Вы тут

Лукашэнка: Няблага працуе сістэма аховы здароўя ў краіне, і урачы малайчыны


Па словах Аляксандра Лукашэнкі, яго, перш за ўсё, хвалюе кіруемасць сістэмы ў цэлым.


«Кіруемасць заўсёды паказвае сябе, з’яўляецца лакмусавай паперкай у нейкіх неардынарных выпадках, як зараз. Калі сістэма функцыянуе, калі яна на нешта здольная і тым больш кіруемая, то і вынікі ёсць. Няблага, канешне, працуе сістэма аховы здароўя ў краіне, і урачы малайчыны. Касякі ёсць, мы аб іх пагаворым. Горш за тое, што яны калі ёсць невялікія — чыста суб’ектыўнага характару. Значыць, у нашых сілах пазбягаць іх. Яны, груба кажучы, не смяротныя», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт не першы раз вяртаецца да пытання медыцынскага абсталявання і лекаў — перш за ўсё цэнаўтварэння і паставак. У свой час кошт імпартных прыбораў і медыкаментаў кіраўнік дзяржавы палічыў некалькі завышаным.

«Трэба было гэтыя цэны прыводзіць у пачуццё. І для гэтага трэба не проста даваць рынку на водкуп — „рынак адрэгулюе“... Канкурэнцыя — справа добрая, але ўсё ж такі мы мусім ведаць мінімальныя, максімальныя цэны па тым ці іншым абсталяванні, асабліва дарагім (а мы іх ведаем), а старацца працаваць ніжэй за гэтыя цэны», — нагадаў задачу кіраўнік дзяржавы.

Для панікі няма падстаў

Уладзімір Каранік апроч іншага расказаў Аляксандру Лукашэнку аб сітуацыі з каранавірусам у краіне.

«Я разумею, што нам удалося спакойна прайсці гэты перыяд. Заспакойвайцца, канешне, нельга, але і для панікі ў нас няма ніякіх падстаў. Ведаеце, людзі ж такія: калі ўлада штосьці гаворыць, значыць, нешта ёсць, давайце будзем рабіць на ўсялякі выпадак», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што на з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі папрасіў суайчыннікаў не бегаць па аптэках, набываючы непатрэбныя лекі, скупаць маскі. «Пабеглі, скупілі... Ну і што зараз? Зараз зразумелі, што перанапружыліся... Ну купілі і купілі. Добра. Мы жартам абмяркоўвалі: прамысловасць паднялі нашу ў гэтай частцы. Маскі зараз шыюць некалькі прадпрыемстваў, сотні тысяч штук у суткі. Хай купляюць, калі камусьці трэба. Але зараз усе зразумелі, што маску трэба напяльваць на сябе, калі ў цябе ёсць праблема, каб не разносіць гэтую заразу», — сказаў лідар краіны.

Ён падзяліўся адчуваннямі, што ў гэты час у Беларусі заўсёды назіраецца пад’ём вірусных захворванняў. Пры гэтым мы пакуль не адзначаем такой колькасці выпадкаў грыпу, як летась. Незразумелы новы вірус, вядома, выклікае насцярожанасць, але калі ахова здароўя працуе на чалавека, вылечыцца можна, лічыць Лукашэнка.

«А калі ў капіталістычных краінах усё на капейцы замешана, чалавек захварэў — баіцца звярнуцца да ўрача, таму што ў яго няма гэтых 500 долараў заплаціць толькі за зварот. А яшчэ лячыцца... Гэта тысячы долараў. І часам людзі не атрымліваюць медыцынскай дапамогі», — адзначыў лідар краіны.

Адначасова Прэзідэнт нагадаў аб неабходнасці асабістай гігіены.

«Людзі мусяць разумець, што ім хоць бы рукі — твар кожны дзень трэба мыць, прыводзіць сябе ў парадак. І калі ты ўжо адчуваеш, што ў цябе дзесьці нейкі вірус, ну пасядзі дома», — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік паведаміў журналістам, што калі ведамства пачало працаваць напрамую з вытворцам, цэны і магчымасць закупкі абсталявання змяніліся па некаторых пазіцыях больш чым у два разы.

Падчас размовы Прэзідэнт надзяліў увагу развіццю беларускай фармгаліны.

«Усе разумеюць, што эпідэміі прыходзяць і сыходзяць, а лекавая бяспека мусіць быць гарантавана. Зараз многія краіны, якія не маюць запасаў лекавых сродкаў, таму што працавалі толькі па заказах на знешнія рынкі, забараняюць вываз антыбіётыкаў. Мы яшчэ раз правялі рэвізію. Па яе выніках атрымалася, што ў нас дастатковая колькасць запасаў і антыбактэрыяльных сродкаў, і мы выпускаем дэзінфікуючых сродкаў больш, чым нам неабходна, і сродкі індывідуальнай засцярогі», — праінфармаваў міністр.

Уладзімір Каранік далажыў кіраўніку дзяржавы, што з шэрагам кампаній праведзены перагаворы і падпісаныя дагаворы аб лакалізацыі на нашых заводах інавацыйных прэпаратаў, якія знаходзяцца пад патэнтнай аховай.

Цікавіла Прэзідэнта і выкананне яго даручэння аб захаванні заработнай платы ўрачоў на ўзроўні, які быў да ўвядзення новага механізму налічвання.

«Гэта як база для далейшага павышэння. Наступным этапам мы будзем павышаць зарплату, каб да 2025 года забяспечыць двухразовы рост», — падкрэсліў міністр.

