Гэтая сустрэча стала падзеяй для вялікай вёскі Павіцце, якая адна складае цэлы сельсавет. Упершыню ўдалося сабраць разам былых салдат тэрміновай службы, на долю якіх выпала Афганская вайна. Вялікае шчасце, што ўсе вярнуліся з далёкай краіны жывыя. На вялікі жаль, не ўсе дажылі да сённяшняга дня.
— З колішніх прызыўнікоў, ураджэнцаў Павіцця 22 хлопцы ў 80-х гадах былі накіраваныя са сваіх часцей у Афганістан, — расказвае старшыня сельскага Савета Раіса ДЗЯЦУК. — З іх зараз жыве 19 чалавек, 18 сабраліся на сустрэчу. Яшчэ была адна жанчына, якая ў якасці медсястры паехала ў зону ваенных дзеянняў добраахвотніцай. Мерапрыемства праходзіла спачатку ў Доме культуры, затым — у школе.
Раіса Сцяпанаўна расказала, што ідэя ўзнікла нават крыху неспадзявана, калі школа рыхтавала чарговае папаўненне музейнай экспазіцыі да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, і настаўнікі звярнуліся да кіраўніка мясцовай улады з просьбай аказаць дапамогу ў пошуку каардынат землякоў. Тады і падумалі, што не абавязкова мерапрыемства прывязваць менавіта да гэтай даты — можна правесці ў любы дзень, трэба толькі добра падрыхтаваць. Ідэю падтрымалі і паспрыялі добрай справе кіраўнік мясцовага сельгаспрадпрыемства «СельгасПовіць» Іван Ярома, дырэктар школы Аляксандр Радковіч, святар Віктар Войцік.
— І вось у прызначаны дзень прыехалі землякі-афганцы. Вядома, найперш зазірнулі ў сваю школу, бо ўсе з'яўляюцца яе выпускнікамі. «Нашы дзеці глядзелі на іх шырока адкрытымі вачыма, — кажа кіраўнік музея, школьны гісторык Алена ГУСЕВА. — Па-першае, удзельнікі вайны для іх трывала асацыююцца з зусім старэнькімі дзядулямі, якіх, дарэчы, у нас ужо не засталося. Але галоўнае, вучні па-іншаму адкрылі для сябе некаторых знаёмых людзей. Яны ведалі, напрыклад, дзядзьку Анатоля Канцэвіча, які працуе кіроўцам маршруткі. А тут прыходзіць Анатоль Мікалаевіч, на грудзях якога два ордэны і цэлы россып іншых узнагарод. І, як потым высветліцца, вось гэты, на першы погляд, сціплы чалавек удзельнічаў у 11 баявых аперацыях!
На сустрэчы за круглым сталом адбылася доўгая падрабязная размова пра перажытае, пра цяперашнія ўражанні і асэнсаванне мінулага. Цікава, што дзеці задавалі самыя розныя, часам зусім нават дарослыя пытанні пра баязлівасць і гераізм, пра адчуванні перад боем, пра адносіны мясцовага насельніцтва да чужых вайскоўцаў. Размова зайшла не толькі пра іх, герояў дня, але і пра цяперашніх школьнікаў. Госці даводзілі дзецям, якія важныя бываюць дружба і ўзаемавыручка ў любым калектыве. І калі ў экстрэмальных ваенных умовах дапамога таварыша часам ратуе жыццё, то ў школьным класе разуменне і падтрымка таксама патрэбныя. Адзін з былых воінаў загаварыў з вучнямі пра такую заганную з'яву, як цкаванне школьнага таварыша. Часам гэта ўзнікае на глебе адрозненняў па сямейным дастатку, па вучобе, нейкіх знешніх недахопах ці іншых праяўленнях. І дзеці не задумваюцца, што сваімі паводзінамі прыносяць душэўныя пакуты равесніку. Менавіта з такіх і падобных учынкаў вырастае сумна вядомая ў арміі дзедаўшчына.
— Мы ўжо потым у сваім педагагічным асяродку адзначалі, наколькі важная была тая размова з хлопчыкамі, патэнцыйнымі прызыўнікамі, — адзначыла Алена Гусева. — Адна справа, калі на гэтую тэму разважае класны кіраўнік-жанчына, і другая, калі гаворыць чалавек, які быў на вайне, на сапраўднай вайне, а не бачыў яе ў сучасных баевіках.
Уважліва слухалі вучні і медыцынскую сястру Аляксандру Фёдараву. Аляксандра Мікалаеўна цяпер працуе ў дзіцячай паліклініцы ў Брэсце, а ў Афганістане ратавала і даглядала параненых.
Школьны музей папоўніўся новымі матэрыяламі. Там і раней была экспазіцыя, прысвечаная выпускнікам, якія ваявалі ў Афганістане, а цяпер раздзелы сталі больш падрабязныя. Некаторыя з гасцей падарылі свае рэчы з часоў службы, іншыя абяцалі перадаць экспанаты ў найбліжэйшы час. Цікава, што адзін з гасцей Мікалай Базылюк прыйшоў на сустрэчу ў дзень нараджэння — Мікалаю Іванавічу споўнілася 55 гадоў. Яго, вядома, усе разам цёпла павіншавалі. Наогул, падчас мерапрыемства было шмат кранальных момантаў, асабліва калі фатаграфаваліся ў школе, у Доме культуры, каля галоўнага павіццеўскага манумента — помніка маці, якая смуткуе, альбо калі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, каго ўжо няма. У апошнім дапамаглі вайскоўцы з суседняй пагранічнай заставы.
Сталыя мужчыны, кожны з якіх мае сям'ю, работу, шчыра дзякавалі арганізатарам за тое, што іх сабралі, што ўспомнілі. Адзін з іх сказаў: «Цяпер нярэдка можна пачуць, як тую вайну называюць чужой, памылковай. Але ж мы ў нечых памылках ці праліках не былі вінаватыя, мы ішлі ў 18 гадоў і выконвалі свой абавязак. Таму вельмі важна, што нас шануюць на радзіме, у роднай вёсцы. Гэта яшчэ важней, чым, калі б, напрыклад, выклікалі некуды ў сталіцу альбо ўручылі яшчэ адну ўзнагароду».
У завяршэнне імпрэзы кожнаму падарылі памятны буклет, на якім пазначана дата першага злёту-сустрэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў аграгарадка Павіцце. Калі гэты першы, значыць, будуць і наступныя.
Святлана ЯСКЕВІЧ, Кобрынскі раён
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.