдэя ўзнiкла сёлета, падчас чарговай паездкi да сяброў у Турцыю. Яны вельмi хвалiлi прыгатаваныя мною дранiкi i прасiлi, каб я навучыла iх рабiць такiя ж. Калi вярнулася на радзiму, зразумела, што магу фармiраваць наборы з мiнiмальнай колькасцю прадуктаў для стварэння асабiстых «шэдэўраў». Так з'явiлiся боксы для кiсялю i дранiкаў. Мне было важна праз iх паказаць, што наша кухня адрознiваецца ад той жа рускай цi ўкраiнскай, што ў нас асаблiвыя стравы. Планую i далей эксперыментаваць, бо ежа — гэта таксама частка Беларусi, i нам ёсць чым ганарыцца.

Цiкавасць выклiкаў i праект Qesterland другакурснiц факультэта педагогiкi i псiхалогii БарДУ Дар'i ДАБРЫНЕЎСКАЙ i Вольгi ЦЯЛЬПУК. Ён уяўляе сабой гiстарычныя i разам з тым адукацыйныя квэсты для дзяцей, падлеткаў i моладзi. «Iх асноўная мэта — арганiзаваць вольны час маладых жыхароў сельскай мясцовасцi. Чым старэйшыя ўдзельнiкi, тым больш складаныя будуць заданнi. Цяпер распрацаваны два квэсты — напрыклад, першы прысвечаны дваранскаму роду Рэйтанаў i праходзiць у вёсцы Грушаўка Ляхавiцкага раёна. З дапамогай нашых вандровак можна добра адпачыць, а таксама даведацца пра значныя для краiны гiстарычныя падзеi. Прычым усё гэта будзе бясплатна», — падзялiлiся дзяўчаты.

Дар'я Дабрынеўская і Вольга Цяльпук.

Удзельнiцы праекта «Лялька.Бай» васьмiкласнiца Ксенiя ХАХОЛКА i дзесяцiкласнiца Аксана РУДАК з Глыбокага захоўваюць традыцыi Беларусi праз дзiцячыя лялькi, якiх яны пачалi ствараць усяго год таму. Тыя размаўляюць i спяваюць на роднай мове, а таксама расказваюць казкi i калыханкi. Гэта спрыяе развiццю ў дзяцей музычнага слыху i творчых здольнасцяў.

Удзельнiцы творчай групы «Лялька.Бай».

— Iдэя ў тым, каб прывiць iм любоў да роднай культуры, да нацыянальнага фальклору. Нашы лялькi размаўляюць пры дапамозе партатыўнай калонкi, якая знаходзiцца ўнутры i працуе праз «Блютуз». Напрыклад, мама гатуе на кухнi. Каб заняць у гэты час дзiця, яна можа знайсцi ў iнтэрнэце любы развiваючы матэрыял на беларускай мове i ўключыць малому. Сплюша i Весялiнка спяваюць, а дзед Баюн апавядае казкi. На стварэнне адной лялькi сыходзiць тыдзень. Каб зразумець, цi прымуць такiя забавы хлопчыкi i дзяўчынкi, мы прапаноўвалi iх у дзiцячым садзе, усiм яны вельмi спадабалiся, — растлумачыла кiраўнiк творчай групы Аксана ШПАКАВА.

Распрацоўшчыкi лiчаць, што iх лялькi могуць стаць нацыянальным брэндам. «У нас у горадзе штогод праходзiць мiжнародны «Вiшнёвы фестываль», на якiм госцi з больш чым 11 краiн хочуць набыць сабе падарунак, якi будзе нагадваць пра Беларусь. I якраз наш праект гэтаму дапамагае, лялькi карыстаюцца папулярнасцю».

Галоўнай фiшкай дзявятага сезона конкурсу «100 iдэй для Беларусi» стала экалагiчная тэматыка. Гэты кiрунак падхапiлi прадстаўнiкi школьнай бiзнес-кампанii з Зэльвы Каралiна БАГДАНОВIЧ i Наталля ГРОМ, аўтары праекта ZNOVA.

Караліна Багдановіч (злева) і Наталля Гром.

— Па назiраннях мясцовых жыхароў, на берагах водных аб'ектаў вельмi шмат трысняговых зараснiкаў, таму патрабуюцца ачысткi. Перад тым як гэтым заняцца, было ўзнята пытанне: цi ўплывае збор сухога трыснягу на экалогiю. Аказалася, што гэта абсалютна бясшкодна. Нарыхтоўваем сыравiну восенню на працягу года працуем з ёй, — расказала Наталля.

— Лiчу, што трыснёг — гэта золата Беларусi, i, што дзiўна, мала хто пра гэта ведае, — падхапiла Каралiна. — Напачатку мы распрацавалi методыку вырабу паперы з сабранай сыравiны, паспрабавалi самi ў дамашнiх умовах, i калi ўсё выйшла, паказалi вытворчы працэс дзецям на ўроках. Многiя зацiкавiлiся, у тым лiку i iх бацькi. Атрымлiваецца, што кожны можа асвоiць такую справу. Дарэчы, адходаў ад трыснягу амаль няма. Апрацоўка раслiны займае прыкладна паўтары гадзiны. За дзень можна зрабiць каля 50 аркушаў паперы. Калi браць звычайныя крафтавыя пакеты, то тлустыя прадукты ў iх змакаюць, у нашым выпадку — не. На сёння мы навучылiся вырабляць паперу рознай таўшчынi i колеру. Рэалiзуем паштоўкi, палотны для мастакоў, упакоўкi для падарункаў, падстаўкi пад напоi, пакеты, вялiкiя скрынкi i кубачкi.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Ганны ЗАНКАВIЧ

Загаловак у газеце: Вашы iдэi, дзяржавы – падтрымка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Спорт

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.

Памяць

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.