«Баючыся ўмяшанняў у асабістае жыццё, людзі ўтойваюць факт наведвання эпідэмічна неспрыяльных раёнаў»

Каментуючы сітуацыю з каранавірусам у краіне, Уладзімір Каранік падкрэсліў: сітуацыя па-ранейшаму ў нашай краіне кантралюемая. «Пацыенты, якія былі выяўленыя, знаходзяцца ў задавальняючым стане. У чатырох ужо ёсць адмоўныя тэсты, мы проста назіраем неабходны перыяд (па пратаколах гэта не менш за 14 дзён з моманту шпіталізацыі). Усе астатнія клінічныя сімптомы, нават у каго яны былі лёгкія, сышлі. Спадзяёмся, што ў найбліжэйшы час таксама атрымаем адмоўныя тэсты», — паведаміў журналістам кіраўнік ведамства.

Як адзначыў міністр, у сітуацыі з каранавірусам у медыкаў ёсць планы А, В, С і D. Пакуль сістэма знаходзіцца на плане А.

Паміж тым, сітуацыя з каранавірусам выявіла пэўныя праблемы, адзначыў міністр. У іх ліку несвядомасць асобных грамадзян і залішняя шуміха. Баючыся ўмяшанняў у асабістае жыццё, людзі ўтойваюць факт наведвання эпідэмічна неспрыяльных раёнаў і позна звяртаюцца па медыцынскую дапамогу.

Ён паведаміў, што пацыент, які быў шпіталізаваны ў панядзелак у Мінску з пнеўманіяй, у стане сярэдняй ступені цяжкасці, утаіў, што знаходзіўся нейкі час у паўночнай Італіі (ён прыляцеў з Мюнхена).

Міністр падкрэсліў, што цяпер усе пнеўманіі сярэдняй ступені цяжкасці і цяжкага цячэння абавязкова тыпуюцца на наяўнасць каранавіруса.

Уладзімір Каранік выказаў удзячнасць кітайскім калегам за схему лячэння, якая лічыцца найбольш эфектыўнай. Інструкцыя дасланая ва ўсе медустановы, падыходы ўкаранены. Пацыент пераведзены ў задавальняючы стан, дадаў міністр.

«Чым пазней чалавек звярнецца па медыцынскую дапамогу, тым дольш яму давядзецца лячыцца і тым вышэй шанец развіцця ўскладненняў», — перасцярог кіраўнік ведамства.

У яго выклікае збянтэжанасць абыякавае стаўленне некаторых беларусаў да ўласнага здароўя і, што яшчэ дзіўней, здароўя блізкіх — у тым ліку сталых бацькоў. На думку міністра, зразумець матывы людзей, якія вярнуліся з пэўнай краіны і кінуліся ў актыўныя сацыяльныя зносіны, складана.

«Ну, на працягу двух тыдняў можна ахавальны рэжым правесці? Абмежаваць да мінімуму кантакты, не наведваць грамадскія месцы, не хадзіць у госці... Па-першае, даць арганізму свайму акліматызавацца, па-другое, абараніць людзей, з якімі маеш зносіны», — абурыўся Уладзімір Каранік.

«Чым пазней краіна ўвойдзе ў эпідэміялагічны пад’ём, тым лепш»

Пры ўмове свядомага стаўлення беларусаў да здароўя ў краіне будзе выкарыстоўвацца алгарытм самаізаляцыі. Методыка будзе распрацаваная ў найбліжэйшы час. Па-ранейшаму захоўваюцца карантынныя мерапрыемствы на мяжы і тыпаванне тых, хто прыязджае з неспрыяльных краін. Пры станоўчым тэсце высвятляюцца ўсе кантакты пацыента. Рост колькасці хворых адбываецца за кошт кантактаў, якія ўжо былі ізаляваныя, растлумачыў Уладзімір Каранік. Гэта даказвае эфектыўнасць працы.

«Нагоды для панікі няма. Каранавірусная інфекцыя, як і любая іншая, развіваецца па сваіх эпідэміялагічных законах. У нас быў SARS — гэта таксама каранавірус, у нас быў MERS — таксама каранавірус. З цягам часу агрэсіўнасць віруса падае. У папуляцыі распаўсюджваюцца штамы, якія выклікаюць лёгкае недамаганне», — падкрэсліў міністр.

Нагадаў ён і пра яшчэ адно правіла, якое дзейнічае на нашу карысць: чым пазней краіна ўвойдзе ў эпідэміялагічны пад’ём, тым лепш.

Масавасць мерапрыемстваў будзе абмежаваная

Кіраўнік дзяржавы згадзіўся з неабходнасцю абмежаванняў на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў абмежаваць на час, пакуль супакоіцца эпідэміялагічнае становішча і стане зразумела, як развіваецца сітуацыя ў нашых суседзяў.

Уладзімір Каранік патлумачыў журналістам, што падыход да кожнай імпрэзы будзе індывідуальным. Напрыклад, мерапрыемства на свежым паветры можа сабраць і 600 чалавек — там мінімальная пагроза заражэння. У цесным пакоі не варта збіраць і сотні чалавек, асабліва на доўгі час.

«Што да школ, і ЮНІСЭФ, і СААЗ не рэкамендуюць (закрываць установы — „Зв.“), паколькі дзеці не адносяцца да групы рызыкі. Адзінае, калі дзіця хварэе, не трэба яго весці ў калектыў і „трэніраваць“ такім чынам імунітэт», — дадаў міністр.

Прадугледжаны даплаты медыкам

Новая сістэма аплаты працы прадугледжвае магчымасць аператыўнага ўвядзення надбавак для медыцынскіх работнікаў, якія зараз на «перадавой» барацьбы. Яны будуць істотна прастымуляваны матэрыяльна, адзначыў Уладзімір Каранік.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Адносіны Беларусі і Расіі — узор раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва

Адносіны Беларусі і Расіі — узор раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва

Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.

Грамадства

Чым багатыя беларускія нетры

Чым багатыя беларускія нетры

Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.

Памяць

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.