Трэцякурснiца Ваеннай акадэмii Яўгенiя Левiкiна рушыць стэрэатыпы. Дзяўчына ўжо праз паўтара года стане дыпламаваным спецыялiстам па кiраваннi авiяцыйнымi i радыёэлектроннымi сiстэмамi. Увесь час яна вучыцца на «выдатна», атрымала стыпендыю Прэзiдэнта i была ўганаравана мiжвузаўскiм тытулам «Мiс Вясна». А яшчэ займаецца навуковымi распрацоўкамi, спортам i пакiдае час для творчасцi... Як жа ўсё гэта ўдаецца рабiць, калi ў сутках толькi 24 гадзiны?
— Калi яшчэ вучылася ў школе, выпадкова ўбачыла фота сваёй знаёмай з Мiнскага абласнога кадэцкага вучылiшча. Здымак быў зроблены падчас балю. Мне спадабалася тое, як выглядалi ў форме хлопцы i дзяўчаты, — прыгадвае суразмоўнiца.
Сама Яўгенiя родам з Асiповiч. Вайсковая часць знаходзiцца каля дома. Калiсьцi там служыў бацька курсанткi, таму яшчэ з маленства ваенная тэма была не чужая. А пакрысе стала i сваёй. Але, як згадвае дзяўчына, спярша да яе выбару ў выглядзе авiяцыi некаторыя родныя i блiзкiя паставiлiся з насцярогай. I толькi пасля паспяховага паступлення меркаванне змянiлася.
Яўгенiя скончыла Мiнскае абласное кадэцкае вучылiшча з высокiм сярэднiм балам — 8,6. У атэстаце не было нiводнай адзнакi, нiжэйшай за «сем». Гэта дало права паступаць у Ваенную акадэмiю без здачы цэнтралiзаванага тэсцiравання. Але два выпрабаваннi ўсё ж такi засталiся: псiхалагiчны тэст i здача нарматываў па фiзiчнай падрыхтоўцы. Трэба было прабегчы на хуткасць сто метраў, кiламетр i пэўную колькасць разоў падняць тулава. Вось на гэтым i зрэзалася большасць прэтэндэнтак. У суразмоўнiцы ж асаблiвых праблем не ўзнiкла: Яўгенiя калiсьцi займалася многiмі вiдамі спорту — жаночым футболам, баскетболам, бегам... Але кажа, што нiдзе сябе не знайшла. Хоць на аматарскiм узроўнi займаецца i цяпер, каб падтрымлiваць форму.
— Мне засталося вучыцца крыху больш за год, — дзелiцца дзяўчына. — Пасля я стану iнжынерам-спецыялiстам па кiраваннi авiяцыйнымi i радыёэлектроннымi сiстэмамi. Гэта значыць, што мяне могуць накiраваць у эскадрыллю або тэхнiка-эксплуатацыйную часць: праводзiць рэгламентныя работы, абслугоўваць i рамантаваць абсталяванне. Яшчэ варыянт — працягнуць навучанне ў магiстратуры. У нас ужо была практыка ў 116-й гвардзейскай штурмавой авiяцыйнай базе ў Лiдзе. Там сфармiравана эскадрылля з самалётаў Як-130. Падчас заняткаў мы вывучалi наземнае абсталяванне, якое там эксплуатуецца. Вялiкая стажыроўка пачнецца ў канцы чацвёртага курса, i падчас яе мы будзем наведваць кожную авiяцыйную часць Беларусi.
У 2018 годзе Яўгенiя ўдзельнiчала ў мiжвузаўскiм конкурсе «Каралева Вясна». Тагачасная першакурснiца перамагла па меркаваннi iнтэрнэт-карыстальнiкаў.
— Папярэднi адборачны тур прайшоў у Ваеннай акадэмii. Я яго выйграла, i мне прапанавалi паўдзельнiчаць у гарадскiм этапе. Днямi хадзiла на трэнiроўкi, а вучобу «наганяла» ўвечары. Пасля страявога кроку прайсцi дэфiле вельмi складана. Зноў жа, трэба было навучыцца хадзiць на абцасах. Самыя высокiя з iх былi 14 сантыметраў. Яшчэ кожная канкурсантка мусiла выступiць з асабiстым нумарам. Разам з падтанцоўкай я выканала песню на ваенную тэматыку. Карыстальнiкi сецiва маглi ацанiць вiзiтоўку — невялiкi вiдэасюжэт, выкладзены ў iнтэрнэце. Там я выступала ў ролi пiлота, якi пралятаў над сваiм родным горадам i апавядаў пра ўласныя адчуваннi ад гэтага.
Яўгенiя з шасцi гадоў хадзiла ў музычную школу, дзе вучылася эстраднаму вакалу. Але прафесiйна iм нiколi не займалася. Разам з тым яна спявае паўсюль, дзе вучыцца, — у школе, вучылiшчы i Акадэмii. А яшчэ дзяўчына пiша музыку. Нядаўна тая гучала на конкурсе армейскай песнi «Зорка», дзе наша гераiня разам з iншым курсантам выканала песню.
Але як жа дзяўчыне ўдаецца ўсё паспяваць?
— Проста трэба ўсё планаваць загадзя. I не цурацца дапамогi, калi яна сапраўды неабходна. Напрыклад, я жыву ў iнтэрнаце ў адным пакоi разам з трыма аднакурснiцамi. I ўсе яны — выдатнiцы з безлiччу захапленняў, — кажа наша гераiня.
А неўзабаве ў Яўгенii пачынаюцца трэнiроўкi да парада на Дзень Перамогi.
— Гэта будзе ўжо мой трэцi парад. Калi я была на першым курсе, то ўпершыню была сфармiравана жаночая «каробка». 150 чалавек сабралi з усёй краiны. Было вельмi складана. Звычайна праходзяць дзве трэнiроўкi за дзень. Пачынаюцца яны прыблiзна за два месяцы i адбываюцца штодня, акрамя суботы i нядзелi. I вось што самае дзiўнае — на самiм парадзе хвалюешся не так, як на трэнiроўцы! — прызнаецца дзяўчына.
...Напрыканцы размовы заўважаем, што каля ложка стаiць фотаздымак у рамцы. Дзякуючы вучобе ў кадэцкiм вучылiшчы наша гераiня сустрэла сваё каханне. Яўген быў намеснiкам камандзiра яе ўзвода. Таксама паступаў у Ваенную акадэмiю, але не прайшоў па медыцынскiх паказчыках. Цяпер атрымлiвае эканамiчную адукацыю ў БДУ. I амаль кожны вечар стараецца прыязджаць да Яўгенii...
Валяр'ян ШКЛЕННIК
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.
Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы
Праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…
На прасторах яе вялікасці кнігі.